Як мы жылі ў 2009-м

Як мы жылі ў 2009-м

Калі ў краіне нараджаюцца дзеці, ствараюцца новыя сем’і — яна жыве, у яе есць будучае. 2009 год, сапраўды, парадаваў добрымі падзеямі. Так, амаль 15 гадоў, з 1995-га, колькасць народжаных у раёне дзетак ніколі не перавышала трохсот (у 1994 годзе нарадзілася іх 319 і затым назіралася тэндэнцыя да зніжэння). І вось летась сваім з’яўленнем на свет парадавалі 325 немаўлят: 155 хлопчыкаў і 170 дзяўчынак.
Асабліва добрая дэмаграфічная сітуацыя склалася ў горадзе. Тут нарадзілася 199 малышоў. Патрабавалася прайсці шлях даўжынёй у 20 гадоў, каб наблізіцца да ўзроўню 1989 года, калі ў горадзе было зарэгістравана 202 дзіцяці. У апошнія гады лічбы пастаянна зніжаліся. Радуе, што ўжо з 2007 года ў Жабінцы назіраецца натуральны прырост, г.з. нараджаецца больш, чым памірае.
У мінулым годзе натуральнае змяншэнне насельніцтва ў раёне склала 60 чалавек. Гэта найменшы паказчык за апошнія 16 гадоў, а мінусуем мы з 1990-га (-19). Самы вялікі мінус прыпадае на 2005 год — 218 чалавек. У асноўным, змяншэнне насельніцтва раёна адбываецца за кошт старэння і высокай смяротнасці сельскага. Горш усяго дэмаграфічная абстаноўка ў 2009 годзе склалася ў Азяцкім сельсавеце (нарадзілася 8, памерла 30), некалькі лепей астатніх выглядае Крыўлянскі сельсавет (натуральнае змяншэнне — 7 чалавек). Зусім мала зарэгістравана шлюбаў у Азяцкім і Якаўчыцкім сельвыканкамах (3), Хмелеўскім і Сцяпанкаўскім (4).
Неаднаразова раённая газета інфармавала пра своеасаблівы мінулагодні рэкорд, калі ў шасці жабінкаўскіх сем’ях з’явіліся двайняты. Такога гісторыя раёна не памятае. І гэта добры знак на будучае. Самымі папулярнымі імёнамі ў 2009 годзе сталі: Дар’я (19), Настасся (18), Ганна (13), Мікіта (11), Арцём (10), Іван і Ягор (9). Летась таты і мамы называлі сваіх дзетак рэдкімі імёнамі: Платон, Макар, Елісей, Усціння, Дамініка, Аляўціна. Самай юнай маме споўнілася 16. Самыя багатыя на дзетак сем’і Арышчук з в.Пруска, Бялецкіх з в.Старое Сяло, Дзянішчыч з в.Крыўляны і Прыступы з г.Жабінка, дзе нарадзіліся яны пятыя па ліку.
Некалькі менш ў параўнанні з 2008г. было зарэгістравана шлюбаў (адпаведна 183 і 188). Тры нявесты ўступілі ў шлюб да дасягнення паўналецця, зарэгістравана 11 шлюбаў з замежнымі грамадзянамі.
2010-ы год па прагнозах астролагаў павінен стаць спрыяльным для заключэння шлюбаў, і мы звязваем з годам Тыгра не проста павелічэнне колькасці маладых, а найперш стварэнне моцных сямейных саюзаў. Летась 40% пар у горадзе аддалі перавагу, каб замацаваць свае адносіны без пампезнасці, пышных убораў і аўтамабільных картэджаў. На жаль, па-ранейшаму вельмі вялікая колькасць шлюбаў, якія распаліся згодна з рашэннем суда (у 2009 годзе — 99).
12 чалавек выказалі жаданне памяняць свае прозвішчы з прычын, якія прызнаны ўважлівымі. У 39 выпадках бацькі добраахвотна прызналі бацькоўства ў адносінах сваіх непаўналетніх дзяцей.
Ад 2010 года наш аддзел чакае толькі светлых і радасных падзей ў сем’ях жабінкаўцаў, міжвольнымі ўдзельнікамі якіх мы становімся. Жадаю, каб сёлета кожны з нас стаў духоўна багацейшым і тады сем’і, якія ствараюцца, будуць сапраўды моцнымі, і дзеці толькі жаданымі, і ўсе мы будзем больш разумець, кахаць і берагчы адзін аднаго.
Г.АКСЮЦІК, начальнік аддзела ЗАГС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top