Прышчэпленыя дзеткі – здаравейшыя

Прышчэпленыя дзеткі – здаравейшыя

iПасля нараджэння дзеці вельмі далікатныя, а значыць маюць патрэбу ў абароне, асабліва калі гаворка ідзе пра інфекцыйныя хваробы, якія могуць прывесці да сур’ёзных наступстваў. І тут на першае месца выходзіць вакцынацыя, якая абараняе малых ад многіх хвароб, што цяжка працякаюць ці могуць выклікаць сур’ёзныя ўскладненні. Сярод іх – поліяміеліт, коклюш, сухоты, слупняк, дыфтэрыя, адзёр, краснуха, паратыт і іншыя. У апошні час выкарыстоўваюцца шматкампанентныя вакцыны, у якіх утрымліваюцца “прадстаўнікі” трох, чатырох ці нават пяці інфекцый. З аднаго боку, гэта пазбаўляе дзіця ад лішніх хваляванняў (робіцца ўсяго адзін укол), а з іншага – вынікі прышчэпкі малое пераносіць таксама толькі адзін раз.
На эфектыўнасць прышчэпак уплываюць многія фактары: тэрміны і інтэрвалы іх правядзення, якасць вакцын, стан здароўя  і харчаванне дзіцяці, рэакцыя яго нервовай сістэмы, магчымасць скрытай алергіі і г.д. Як пазбегнуць непажаданых пасляпрышчэпачных рэакцый? Прафілактыка вядзецца ў двух кірунках. Па-першае, удасканальваюцца самі вакцыны. Па-другое, загадзя высвятляецца, ці не ўваходзіць дзіця ў групу рызыкі. Для гэтага неабходна дасканала вывучыць усю гісторыю жыцця малога і прайсці мінімальнае комплекснае абследаванне. Калі ў дзіцяці ёсць атапічны дэрматыт, харчовая алергія ці якое-небудзь хранічнае захворванне, яго прышчапляюць паводле індывідуальнай схемы. Пад час узнікнення моцных рэакцый на прышчэпку наступную можна адкласці ці замяніць “аслабленай”. Калі ўрач палічыць патрэбным, ён прызначыць малому лекі, якія трэба прымаць да і пасля вакцынацыі, каб не ўзніклі непажаданыя рэакцыі.
Пра што неабходна паведаміць урачу перад прышчэпкай:
– Ці не павышалася тэмпература напярэдадні вакцынацыі? Ці не было кашлю, чхання, насмарку, якія могуць сведчыць пра пачатак захворвання?
– Ці маюцца якія-небудзь хранічныя захворванні і ці не атрымлівае ён у сувязі з гэтым лекавыя прэпараты, калі так, то якія?
– Ці не было раней сутаргаў, алергічных рэакцый на ежу, лекі і інш.?
– Неабходна расказаць, якое было самаадчуванне пасля папярэдніх прышчэпак: ці павышалася тэмпература, інш.
– Не рэкамендуецца рабіць прышчэпкі адразу пасля вяртання з працяглай паездкі, асабліва, калі рэзка мяняўся клімат, бо гэта стварае ўмовы для захворванняў.
– Не рэкамендуецца ўводзіць новы від харчавання да і пасля прышчэпкі (кашы, пюрэ і г.д.)
Калі пры аглядзе перад прышчэпкай урач не выявіў супрацьпаказанняў, яна праводзіцца.
Галоўнае, каб вакцынацыя ўсё ж адбылася, паколькі хворыя дзеці маюць патрэбу ў большай абароне, чым іх здаровыя аднагодкі. Варта памятаць пра тое, што ў нашых з вамі сілах максімальна абараніць малых ад хвароб, з якімі яны могуць сустрэцца ў будучым.
Святлана ДЗЕРУЖКОВА, раённы педыятр.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro