І золата, і соль паэзіі

І золата, і соль паэзіі

2016-Год-культуры-Логотип-баннер2016 год аб’яўлены ў Беларусі Годам культуры. Паўсюль у краіне праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя папулярызацыі нашай духоўнай спадчыны. Не застаюцца ўбаку настаўнікі і навучэнцы Маціевіцкай БШ. Вучні з задавальненнем прымаюць удзел у школьных літаратурных конкурсах, віктарынах, ладзяць кніжныя выставы, наведваюць музеі, з радасцю прымаюць гасцей.
У красавіку школьнікі і педагогі сустракаліся з паэтам, пісьменнікам, эсэістам і перакладчыкам Алесем Каско, які цікава расказваў пра гісторыю напісання першага верша, пра свой шлях у літаратуру. Патлумачыў паэт, чаму любіць сустракацца з моладдзю: кожны раз разлічвае на адкрыццё здольных да літаратурнай творчасці хлопцаў і дзяўчат і наогул хоча ўпэўніцца, што новае пакаленне не абмяжоўвае сябе аднымі дакладнымі навукамі, у той ці іншай ступені цягнецца да культуры і мастацтва, не падмяняе друкаваную кнігу электроннымі яе варыянтамі, шануе духоўна-маральныя каштоўнасці народа.
Вучні атрымалі адказы на свае пытанні і даведаліся, чаму варта ведаць шмат моў, ці можна пісаць вершы без натхнення, ці лёгка перакладаць Шэкспіра… Алесь Канстанцінавіч чытаў вершы, пераклады з рускай, англійскай, македонскай моваў, урыўкі з уласных казак і тых, што запісаў у роднай вёсцы.
На завяршэнне аўтар пажадаў вучням і настаўнікам плёну ў вучобе і працы, натхнення і бесперапыннага творчага пошуку:
Яшчэ над першым словам біцца:
і потам грунт яго крапіць,
і корань вынатужваць, быццам
пад ім прамаці ўсіх крыніц –
радкоў глыбокіх, свежых, важкіх,
што ад чакання знемаглі,
каб выплыніць табе на аркуш
і золата, і соль зямлі…
Гэтая сустрэча не пакінула нікога абыякавым, дазволіла дзецям глыбей акунуцца ў жыццё творчага  чалавека, у няспынную раку пад назвай Паэзія.
Наталля НАВАЧУК, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Маціевіцкай БШ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*