Чым заманіць Музу?

Чым заманіць Музу?

IMG_0109“Я – паэт. Гэтым і цікавы. Аб гэтым і пішу”, – пачаў сваю аўтабіяграфію “Я сам” Уладзімір Маякоўскі. Сапраўды, прыемна сустракацца, весці гутарку з паэтам, асабліва калі ён творца неардынарны.
26 сакавіка ў раённай бібліятэцы выступаў вядомы бард, паэт і празаік з Брэста Алесь Паплаўскі. Ён аўтар зборнікаў паэзіі “Спынены лістапад”, “Незваротнасць” і “Скрыжалі душы”, прозы – “Тэрыторыя скразнякоў”. За аповесць “Пастка для рэха” ў 2009 годзе А. Паплаўскі быў уганараваны абласной Калеснікавай прэміяй.
Вечарына называлася “Музу я прыманьваю адзінотай і хітрай паляшуцкай усмешкай”. Словы ўзяты з выказвання самога Алеся, бо трохі ў яго творчасці трагічнай адзіноты, а дзе-нідзе і ўсмешлівае ўспрыняцце таго, што акаляе паэта. Так ён жыве, так піша, так прыманьвае паненку Музу, якая верна служыць яму ўжо не адно дзесяцігоддзе.
Чалавек з гітарай. Мне не аднойчы даводзілася бываць на вечарах, дзе выступаў Паплаўскі. Ён стаяў перад чытачамі, абапіраючыся на гітару, расказваў пра сваю творчасць, адказваў на пытанні слухачоў і час ад часу выконваў песні-рамансы. Так было і на гэты раз.
– Для мяне музыка нават болей, чым літаратура, – прызнаваўся бард. – Калі б я атрымаў адпаведную адукацыю, дык, мусіць, быў бы музыкантам, а так усё здабыў самавукам.
Захапленне музыкай у Алеся ад бацькі. Той няблага валодаў гармонікам ды баянам, яго запрашалі нават іграць на вяселлях. Ад вёскі Мазуры, дзе прайшло дзяцінства паэта, да Кобрына трыццаць кіламетраў, і ніхто не стаў вазіць хлопчыка ў райцэнтр у музычную школу. Бацька, наколькі мог, навучыў сына пілікаць на гармоніку і баяне. А як той падрос, навучыўся іграць і на моднай сярод моладзі гітары. Алесь пісаў вершы да сваёй музыкі, так што ў хуткім часе быў прызнаны бардам.
У Брэсце была створана студыя “Вежа”. У яе, апроч Паплаўскага, увайшлі Сяргей Храмаў, Вінцэсь Вашэка, Ніяна Загарэўская і Вольга Сідарук. Алеся ахвотна запрашалі на фестывалі бардаўскай песні, адкуль ён часта вяртаўся з дыпломамі.
Прыход да беларускага слова. Алесь Паплаўскі, як і многія равеснікі, заканчваў рускамоўную школу, таму й першыя вершы-песні, як сам гаворыць, “нараджаліся на расійскай мове”. Аднак, пасталеўшы, бард зразумеў, што ён зможа нечага дабіцца, калі будзе звяртацца да роднага слова і сваёй культуры. На рускай мове створаны геніяльныя рэчы, і яму ніколі не дасягнуць той вяршыні.
Вершы, напісаныя ў 1990-ыя гады, склалі першую паэтычную кніжку А. Паплаўскага “Спынены лістапад”, выдадзеную ў серыі “Берасцейскае вогнішча”. Яна засведчыла, што ў беларускую літаратуру прыйшоў паэт са сваім поглядам на жыццё і важкім словам.
Пазней Алесь пачне пісаць празаічныя творы, бо будзе лічыць, што каханне і паэзія – гэта для маладых. Але вершы, як тыя дзеці, час ад часу просяцца на волю, і ён іх выпускае. Словам, піша і прозу, і паэзію. Нараджаюцца таксама песні пад гітару.
Паэту не хапае ні часу, ні грошай. Бо Алесь Паплаўскі вельмі любіць падарожнічаць, і не толькі па родным краі, але й у далёкія землі. Знаёмства з чужымі краінамі дае пажытак для паэзіі і прозы. Апошнія паездкі былі ў італьянскую Венецыю і Ізраіль.
У Венецыі захаваўся даўні абрад карміць галубоў на плошчы святога Марка. Там нават лаўкі меліся, каб вандроўнікі маглі купіць корм для птушак. Пабываць у знакамітым горадзе паэтаў і карнавалаў і не пакарміць галубоў – значыць, адступіць ад векавой традыцыі. Пасля паездкі нарадзіўся верш “На плошчы святога Марка ў Венецыі”.
У Ізраілі наведаў Іерусалім, Назарэт і іншыя святыя мясціны, дзе ступала нага Ісуса Хрыста. Гэта стала сапраўдным святам для душаў паломнікаў. Там нарадзіўся верш аб падарожжы ў святыя землі. Увогуле, творчасць барда-паэта вызначаецца філасафічнасцю, дзе скразной лініяй праходзіць думка аб сэнсе жыцця.
А нядаўна Алесь Паплаўскі закончыў аповесць “Гульня з нулявымі сумамі”. Твор складаецца з дзвюх частак, а падзеі адбываюцца ў Ізраілі і Беларусі. Аўтар спадзяецца, што хутка аповесць прыйдзе да чытача.
З удзячнасцю на развітанне. Амаль дзве гадзіны доўжылася вечарына ў раённай бібліятэцы: гучалі музыка і вершы. Слухачы былі ўдзячныя госцю, які пазнаёміў іх са сваёй творчасцю. А мы дзякуем паэту Алесю Каско, настаўніцы-пенсіянерцы Раісе Маргевіч, іншым слухачам, хто ацэньваў творы Паплаўскага, задаваў пытанні, што вечарына ператварылася ў дыялог паэта з чытачамі.
На працягу ўсяго мерапрыемства адзначалася самабытнасць сюжэтаў і вобразаў у творчасці Паплаўскага, якога ўсё цікавіць у жыцці. Аўтар знайшоў своеасаблівасць формы падачы, рытміка ягоных вершаў як бы рубленая. Паплаўскі – арыгінальны паэт. І тым нам цікавы!
Дырэктар Жабінкаўскай ЦБС Ірына Ганчар паднесла госцю дарунак на памяць аб сустрэчы ў раённай бібліятэцы, а кожны вынес з вечарыны цяпло і дабрыню ад знаёмства з цікавым суразмоўцам.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымках:  кніжная выстава.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro