“…І яркі ордэн на грудзях”, альбо Ад Трафімука да Трафімука

“…І яркі ордэн на грудзях”, альбо Ад Трафімука да Трафімука

У свой час найвышэйшую ўзнагароду СССР – ордэн Леніна атрымалі каля чатырохсот тысяч чалавек, сярод ягоных кавалераў былі і жабінкаўцы. Колькі гадоў таму мы ўжо пералічвалі некаторыя імёны. З тае пары сталі вядомы новыя, акрамя таго пасля публікацыі спісу ардэнаносцаў чытачы не аднойчы прасілі змясціць хоць кароткія біяграфічныя звесткі пра кавалераў ордэна Леніна, звязаных з жабінкаўскай зямлёй.orden_lenina_kopia
ТРАФІМУК Андрэй Аляксеевіч (1911-1999), нараджэнец вёскі Федзькавічы. Доктар геолага-мінералагічных навук, акадэмік, Герой Сацыялістычнай працы, кавалер шасці ордэнаў Леніна (першы атрымаў у 1944 годзе за адкрыццё новых радовішчаў нафты, надзвычай патрэбных пад час вайны), шматлікіх іншых ордэнаў і медалёў. Сярод беларусаў часцей (па сем разоў!) найвышэйшую ўзнагароду Савецкага Саюза мелі толькі Андрэй Андрэевіч Грамыка і Пётр Міронавіч Машэраў.
ПЯТРОЎ Васіль Аляксеевіч (нарадзіўся ў 1906 годзе ў г. Масква, Расія). У гады Вялікай Айчыннай вайны – камісар 8-ай партызанскай брыгады, што дзейнічала на Брэстчыне. У 1944 годзе – першы сакратар Жабінкаўскага райкама Камуністычнай партыі Беларусі. Кавалер ордэнаў Леніна і Айчыннай вайны ІІ ступені.
КАЛІШУК Аўдоцця Антонаўна (нарадзілася ў 1895 годзе ў в. Сцяброва), свінарка калгаса “Жабінкаўскі” (в. Жабінка). Вышэйшую ўзнагароду СССР атрымала ў пачатку 1950-ых гадоў.
МІКАЛАЕЎ Сяргей Уладзіміравіч (нарадзіўся ў 1906 годзе ў г. Нарва, Расія). Начальнік Жабінкаўскай дыстанцыі пуці ў 1944-1957 гадах, насіў званне “Ганаровы чыгуначнік”. У 1959 годзе за датэрміновае аднаўленне магістралі Брэст – Масква ўганараваны ордэнам Леніна.
КАЛАДЗІНСКАЯ Настасся Паўлаўна (нарадзілася ў 1936 годзе ў в. Чыжэўшчына). Даярка племсаўгаса “Рагазнянскі” (пас. Ленінскі). У 1965 годзе стала найлепшай даяркай Жабінкаўскага раёна, атрымала ордэн Леніна.
ВАЛАСЮК Фёдар Канстанцінавіч (1921-2000), нараджэнец вёскі Багуславічы (цяпер Залуззе). Старшыня калгаса імя ХХІІ з’езда КПСС у в. Пескі, што на Кобрыншчыне. У 1966 годзе “за дасягнутыя поспехі ў вобласці жывёлагадоўлі” стаў Героем Сацыялістычнай працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
ГАТОЎСКІ Іван Кліменцьевіч (1901-1969). Нарадзіўся ў в. Трасцяніца Гродзенскай вобласці. Быў дырэктарам рыбгаса “Сакалова”, старшынёй пазаштатнай камісіі Жабінкаўскага райкама кампартыі. Уганароўваўся ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі (двойчы), Айчыннай вайны ІІ ступені, а ў 1967 годзе і вышэйшай узнагародай Савецкай краіны.
УЛЬЯНІЦКАЯ Ніна Варфаламееўна (нарадзілася ў 1931 годзе ў в. Падлессе). Свінарка калгаса “Запаветы Ільіча” (в. Падлессе). У 1969 годзе ўганараваная сярэбраным медалём ВДНГ СССР у Маскве і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, затым – “Знакам Пашаны”, а ў 1971 годзе і ордэнам Леніна.
КУЗНЕЦ Павел Рыгоравіч (нарадзіўся ў 1936 годзе ў в. Курпічы). Механізатар саўгаса “Жабінкаўскі” (г. Жабінка), атрымаў званне “Выдатнік сельскай гаспадаркі БССР”, удзельнічаў у ВДНГ СССР у Маскве. За высокія вытворчыя паказчыкі, працавітасць і майстэрства стаў у 1971 годзе кавалерам ордэна Леніна.
ГУМЯНКА Пётр Кірылавіч (нарадзіўся ў 1929 годзе ў в. Старое Сяло). Механізатар калгаса “Беларусь” (в. Азяты). У 1972 годзе ягоная праца адзначана ўзнагародай вышэйшай пробы – ордэнам Леніна.
ПРАСМЫЦКІ Мікалай Аляксандравіч (нарадзіўся ў 1932 годзе ў в. Буйнічы Магілёўскай вобласці). У 1964-1975 гадах – дырэктар саўгаса “Рагазнянскі” імя 50-годдзя СССР (пас. Ленінскі), старшыня Жабінкаўскага райвыканкама ў 1975-1977 гадах. Кавалер ордэнаў Леніна (з 1973 года), Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны”.
МАГІРКА Фёдар Раманавіч (нарадзіўся ў 1932 годзе ў в. Стрыганец-ІІ, цяпер Стрыганецкія Бусні). Камбайнер племсаўгаса “Беларусь” (в. Пятровічы). У 1971 годзе атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ў 1974-ым – ордэн Леніна.
УШКАР Яўгенія Іванаўна (нарадзілася ў 1928 годзе ў в. Дзяглі). Легендарная жанчына-камбайнер з племсаўгаса “Беларусь” (в. Пятровічы). Кавалер ордэнаў “Знак Пашаны”, Леніна (у 1974 годзе), Кастрычніцкай Рэвалюцыі, у 1975-ым заваявала бронзавы медаль на ВДНГ СССР у Маскве.
СЯРГЕЕВА Соф’я Іванаўна (нарадзілася ў 1935 годзе ў в. Рагозна). Перадавая даярка племсаўгаса “Рагазнянскі” (пас. Ленінскі), першай у раёне асвоіла механізаванае даенне кароў. У 1960 годзе ўзнагароджана ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, а ў 1976-ым – за перавыкананне плана 9-ай пяцігодкі ордэнам Леніна.
АХРЫМУК Мікалай Феадосьевіч (нарадзіўся ў 1930 годзе ў в. Пруск). Механізатар калгаса “Прамень” (в. Вялікія Якаўчыцы). У гады 8-й пяцігодкі атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а па выніках 9-ай пяцігодкі на грудзях зазіхацеў і ордэн Леніна (1971 год).
ГЕРАСЕВІЧ Вольга Сяльвестраўна (нарадзілася ў 1932 годзе ў в. Стрыганец). Даярка племсаўгаса “Беларусь” (в. Пятровічы), якая ў 1971 годзе ў ліку першых у раёне заваявала званне “Майстар жывёлагадоўлі І класа” і была адзначана ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, а па выніках працы ў 9-ай пяцігодцы – ордэнам Леніна.
ЧЭЧАЛЕЎ Пётр Іванавіч (нарадзіўся ў 1938 годзе на ст. Хаабад, Узбекістан). Аператар дыфузіі Жабінкаўскага цукровага завода. У 1973 годзе стаў пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва як лепшы аператар у галіне. Па выніках 9-ай пяцігодкі ў 1974 годзе атрымаў ордэн Леніна.
ГРЫЦУК Іван Міхайлавіч (нарадзіўся ў 1932 годзе ў в. Маціевічы). З 1980 па 1994 год – міністр сувязі і інфарматыкі Беларусі, акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі. Узнагароджваўся ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, мае званні “Ганаровы радыст” і “Майстар сувязі”.
АНДРУХОВІЧ Васіль Васільевіч (1940-1989), нараджэнец в. Азяты. Трактарыст-машыніст райсельгасхіміі, затым райсельгастэхнікі. Кавалер ордэнаў Леніна (з 1986 года), “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1985 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Саюза ССР.
Так атрымалася, што апошнім нараджэнцам Жабінкаўшчыны, на грудзях якога ў 1986 годзе заззяла вышэйшая ўзнагарода Савецкага Саюза, зноў быў акадэмік Андрэй Трафімук.
Анатоль РОСТАЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro