Бяртольдзі і Каралеўскія Азяты

У красавіку 1891 года ўдавец Альбін Дзяконскі ажаніўся з маладой удавой Ядвігай Бяртольдзі, што паходзіла са знакамітага роду Ажэшкаў. Ад першага шлюбу тая мела малых сыноў Артура-Сергіюша і Ежы. Хоць паміж мужам і жонкай мелася розніца ў 21 год, гэта была вельмі шчаслівая пара. Разам з дзецьмі Ядвіга пасялілася ў Пятровічах, вельмі хутка нарадзіла яшчэ чацвёра дзяцей.
Каб забяспечыць дзяцей ад першага шлюбу, у лютым 1912-га пані Ядвіга купіла ў Сцяпана Казіміравіча Выганоўскага маёнтак Каралеўскія Азяты, які складаўся з 475 дзесяцін. Пасля смерці другога мужа азяцкая гаспадыня жыла ў Варшаве, а маёнтак у 1924 годзе перадала ў карыстанне старэйшаму сыну.0111
Калі сям’я пераехала ў Азяты, пану Артуру было 39 гадоў. Ён меў жонку Соф’ю Зялінскую (1896–1967), дачку памешчыка з-пад Кобрына. Гэта была пара, якая цалкам адпавядала прымаўцы “супрацьлегласці прыцягваюцца”. Нават знешне яны былі вельмі непадобныя. Адна з іх тагачасных знаёмых успамінала: “Наколькі Артурэк быў бландзін, што аж сівы, настолькі Зося была чарнявай”. Спакойны і разважлівы пан Бяртольдзі мірыўся з эмацыянальнай і тэмпераментнай жонкай. Яна вельмі любіла гуляць у карты, нярэдка ездзіла ў варшаўскія казіно. У гэтай сям’і было двое дзяцей: дачка Эльжбета і сын Артур-Альбін, якія знешнасцю пайшлі ў бацьку.
Пан Бяртольдзі быў вельмі добрым гаспадаром. Праз тры гады ён выплаціў усе пазыкі, што віселі на маёнтку. Раз у тыдзень прыязджаў у вёску, сачыў за парадкам, да сялян ставіўся вельмі добра. Старыя здымкі захавалі выгляд сядзібы ў Каралеўскіх Азятах. Акуратныя дагледжаныя палі, роўныя дарогі, прыгожыя клумбы перад домам, адкормленыя гусі паважна ідуць па двары. Адзін здымак прадстаўляе кампанію ў аўтамабілі-кабрыялеце перад ганкам дома. З-за белай калоны цікаўна выглядае маладая служанка ў белай хустцы і пярэдніку. Аўто было адным з першых у акрузе. За рулём часцей за ўсё сядзела гаспадыня, якую хатнія называлі проста Зуляй.
Іпатэчная кніга захавала апісанне маёнткавых межаў у пачатку 1920-х гадоў. Сама сядзіба з урочышчамі Загорскае і Падбрычча суседнічала з землямі Малых Азят і царкоўнымі ўладаннямі. Каралеўскім Азятам таксама належалі надзелы ва ўрочышчах Асоўскае і Казацкая Гара.
У верасні 1939 года пачалася Другая сусветная вайна, немцы дайшлі да Кобрына, а потым вярнуліся на пазіцыю пад Брэстам. У дні, калі тэрыторыя Жабінкаўшчыны была занята вермахтам, адбылося некалькі трагічных падзей. У крывавай сутычцы ад нямецкай кулі загінуў родны брат пані Соф’і Тадэвуш Зялінскі, гаспадар маёнтка Губерня (зараз тэрыторыя парка ў Кобрыне). Немцы загадалі гаспадару выйсці з дому і расстралялі яго. У кнізе ўспамінаў яго сына, вядомага польскага хірурга Станіслава Зялінскага, чытаем: “Праз некалькі дзён, каля 18 верасня, мы атрымалі вестку пра тое, што пад час бою з немцамі перад самым нашым домам быў забіты быцька, а будынак спалены. Ад гэтага часу маю пачуццё: немцы – гэта ворагі”.
Пераляканая жонка Зялінскага разам з маленькімі дзецьмі кінулася ў Азяты, да сваіх родзічаў Бяртольдзі. Абедзве сям’і вырашылі рухацца ў бок Варшавы, дзе яны мелі сваякоў і кватэру. Немцы завіталі і ў сядзібу Бяртольдзі. Іх паводзіны былі дастаткова прыстойнымі, аднак пакідаць дом з пустымі рукамі яны не збіраліся. Да гэтага часу здзіўляе, які выбар зрабілі рабаўнікі, што адабралі толькі патэфон і пародзістага сабаку, а астатнія рэчы пакінулі разгубленым гаспадарам.
Са скарбам, дзецьмі і слугамі Бяртольдзі і Зялінскія на некалькіх вазах рушылі на захад. Сярод наспех сабраных клункаў знаходзіўся і стос фотаздымкаў, якія ёсць каштоўная крыніца гісторыі шляхецкай культуры Жабінкаўшчыны.
Дарога выдалася вельмі небяспечнай: ішлі ваенныя дзеянні. На думку Станіслава Зялінскага, дабрацца да Варшавы ўдалося толькі дзякуючы яго цётцы, Соф’і Бяртольдзі. Яна мела смелы характар, добра размаўляла па-нямецку, выглядала сапраўднай паняй, таму салдаты ахвотна тлумачылі ёй дарогу.
Калі немцы ў 1941 го-дзе захапілі Беларусь, сям’я Бяртольдзі вярнулася ў родныя мясціны. Пасяліцца ў сядзібе, дзе знаходзіліся акупанты, яны не маглі. Жылі ў Брэсце, перабіваліся выпадковымі заробкамі. Пасля вайны пераехалі ў Вроцлаў, трымалі рэстаранчык. Артур-Сергіюш пражыў 78 гадоў, памёр у 1963-ім і быў пахаваны побач з бацькамі – Аляксандрам Бяртольдзі і Ядвігай Дзяконскай – на галоўных варшаўскіх могілках у Павонзках. Зараз у Польшчы жывуць нашчадкі Артура Бяртольдзі: у Гданьску – ягоная ўнучка Ілона Бяртольдзі-Маеўская (нарадзілася ў 1947 годзе), якая да выхаду на пенсію працавала кіраўніком адміністрацыі ліцэя, і яе 63-гадовы брат Артур-Міхал.
Старэйшая дачка пана Артура Эльжбета выйшла замуж за студэнта Эдварда Мілера. Муж яе стаў адвакатам, паходзіў з Бяла-Падляскі, дзе й пражылі яны ўсё сваё жыццё. Часта да іх у госці прыязджаў Эльжбецін брат Артур-Альбін з сям’ёй. За агульным сталом нярэдка згадвалі свой прыгожы дом у Азятах. Зараз пані Эльжбета жыве ў сваёй дачкі. Яна найстарэйшая прадстаўніца сям’і, захавальніца родавых традыцый, мае ад нараджэння 92 гады.
Пасля Артура Бяртольдзі засталося чатыры ўнучкі і ўнук, у якіх таксама ёсць ужо дзеці ды ўнукі. Усё жыццё захоўваюць яны ўспаміны дзеда і бацькі пра сваю спадчыну. Сям’я Бяртольдзі трымаецца шматлікіх традыцый, што паходзяць з панскага дома ў Каралеўскіх Азятах. Як і там, штогод некалькі дзён вараць яны клубнічнае варэнне. Больш за сто гадоў у сям’і прынята трымаць пароду сабак, якую любіла яшчэ прашчурка Зуля Бяртольдзі. І вядома, беражліва захоўваюць альбом са старымі фотаздымкамі, на якіх адлюстраваны свет, што загінуў у агні войнаў ды сацыяльных узрушэнняў.
Вольга ПАПКО, кандыдат гістарычных навук, дырэктар музея “Замкавы комплекс “Мір”.
На здымку: Артур Бяртольдзі-малодшы на кані перад палацам у Каралеўскіх Азятах (будынак згарэў у час вайны).

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*