Сотрудничество увеличивает творческие возможности

Сотрудничество увеличивает творческие возможности

Апошнім часам дэлегацыі розных узроўняў часта наведваюць Ленінскую адзінаццацігодку. На гэты раз да нас завіталі загадчыкі раённых аддзелаў адукацыі — удзельнікі абласнога семінара “Работа педкалектыву ў стварэнні сістэмы ўзаемадзеяння з сям’ёй і аб’ектамі соцыума”.
Дарэчы, падрыхтоўка і супрацоўніцтва захапілі ўвесь педагагічны калектыў разам з дырэктарам школы А.В.Давідзюк. Было зроблена ўсё так, каб госці з першых хвілін зразумелі, што існуе гарманічная сістэма супрацоўніцтва школы з сельскім Домам культуры, бібліятэкай, музычнай школай, СВК “Рагазнянскі”, ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”, з дзіцячым садком і сацыяльным прытулкам, што гэтая справа надзейная, рэальная і эфектыўная.
Дырэктар А.В.Давідзюк расказала пра матэрыяльную дапамогу школе, пра цудоўную традыцыю, калі кожны год на лінейцы, прысвечанай заканчэнню навучальнага года, адміністрацыі СВК “Рагазнянскі”, торфабрыкетнага завода “Гатча-Осаўскі” ўручаюць стыпендыі хлопчыкам і дзяўчынкам, якія вызначыліся ў вучобе і паводзінах.
Кіраўнікі гурткоў мастацкай творчасці і выяўленчага мастацтва Т.Залешчык і В.Завяржэнец, нібы сапраўдныя чараўніцы, тварылі ў фае першага паверха загадкавую краіну з дрэўцамі і кветкамі з бісеру, з лірычнымі краявідамі, старанна вышытымі крыжыкам. У сваіх выступленнях настаўніцы падкрэслілі,што такі высокі ўзровень работ быў бы не магчымы без дапамогі мамуляў, бабуляў, якія праяўляюць зацікаўленасць да работы гурткоў, своечасова забяспечваюць дзяцей патрэбнымі матэрыяламі, падтрымліваюць парадамі.
Спартыўная зала — гэта цэнтр здаровага ладу жыцця навучальнай установы. “Дзякуючы супрацоўніцтву з домам культуры, — падкрэсліў настаўнік фізкультуры К.К.Адзінец — дзеці маюць магчымасць займацца спортам у дзвух спартыўных залах, а сустрэчы ў валейболе паміж вучнямі, моладдзю пасёлка і настаўнікамі заўсёды выклікаюць павышаную зацікаўленасць гледачоў”.
Творчым супрацоўніцтвам вучняў і настаўнікаў з’яўляецца таксама навукова-пошукавая работа, выніковасць якой  Н.С.Філіманюк і  Н.М.Ясінская прадэманстравалі на стэндзе экспазіцыі дыпломаў, грамат і вучнёўскіх работ пры дапамозе вучняў Таццяны Філіманюк і Аляксея Лася. Тут дыплом першай ступені Данілюк Кацярыны на першай гарадской навукова-практычнай канферэнцыі маладых вучоных і навучэнцаў у Брэсцкім дзяржаўным педагагічным універсітэце, дыплом другой ступені рэспубліканскага ўзроўню Вікі Пракошынай, узнагарода Яўгена Фісенкіна, пераможцы першага Рэспубліканскага конкурсу з гісторыі духоўнай культуры Беларусі, дыплом  трэцяй ступені за найлепшую навуковую работу па нямецкай мове на абласной навукова-практычнай канферэнцыі Таццяны Філіманюк і шмат другіх.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.В.Шалягейка прапанавала на суд гледачоў відэазапіс праекта пачатковага звяна “Мы — разам”, рэалізацыя якога дазволіла стварыць сістэму работы ўзаемадзеяння школы і бацькоў,калі апошнія з’яўляюцца не толькі наведвальнікамі бацькоўскіх сходаў і слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі вучнёўскага жыцця, ініцыятарамі і арганізатарамі правядзення многіх мерапрыемстваў.
Цэнтрам патрыятычнага выхавання з’яўляецца куточак, дзе месціцца бюст выпускніка школы Валерыя Мігеля, які геройскі загінуў у Афганістане. Работа лектарскай групы “Патрыёт”, што шмат гадоў займаецца пошукавымі справамі пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі В.В.Камовіч заслугоўвае добрай адзнакі. З вялікай пашанай госці выслухалі выступленне вучаніцы 10-га класа Буцько Марыі аб нашым слаўным земляку, які пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам “Чырвонай Зоркі” за гераізм і вернасць свайму воінскаму абавязку. Імя Валерыя Мігеля носіць піянерская дружына школы, і хочацца верыць, што ўсе яе добрыя справы будуць лепшай памяццю пра яго.
Цесны саюз школы і садка — гэта добрая магчымасць адаптаваць дзяцей да вучобы, падрыхтаваць іх да рэжыму вучняў, зняць стрэс, калі дзеці першы раз сядуць за парты. І гэта цудоўна разумеюць выхавальнікі разам са сваім кіраўніком В.М.Станчук.
Дружнай сямейкай, нібы птушаняткі, гэта пацвердзілі сваім выступленнем выхаванцы Р.А.Флейсман, музычнага кіраўніка мясцовага дзіцячага садзіка.
У імправізаваны этнаграфічны міні-музей запрасіла прысутных прыгожай калыханкай вучаніца 8-га класа Насця Суцько разам з  Л.Поўх, кіраўніком праекта “Музейная педагогіка”. Урокі для вучняў 2-3 класаў, бялюткія ручнікі з чырвонымі геаметрычнымі ўзорамі, залацістыя кветкі з саломкі на палатняным фоне, старанна выкананыя наведвальнікамі школы народнай дзіцячай творчасці, цікавыя сустрэчы з народнымі ўмельцамі — усё гэта вынік супрацоўніцтва школы і дома культуры, якое ажыццяўляецца пры сістэматычнай і мэтанакіраванай дапамозе дырэктара дома культуры В.В.Хмарук. Нязменнымі памочніцамі ў справе выхавання дзяцей на народных традыцыях з’яўляюцца Эмілія Іванаўна Смалюк, Кацярына Васільеўна Швайка, Марыя Пятроўна Юхімук і Ларыса Канстанцінаўна Янкоўская, нашы народныя ўмельцы, якія заўсёды знаходзяць час і з жаданнем сустракаюцца з дзецьмі, наладжваюць выставы сваіх работ.
Народны ансамбль народных інструментаў “Музычны вянок” пад кіраўніцтвам М.А. Пракошынай з мясцовай музычнай школы прыдаў сустрэчы святочную атмасферу. Дарэчы, музыканты — пастаянныя ўдзельнікі школьных вечарын, сустрэч, прэзентацый, а часта і ініцыятары іх правядзення. Так, з ініцыятывы Марыны Анатольеўны Пракошынай адбылася сустрэча ўдзельнікаў абласной арганізацыі “Скарб”, народных умельцаў пасёлка Ленінскі, вучняў і настаўнікаў Ленінскай школы, мастацкіх калектываў клуба.
Прыкладам сумеснай работы можна назваць таксама прэзентацыю кнігі Анатоля Бензерука “Свята для сэрца”, арганізатарамі якой былі загадчыцы вясковай і школьнай бібліятэк М.П.Лучыц і Л.М.Страшынская.
Вось так супрацоўнічае школа з рознымі арганізацыямі, якія працуюць у аграгарадку Ленінскі, мэта ў іх адна — зрабіць усё, каб кожнае дзіця ў пасёлку не засталося без увагі, каб кожны хлопчык ці дзяўчынка мелі шырокія магчымасці для развіцця сваіх здольнасцяў.
Л.УЛАДЗІМІРОВІЧ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top