Из дневниковых записей Василия Сахарчука

Из дневниковых записей Василия Сахарчука

Кнігалюбы ці кнігагубы? Розныя ёсць аматары самага дзіўнага дзіва з усіх дзіваў свету — кнігі. Назіраў у кнігарні такое: старшыні пярвічных арганізацый Таварыства аматараў кнігі прыехалі па дэфіцытную літаратуру. А яна, ясна, прадаецца з “давескамі”. Прытым на давесак даюцца, як гэта ні сумна, кнігі на беларускай мове. Вось і выбіраюць літаратуру кнігалюбы, гледзячы на яе цану.
Адзін мой знаёмы, намеснік старшыні калгаса М.Ф., так і сказаў: “Мне ўсё адно. Абы цана адпавядала вызначанай. Па-беларуску я не чытаю”. А сам беларус. Паводле пашпарта.
Самае цікавае, што для нябожчыка Ул.Караткевіча, чый нядаўна выйшаў “Чорны замак Альшанскі” на рускай мове, таксама “давесак” прадугледжаны… Вось такія пірагі. Па-мойму, лепш няхай нашы кнігі стаяць на паліцах кнігарань, цярпліва чакаючы свайго чытача, чым у кніжных шафах такіх вось кнігалюбаў. Таму і піша П.Панчанка: “Мы пішам, а нас не чытаюць…” За ім і маладзейшыя ўздыхаюць. Л.Галубовіч: “Так мала чытачоў, і тыя ўсе паэты…” Аднак жа Ніл Гілевіч глядзіць на гэта больш аптымістычна:
Пакуль паэты будуць пець —
Не быць радзіме безыменнай,
Зямлі бацькоў не анямець!
А маладзейшыя зноў сумна. А.Каско — пра Купалу: “Вершы твае сумуюць у залатых тамах…” Складаны, трывожны, няўрочны час. Спачатку трэба малако і мяса, потым астатняе. Няўжо? І ўсё-такі кніжны бум і пагоня за дэфіцытнымі кнігамі напал губляюць. Час ставіць на месца кнігалюбаў, застаюцца сапраўдныя аматары кнігі.
***
Што такое статыстыка? Халоднае адлюстраванне фактаў. Аб’ектыўнае абагульненне іх. Тады трохі статыстыкі: на аматараў паэзіі (маюцца на ўвазе сапраўдныя, якія пастаянна сочаць за яе станам і развіццём) прыпадае ні мала ні многа два працэнты чытачоў. Сумна. Не веру статыстыцы. У яе нават А.Вазнясенскі не кладзецца з яго дэкларацыяй:
Штаты богаты компьютерами.
Россия богата читателями.
А попыт на беларускую кнігу, на беларускую паэзію асабліва, — у шырокага чытача, свайго чытача, слабы. Наша літаратура пайшла ў свет, знайшла сусветнага чытача, а да свайго даходзіць з такой цяжкасцю. Таму што слаба прапагандуецца. І ў гэтым вельмі вінаваты кнігалюбы, сэнсам таварыстваў якіх з’яўляецца прапаганда кнігі. Мала робяць у гэтым накірунку бібліятэкі. Дый не толькі яны, але і настаўнікі, моладзь, якая лічыць сябе прыхільнікам беларускага краснага пісьменства. Мала любіць самому, трэба адкрыць вочы на беларускую літаратуру іншым. Хаця б аднаму чалавеку. Суседу нарэшце.
20 сакавіка 1985 г.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 8%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top