“Запалілі” пазітывам і бадзёрасцю

“Запалілі” пазітывам і бадзёрасцю

Мінулы тыдзень быў адметны тым, што з 11 па 15 красавіка на тэрыторыі Берасцейшчыны праходзіў абласны аўтапрабег “Моладзь за бяспеку і спорт”.IMG_0478
Арганізавалі акцыю Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС, Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі аблвыканкама, Брэсцкая абласная арганізацыйная структура БФСТ “Дынама”.
Ключавымі пунктамі на маршруце аўтапрабегу сталі 10 дапаможных і санаторных школ-інтэрнатаў вобласці, выхаванцамі якіх з’яўляюцца каля тысячы дзяцей. Прыемна, што Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат была першым месцам прыпынку ўдзельнікаў акцыі, так званай “кропкай адліку”, і тым самым дала старт аўтапрабегу.
Начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь Канстанцін Шаршуновіч павіншаваў усіх прысутных з пачаткам акцыі, адзначыў, што папярэджанне і ліквідацыя розных надзвычайных сітуацый – агульная задача выратавальнікаў і насельніцтва вобласці, і выказаў упэўненасць, што дзякуючы аўтапрабегу па спецыяльных навучальных установах, зносінам супрацоўнікаў МНС з педагогамі і навучэнцамі будзе назірацца зніжэнне колькасці надзвычайных сітуацый на Брэстчыне.
Намеснік начальніка цэнтра прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю пры Брэсцкім абласным УМНС Юрый Каляда, які вёў мерапрыемства, падкрэсліў, што моладзевая тэматыка аўтапрабегу абумоўлена яшчэ і хуткім днём нараджэння Беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, якой сёлета спаўняецца 15 гадоў.
Затым слова ўзяў Дзмітрый Чэбушаў, намеснік старшыні савета БААС БФСТ “Дынама”. Ён адзначыў, што іх арганізацый-ная структура прадстаўляе спартыўную частку аўтапрабегу, нагадаў дзяўчынкам і хлопчыкам, што 2016-ы – год алімпійскі. 42 спартсмены з Брэстчыны рыхтуюцца да ХХХІ Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра.
Частку афіцыйную прадоўжыла займальна-спартыўная. Конкурсы і віктарыны па асновах бяспекі жыццядзейнасці і здаровым ладзе жыцця правялі з навучэнцамі спецыяльны карэспандэнт часопісаў “Юны выратавальнік” і “Служба выратавання” Таццяна Янкова і старшы інспектар-метадыст ЦФіСП БФСТ “Дынама” Алег Садко.
Пад час зносінаў з дзецьмі ўдзельнікі аўтапрабегу растлумачылі і на практыцы паказалі перавагі здаровага ладу жыцця, данеслі галоўныя і жыццёва неабходныя правілы пажарнай бяспекі, распавялі, як пазбегнуць надзвычайных сітуацый у школе і дома, як паводзіць сябе, калі сталі відавочцамі пажару ці іншага здарэння.
У той дзень Жабінкаўская спецыяльная школа-інтэрнат атрымала нямала падарункаў. Музычны – ад удзельніка прабегу, які ўзначальваў калону на матацыкле-байку, саліста аркестра Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандра Крываносава. Энцыклапедыю “Алімпійскія імёны” і ручны экспандар у калекцыю трэнажораў установы – ад начальніка цэнтра фізічнай і спецыяльнай падрыхтоўкі маёра Сяргея Каткаўца, кнігі “Формула бяспекі” – ад супрацоўнікаў МНС.IMG_05066
У аўтапрабегу прымалі ўдзел рэтра-аўтамабіль – пажарная аўтацыстэрна АЦ-20 1962 года выпуску, адноўленая сіламі івацэвіцкіх выратавальнікаў, агітацыйны аўтамабіль Брэсцкага абласнога УМНС і пажарная аўтацыстэрна Жабінкаўскага РАНС, на фоне якіх мог сфатаграфавацца любы жадаючы. Выхаванцы школы-інтэрната ўзбагаціліся бадзёрасцю і пазітывам і ад зносінаў з удзельнікамі акцыі, і ад магчымасці пабываць унутры пажарных машын, павыпускаць ваду з пажарнага ствала, уключыць сірэну. Усмешкі замілавання і чаргу на фатаграфаванне выклікаў ва ўсіх прысутных і сабака Выратавальнік Віні, на рахунку якога нямала выратаваных чалавечых жыццяў.
Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі аўтапрабегу разам з навучэнцамі школы-інтэрната пасадзілі на тэрыторыі навучальнай установы тры маладзенькія яблынькі і ўстанавілі памятную таблічку “Дрэвы сяброўства”. Саджанцы выдзеліла фермерская гаспадарка “Улас” і тым самым не засталася ўбаку ад акцыі за бяспеку і спорт.
…Удзельнікі аўтапрабегу рушылі далей – у Кобрынскую дзіцячую вёску і Пярковіцкую санаторную школу-інтэрнат, у наступныя дні наведалі Быценскі дзіцячы дом, Малецкую, Моўчадскую і Высокаўскую санаторныя школы-інтэрнаты і іншыя спецыяльныя навучальныя ўстановы. У кожнай з іх яны пакінулі часцінку душэўнай цеплыні, мора пазітыву і падарункі.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымках: аўтапрабег “Моладзь за бяспеку і спорт” стартаваў 11 красавіка ў Жабінкаўскай спецыяльнай школе-інтэрнаце.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro