Тры сотні пад цукар

Тры сотні пад цукар

_DSC1811– Такой пасяўной у маёй практыцы яшчэ не было, – расказвае галоўны аграном СВК “Маціевічы” Адам Харламповіч, вырульваючы “Ніву” на гразкім полі. – Летась літаральна за два тыдні адсеяліся, а сёлета то адзін трактар у гразь “сядзе”, то другі выцягваем. Поле пачынаем засяваць, ды ўсё часткамі, дзе сушэй – пераўвільготненая глеба не ўсюды тэхніку “прапускае”. Вось так і сеем. Калі да фінішу дабярэмся, невядома.
А яравы клін, паводле слоў агранома, немаленькі: 890 гектараў у “Маціевічах” адведзены пад зерневыя і зернебабовыя, 860 зойме кукуруза, яшчэ 300 – цукровыя буракі. Зараз у гаспадарцы сеюць пшаніцу і буракі.
Пад пасевы апошніх плошча павялічылася ў “Маціевічах” у параўнанні з мінулым годам на 50 гектараў. Як-ніяк, побач – цукровы завод, і яго неабходна забяспечваць сыравінай. На землях сельгаспрадпрыемства атрымліваюць неблагія ўраджаі салодкіх каранёў, і нават летась, калі сонца выпаліла пасевы, на асобным участку накапалі іх больш за 500 цэнтнераў з гектара. Агранамічная служба і механізатары ўсё робяць паводле тэхналогіі.
– Цукровыя буракі любяць расці пасля зерневых, – тлумачыць Адам Ануфрыевіч. – Таму сур’ёзна аднесліся да падбору папя-рэднікаў. З восені ўнеслі мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, а вясною неабходна спецыяльная падрыхтоўка гэтых плошчаў – пракультывавалі і выраўнялі глебу, уносім KASS.
Гэтай работай у гаспадарцы займаюцца Андрэй і Аля-ксандр Ярмашукі, Аляксандр Ятчанка, Мікалай Навумук.
На падрхтаваную глебу ўжо трэці дзень выводзяць сеялкі “Плантар-2” і СМН-2 Васіль Яцэнка і Аляксей Пятроў. Іх задача – роўненька раскладваць у глебу насенне цукровых буракоў на адлегласці 16-17 сантыметраў адзін ад аднаго і сачыць, каб глыбіня высеву іх была 2,5 сантыметра. Норма высеву – 130 тысяч штук на гектар. Васіль у гэтай справе навічок, а Аляксей мае пэўны вопыт.
– Нічога, навучыцца, – падбадзёрвае Васіля аграном. – Маладыя, кемлівыя, за тэхнікай сочаць, да парад прыслухоўваюцца. Сеюць на самых сухіх плошчах._DSC1800
На палях “Маціевічаў” будуць вырошчваць цукровыя буракі дзвюх вядомых фірм – “KWS” і “MARIBO”. Першая прапанавала два гібрыды – “азіза”, “бравісіма”, другая – ажно 6: “мандарын”, “ангус”, “молі”, “вентура”, “шкіпер” і “навела”.
У гэтыя вясновыя дні ў гаспадарцы хвалююцца не толькі пра будучы ўраджай, але і пра людзей, якія сваёй карпатлівай працай дабіваюцца пастаўленых мэт. Так, механізатары, занятыя на веснавых палявых работах, забяспечаны гарачым харчаваннем. Раздатчыца Вера Піліпцэвіч дастаўляе абеды з кафэ цукровага завода прама ў поле. Працаўнікі хуценька абедаюць і спяшаюцца ў кабіны “жалезных коней” – рыхтуюць глебу, культывуюць, сеюць. Вясновы дзень год корміць.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: сеяльшчык Аляксей Пятроў; гарачыя абеды – прама ў поле.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top