1 декабря — Всемирный день борьбы со СПИДом

1 декабря — Всемирный день борьбы со СПИДом

Напярэдадні 1 снежня для спецыялістаў рэсурсных цэнтраў, прадстаўнікоў аддзелаў ідэалагічнай работы, журналістаў у Брэсце праводзіўся трэнінг па стварэнні і распаўсюджванні інфармацыйных матэрыялаў па ВІЧ/СНІДу.
Лічбы і лёсы
Сёння на Брэстчыне жыве 843 чалавекі, у якіх выявілі ВІЧ-інфекцыю. Прычына, што найчасцей прыводзіць да бяды, — увядзенне наркотыкаў шпрыцамі (537 выпадкаў). Геаграфія: усе адміністрацыйныя адзінкі, аднак 76,5% прыпадае на буйныя гарады Брэст, Пінск, Баранавічы і Лунінецкі раён. Больш чым палова хворых — юнакі і дзяўчаты ад 15 да 29 гадоў. Усяго ў Брэсцкай вобласці нарадзілася 81 дзіця ад маці з ВІЧ, аднак дыягназ “ВІЧ-інфекцыя” пастаўлены толькі 9 немаўляткам. На 1 лістапада 2010 года памерлі 154 чалавекі, з іх 125 ужывалі наркотыкі. Лячэнне анцірэтравіруснымі прэпаратамі атрымоўвае 151 чалавек.
За кожнай лічбай, падкрэслівалі арганізатары трэнінгу, чалавечыя лёсы. Многія, хто апынуўся ў абдымках зла-бяды, жадаюць жыць сярод грамадства, не адчуваючы злосці і насмешак. І наша задача не проста пачуць іх, але і данесці да астатніх праўду аб невылечнай хваробе.
Каб інфармацыяй не параніцца
Зараз у Беларусі распрацоўваецца адзіная інфармацыйная стратэгія па ВІЧ/СНІДу. Менавіта яе спрацоўшчыкі Сяргей Кручынін, Марыя Маліноўская, Андрэй Эзерын праводзілі трэнінг. Яны прапануюць стандарты якасці інфармацыйных матэрыялаў, што з’яўляюцца ў СМІ.
Фота- і відэаматэрыялы, развагі або цытаты чалавека, які жыве з ВІЧ, — толькі з яго згоды. Заўсёды памятаць, што ВІЧ-статус чалавека — канфідэнцыяльная інфармацыя.
У статыстычных дадзеных і інфармацыях медыцынскага зместу абавязкова спасылка на афіцыйную крыніцу.
ВІЧ-інфекцыю трэба разглядаць як захворванне, што патрабуе зменаў ладу жыцця.
Інфармацыйныя матэрыялы, што маюць вялікі наклад, павінны разглядацца папярэдне ў мэтавай аўтыторыі. Нельга ўжываць тэрміны, абрэвіятуры, незразумелыя мэтавай групе. А таксама публікаваць ілюстрацыі, якія паказваюць тэхналогію прыгатавання і ўжывання наркотыкаў.
Недапушчальна разглядаць ВІЧ-статус чалавека як вынік яго рэлігійных перакананняў, сексуальнай арыентацыі, сацыяльных, этнічных характарыстык. Абавязкова патрэбна пазбягаць некарэктнай тэрміналогіі. А яшчэ — выкарыстоўваць у матэрыялах сімвалы смерці.
А што ў Жабінцы і наваколлях?
— Сёння на Жабінкаўшчыне зарэгістравана 7 чалавек, хворых на ВІЧ, трое з іх жывуць у горадзе, — патлумачыла ўрач-інфекцыяніст Г.В.Максіменка. — Яны наглядаюцца ў раённай бальніцы ў кабінеце інфекцыйных захворванняў. Кожныя паўгода здаюць аналізы, якія накіроўваюцца ў Брэст, дзе вызначаецца ўзровень клетак SD4, якія адказваюць за імунны статус арганізма.
Зараз ва ўсіх выпадках, што зарэгістраваны ў Жабінкаўскім раёне, назіраецца высокі ўзровень гэтых клетак. Таму ў хворых няма патрэбы для антырэтравіруснай тэрапіі. Згадаем, што гэтая тэрапія знішчае вірус ВІЧ.
Пра мерапрыемствы, што праводзяцца на Жабінкаўшчыне да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам расказваў урач-валіёлаг І.А.Слонскі.
Ужо праходзілі шматлікія сустрэчы-гутаркі са школьнікамі, прынамсі, з вучнямі Якаўчыкай, першай і трэцяй гарадскіх школ. Адбываюцца мерапрыемствы ва ўсіх без выключэння падраздзялення ЦРБ. Працуюць школы здароўя, бацькоў, маладых людзей, што толькі ўступілі ў шлюб, татаў і мам, дародавай псіхапрафілактыкі. Можна паглядзець відэафільмы гэтай тэмы, якіх шмат. Дзейнічае “гарачая лінія” для жыхароў раёна. Адбыўся сумесны “круглы стол” спецыялістаў РайЦГіЭ, райана, РАУС, куды запрашаліся карэспандэнты газеты, што асвятляюць гэтую хвалюючую людзей тэму.
А.БЕНЗЯРУК.


Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top