Аргумент сілы – нож

Аргумент сілы – нож

Untitled-12Сямейныя бойкі, у якіх нярэдка пры п’яных разборках аргументам сілы становіцца нож, апошнім часам займаюць немалую нішу судовых спраў. Прычым, бяруцца за нож не толькі мужчыны. Вось першы прыклад з Хмелева.
У той дзень Святлана Р. выпівала з сужыцелем Андрэем. Як кончылася гарэлка, паслала яго ў магазін, але Андрэй вярнуўся ні з чым. Жанчына выказалася ў яго адрас нецэнзурнай лаянкай. Тады сужыцель нанёс ёй удар кулаком.
Пасля гэтага канфлікт нібыта быў вычарпаны. Святлана прынялася рэзаць сала. Неўзабаве жанчына пачула шорах за спіною. Азірнуўшыся, убачыла Андрэя. Баючыся, што той пачне яе біць, папярэдзіла, каб не падыходзіў. Калі сужыцель зрабіў яшчэ крок, дык атрымаў нажом у грудзі. Затым Святлана кінула прыладу злачынства ў печку…
Ці вось яшчэ трагічны выпадак. Жыхар Жабінкі Віктар М. дома выпіваў з сябрам. Знаходзілася ў кватэры і Алена Б. Яна зайшла на кухню і стала выказваць Віктару прэтэнзіі наконт таго, што ён не хоча выкупіць кватэру. Між імі ўзнікла спрэчка. Віктар М. схапіў нож і нанёс жанчыне ўдар у грудзі. Ад гэтага тая памерла на месцы.
Пасля сумеснай п’янкі Уладзімір Ш. з Вялікіх Сяхновічаў нанёс удар нажом Уладзіміру Р., а Віта К. з вёскі Арэпічы – Аляксандру К. Чатыры разы за мінулы год збіваў сваю сужыцельку Аксану К. Пятро Б. з Азятаў. Будучы п’яным, ён устройваў сцэны рэўнасці ледзь не да ўсіх мужчын вёскі. Аляксандр З. з аграгарадка Вялікія Якаўчыцы таксама займаўся рукапрыкладствам. І, канечне, цярпела жонка. На жаль, колькасць спраў аб канфліктах у сям’і гэтым не абмяжоўваецца.
Што сталася з тымі, аб якіх ідзе гаворка?
Найбольш суровае пакаранне панёс, вядома, забойца. Суд прызнаў Віктара М. вінаватым у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця чалавека (смерці) і, на аснове часткі 1 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, назначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін у восем гадоў з адбыццём у выпраўленчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Злачынства Пятра Б. падпадае пад частку 1 артыкула 154 Крымінальнага кодэкса, і вінаваты панёс пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам у два месяцы. Апроч таго, ён накіраваны на прымусовае антыалкагольнае лячэнне.
Астатнім “героям”, згодна з часткай 1 артыкула 147 КК, назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі: для Аляксандра З. і Віты К. на 3 гады і 6 месяцаў без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу, а Святлане Р. і Уладзіміру Ш. – з накіраваннем адпаведна на 3 і 3 з паловай гады.
Балюча і прыкра, калі такія падзеі ў значнай колькасці здараюцца ў раёне. Варта задумацца ўсім: нешта няладнае адбываецца ў сем’ях, якія здаўна былі прызваныя стаць ячэйкамі грамадства, каб выхоўваць станоўчыя маральныя якасці.
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ,  суддзя суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top