Кіслая груша

Кіслая груша

памяць

Стаіць у вёсцы Азяты ля дарогі старэнькая разгалістая груша. Яе галіны амаль пасохлі, яна даўно не радуе сакавітымі пладамі. Аднак гэтае дрэва вельмі дорага нашай сям’і, бо яно – сведка жудасных падзей, якія паўплывалі на лёс прабабулі Марыі.
Яна пражыла 81 год. І хаця яе ўжо няма з намі восьмы год, я добра памятаю бабулін маршчыністы твар у хусцінцы і спрацаваныя, мазолістыя далоні. Яна многа расказвала нам пра тую вайну, якая ў цёплы жнівеньскі дзень зрабіла яе сіратою, пасля чаго ніколі не ела грушак… Адна гісторыя, пачутая ад прабабулі, вельмі кранула мяне, таму хачу падзяліцца ёю і з чытачамі “Сельскай праўды”.
…Манька, якой ішоў чатырнаццаты год, устала раненька, і басанож пабегла на выган – пасвіць кароў. Маці і бацька завіхаліся ў гаспадарцы. А яна была немалая: Улас і Аляксандра Лаўранюкі трымалі кароў, коней, атару авечак, птушку. Маня ведала, што суседзі ёй зайздросцяць: маўляў, пасаг у дзеўкі добры. Старэйшы яе брат ужо займеў сваю сям’ю, таму бацькі клапаціліся зараз пра яе, Маню, і старэйшую на два гады Ганну.
Адпраўляючыся ў чарговы раз пасвіць жывёлу, ля плота сарвала ў торбачку некалькі сакавітых, салодкіх, што мёд, груш, лёгка падагнала пярэстую карову і на імгненне азірнулася на хату. Не думала Маня, што бачыць маці і Ганну ў апошні раз…
…Немцы з’явіліся ў вёсцы нечакана. Тры з іх з аўтаматамі ў руках упэўнена рушылі ў двор Лаўранюкоў. Маладзейшы спрытна накіраваўся да коней, што пілі ваду з карыта. А якія гэта былі коні – статныя, грывастыя, жвавыя – лепей за іх у Азятах ні ў кога не было! Падскочыў да таго, што быў бліжэй, хацеў за аброць схапіць, ды Цыган шарахнуўся ўбок. Раззлаваны няўдачай немец груба вылаяўся. З другой спробы ён дабіўся мэты.
– Гэй, ты куды майго каня вядзеш? – закрычаў гаспадар і кінуўся наўздагон немцу. Аднак, замест адказу пачуў толькі аўтаматную чаргу і, падкошаны, упаў на траву.
Аляксандра, калі ўбачыла акрываўленага мужа пасярод двара, загаласіла:
– Ірады, за што чалавека забілі?
Заплакала і дачка Ганна. Трэці немец, які безуважна назіраў за забойствам, падскочыў да маці і дачкі. Слёзы жанчын яго яўна раззлавалі. Адну піхануў аўтаматам у грудзі, другую – у спіну. Скамандаваў ісці ў бок грушы. Тыя баяліся плакаць і дзервянеючымі нагамі дашкандыбалі да грушкі. Тут яны і прынялі сваю смерць. А немец спакойна падышоў, нахіліў галінку і сарваў спелы жоўтабокі плод. Толькі не змог есці – аказаўся надта кіслы…
Як карнікі пайшлі, прыбегла ў двор Маня – яна пачула стрэлы. Убачыла забітымі тату, маму і сястру – загаласіла-заскуголіла. Суседзі дапамаглі ёй пахаваць родных.
Яна ўжо баялася знаходзіцца ў апусцелай хаце – хавалася днём у жыце, што каласілася за клуняй. Аднавяскоўцы шкадавалі сірату, давалі паесці, клікалі з сабой у лес, дзе хавалася з імі ў шалашах. Так і перажыла гэтыя страшныя ваенныя гады.
Пасля ўладкавалася на працу ў Стрыганцы. Там сустрэла свайго будучага мужа – Васіля Мікітавіча Прыхожку, які, дарэчы, дайшоў да Берліна. Марыя працавала ў мясцовай гаспадарцы даяркай, а ён – трактарыстам. Пабудавалі дом у Стрыганцы, у якім часта збіраліся сем’і сыноў, унукаў і адзінаццаці праўнукаў.
Вольга ЦВЫД, сябра гуртка
“Юны журналіст” пры Жабінкаўскім РЦТДіМ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro