Свята юных знаўцаў права

Свята юных знаўцаў права

  IMG_063013 красавіка ў трэцяй гарадской школе былі падведзены вынікі раённай алімпіяды па прававых ведах. У памяці 33 навучэнцаў з 11 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Жабінкаўшчыны гэты дзень застанецца сапраўдным святам знаўцаў права. А як жа інакш, калі найлепшыя атрымлівалі ўзнагароды з рук кіраўніка раёна і нават сапраўднага генерала?!
Такой прадстаўнічай цырымонія падвядзення вынікаў і ўганаравання найлепшых у раённым спаборніцтве эрудытаў, як у мінулую сераду, ніколі не была. Павіншаваць пераможцаў і прызёраў завіталі не толькі старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі, ягоная намеснік Ала Ануфрыюк, начальнік Жабінкаўскага РАУС Андрэй Лагота, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Тарасевіч, але і начальнік упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Фёдар Балейка.IMG_0620
Прычыну такой прадстаўнічасці назваў Дзмітрый Мікалаевіч: “Гэтая алімпіяда асаблівая. Прытрымлівацца нормаў права – неад’емная частка чалавечага жыцця, прапісаная ў заканадаўстве, найперш у Канстытуцыі краіны”. Пры гэтым прамоўца падкрэсліў, што кожны ўжо з маленства павінен ведаць: нельга парушаць правы іншых і памятаць пра абавязкі, якія ўскладзены на любога грамадзяніна, не зважаючы на ягоны сацыяльны статус, рэлігійныя прыхільнасці альбо ўзрост і палавую прыналежнасць. А веды, набытыя за школьнай партай і адшліфаваныя далей на жыццёвым шляху, заўсёды будуць карыснымі. Кіраўнік раёна заклікаў маладых далучацца да прававой культуры, не заставацца абыякавымі да правапарушэнняў і злачынстваў, што, на жаль, яшчэ існуюць у грамадстве.
– У дадзеным выпадку перамаглі ўсе, паколькі набылі каштоўныя веды і вопыт, што, магчыма, дазволіць некаторым стаць у будучым правазнаўцамі, юрыстамі, – падвёў рысу пад сваім выступленнем Дзмітрый Гарадзецкі. – Аднак сёння дыпломы пераможцаў дастануцца ўсё ж найбольш эрудыраваным і падрыхтаваным.
З рук старшыні райвыканкама ўзнагароды атрымалі шэсць навучэнцаў – пераможцаў раённай алімпіяды ў прававых ведах. З задавальненнем называем іх імёны. Дыпломы ІІІ ступені – у Аліны Котыш (СШ №3) і Вольгі Грыцук (СШ №1), “сярэбраныя” прызёры – Данііл Хільчук і Ганна Паўласюк, якія прадстаўлялі адпаведна першую і трэцюю гарадскія школы. Найбольш гарачымі апладысментамі перапоўненая зала вітала вучаніц роднай СШ №3 г. Жабінка Хрысціну і Таццяну Семенюкоў. Відаць, і сапраўды, родныя сцены дапамагалі дзяўчатам на алімпіядзе: пад час іспытаў яны здолелі паказаць найлепшыя прававыя веды, таму й заслужана атрымалі дыпломы І ступені.
Пачэсную місію выканаў і Фёдар Балейка. Ён узняўся на сцэну, каб павіншаваць юных эрудытаў ад імя ўсёй берасцейскай міліцыі, выказаў надзею, што пасля заканчэння школы яны прыйдуць ва ўстановы адукацыі Міністэрства ўнутраных спраў і звяжуць свае лёсы з няпростай, але пачэснай прафесіяй абаронцаў аховы правапарадку.IMG_0604
Фёдар Фёдаравіч прыгадаў словы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, які назваў “астраўком стабільнасці і парадку ў сучасным няпростым свеце” нашу Беларусь, у якой гаспадарыць спакой, мірнае неба над галавой і захоўваюцца асноўныя правы чалавека. Дзеля гэтага на Брэстчыне нямала робіцца ў пару, калі юнакі і дзяўчаты фарміруюцца як грама-дзяне: сёння ў 20 школах вобласці для 1200 навучэнцаў адкрыты 59 прававых класаў. Такім чынам выконваецца трыадзіная задача: павышаецца ўзровень прававых ведаў, адбываецца прафілактыка злачынстваў сярод непаўнагадовых і праводзіцца падрыхтоўка іх да абароны Радзімы і службы ў праваахоўных органах.
Затым начальнік УУС абласнога выканаўчага камітэта ўручыў дыпломы і сувеніры яшчэ тром навучэнцам: Мікіту Бышэвічу з СШ №3, ліцэісту Максіму Калеснікаву і вучню Хмелеўскай адзінаццацігодкі Вячаславу Пячко.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: пад час узнагароджвання пераможцаў і прызёраў раённай алімпіяды ў прававых ведах.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro