Untitled-13

Жабінкаўцы, колькі нас?

Як паведаміла начальнік аддзела статыстыкі Жабінкаўскага раёна Алена Асадчая, з’явіліся афіцыйныя дадзеныя колькасці насельніцтва Брэстчыны. У цэлым, Брэсцкая вобласць за мінулы год у “плюсе”: натуральны прырост насельніцтва павялічыўся на 1136 чалавек. На жаль, у асноўным гэта гараджане (іх стала больш на 4327 чалавек), вяскоўцаў у вобласці за гэты час паменшала на 3191. Толькі ў трох раёнах (Брэсцкім, Кобрынскім і Маларыцкім) нарадзілася больш, чым памерла. Жабінкаўшчына, дзе за 2015 год з’явілася на свет 330 немаўлятак, але памерла 340 чалавек, – на пятым радку, прычым, гарадское насельніцтва “плюсуе”: на 146 памерлых прыпадае 209 народжаных. Усяго на 1 студзеня 2016 года колькасць жыхароў нашага раёна складала 24483 чалавекі, з іх 13357 – жыхары райцэнтра.

Аркестр лепшы, узорны!

Самыя таленавітыя дзеці ўдзельнічаюць у шматлікіх конкурсах, пацвярджаюць майстэрства, перамогі.
Гонар Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў – аркестр народных інструментаў. У ім 25 лепшых старшакласнікаў і выпускнікоў школы, улюбёных у музыку. Пад кіраўніцтвам Наталлі Грэцкай аркестр неаднойчы станавіўся пераможцам шматлікіх конкурсаў.
Нядаўна калектыў юных музыкаў пацвердзіў званне “ўзорнага”, што сведчыць пра карпатлівую працу будучых маэстра, іх жаданне ўдасканальвацца, аддаваць музыцы вольны час, расці прафесійна.
Пасля пацвярджэння звання аркестр удзельнічаў у рэгіянальным фестывалі-свяце інструментальнай музыкі “Музычны калейдаскоп”, які праходзіў у Пружанах. У намінацыі “Аркестры народных інструментаў” жабінкаўцам не было роўных. У іх ганаровае першае месца.

Ветэраны спорту трымаюць форму

У Пружанах адбылася VI абласная спартакіяда ветэранаў спорту “Не старэюць душой ветэраны”. Яна была арганізавана ўпраўленнем спорту і турызму аблвыканкама, Прадстаўніцтвам НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці, абласной арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання “Ветэраны фізічнай культуры і спорту” і Пружанскім райвыканкамам. Гонар Жабінкаўшчыны на ёй абаранялі Мікалай Грыгарук і Адам Дарошка. З выдатнымі вынікамі са спаборніцтваў вярнуўся Адам Аляксеевіч: у яго першае месца ў шахматах і другое ў шашках.

“Мотарух – без парушэнняў!”

Пад такой назвай з 15 па 29 красавіка на тэрыторыі нашага раёна праводзіцца рэспубліканская прафілактычная акцыя ў папярэджанні ДТЗ з удзелам двухколавых транспартных сродкаў. Як паведаміў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС Раман Крупко, пад час мерапрыемства ўвага будзе надавацца своечасоваму рэагаванню на абстаноўку на дарогах, прапагандзе бяспекі дарожнага руху пры эксплуатацыі матацыклаў і мапедаў, фарміраванню ўзаемаветлівых адносінаў паміж удзельнікамі дарожнага руху.

І жартам, і ўсур’ёз

Жыхар райцэнтра Ф. 1957 года нараджэння ў чацвер раніцай мірна спаў. Прычым утульна размясціўся не ў ложку, а акурат пад чыгуначным мастом, на шпалах, а замест мяккай падушкі прымасціў галаву на рэйку. Нераўнадушныя прахожыя выклікалі хуткую дапамогу. Аказалася, што жабінкавец быў на добрым падпітку, і на шляху да дому яго змарыў сон. Шчасце, што ён не аказаўся апошнім у жыцці небаракі, бо літаральна праз 20 хвілін у накірунку Брэста рухаўся цягнік прыгарадных зносін.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top