Палы нішчаць усё жывое

Палы нішчаць усё жывое

Сельскагаспадарчыя палы і сухой расліннасці забароненыя. Няма нічога небяспечней для прыроды, чым агонь. Там, дзе адбыліся палы,  ужо не хутка з’явіцца разнатраўе, таму што больш вынослівае пустазелле захопіць выпаленую тэрыторыю. Падпальваючы сухую мінулагоднюю траву ўздоўж дарог, на ўскрайках лесу, на палях і лугах, многія людзі нават не падазраюць, што гэта для прыроды экалагічная бяда. У агні гінуць не толькі расліны, а і жывёлы, птушкі.stepnie_pozjari
Кожнае падпальванне – гэта злачынства. А таму ў адпаведнасці з артыкулам 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама пожні і пажніўных рэшткаў на палях ці непрыняцце мер па ліквідацыі палаў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці – штрафу ад 10 да 40 базавых велічыняў, за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне ці штраф да 12 базавых велічыняў.
Заканадаўствам Беларусі за падобныя парушэнні прадугледжана і крымінальная адказнасць.
Чаму нельга паліць траву і да чаго гэта прыводзіць? Травяныя пажары выклікаюць зніжэнне ўрадлівасці глебы. Яны абядняюць яе на мінеральныя рэчывы. Тыя, што ўтрымліваюцца ў попеле, лёгка сыходзяць з паверхневымі і грунтовымі водамі. Толькі нязначная іх частка засвойваецца раслінамі.
Узрастаюць выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу. А значыць, узмацняецца так званы “парніковы эфект”, які прыводзіць да неспрыяльных змен і ваганняў клімату. Акрамя гэтага, абядняецца відавы склад лугавой расліннасці, жывёльнага свету. Гінуць многія насякомыя, іх лічынкі, кукалкі. У агні гарыць усё жывое – божыя кароўкі, жужалі, дажджавыя чарвякі і іншыя, якія знішчаюць шкоднікаў у садзе, агародзе і ўдзельнічаюць у працэсе ўтварэння глебы. Для дажджавых чарвякоў лішняй сухой травы не бывае, яны дружна і хутка яе перапрацоўваюць у каштоўнае ўгнаенне, уносячы яго ў глыбіню глебы да карэнняў раслін, адначасова робяць глебу рыхлай, жывой.
Сухая мінулагодняя трава не смецце, а каштоўны корм, жылы дом, прытулак, умовы для жыцця, створаныя самой прыродай. Пры палах гінуць клады і месцы гняздоўяў такіх птушак, як крыжанка, чырка-траскунка, кнігаўка, траўнік, бакас, чаротавая і звычайная аўсянкі, палявы, лясны і хахлаты жаўрук і лугавы конік. Гнездаванне гэтых птушак пачынаецца ў пачатку красавіка. З выпаленых месцаў яны ўцякаюць, а значыць, і ад нас. Да таго ж на пажарышчах вельмі часта можна ўбачыць згарэлыя птушыныя гнёзды са слядамі яек, абгарэлых смаўжоў, грызуноў, дробных млекакормячых.
Палы пашкоджваюць дрэвы, іх каранёвыя шыйкі, – асабліва ўразлівае месца прама над зямлёй.
Дым ад спальвання травы чадны, цёмны, густы. Алергікі яго не пераносяць. Часта ў сухой траве ёсць смецце, у тым ліку і небяспечныя для спальвання  пластыкавыя бутэлькі. На забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях у паветра з агнём і дымам трапляюць радыеактыўныя рэчывы, якія ветрам пераносяцца на значныя адлегласці. У сельскай мясцовасці ў агні згараюць рэшткі ўгнаенняў і ядахімікатаў, утвараючы таксічныя арганічныя і неарганічныя злучэнні.
Адметнасцю пажараў на тарфяніках з’яўляецца здольнасць торфу гарэць на глыбіню да 0,3-1,5 метра. Пасля гэтага попел з верхняга 10-сантыметровага слою можа мець радыеактыўнасць у дзясяткі разоў большую, чым у зыходным матэрыяле.
Падпальваючы траву, кожны чалавек павінен памятаць і ведаць, што гарыць не толькі трава, а наш агульны дом, у якім мы жывём. Перш чым кінуць запалку, трэба падумаць, што гэтыя дзеянні нанясуць непапраўны ўрон прыродзе.
Сяргей ШЫК, начальнік раённай інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top