Тут цяплее восень жыцця

Тут цяплее восень жыцця

Аматарскаму аб’яднанню – клубу “Суразмоўнік”, якое створана і дзейнічае на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі, споўнілася 30 гадоў.IMG_9203

Крышачку гісторыі

Клуб “Суразмоўнік” быў створаны ў 1986 годзе з ініцыятывы дырэктара цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Таццяны Япішка. Такую назву яму прыдумаў беларускі паэт, наш зямляк Васіль Сахарчук, які з’яўляўся на той момант старшынёй клуба. Першапачаткова яго сябрамі былі работнікі бібліятэчнай сістэмы. Клуб меў свой дэвіз, статут, савет, праграму. Яго мэтай стала прапаганда літаратурных твораў. Практыкаваліся разнастайныя формы работы: пасяджэнні, вечары, агляды, віктарыны, выстаўкі, чытацкія канферэнцыі.
З часам да асноўнай мэты далучыліся іншыя: больш глыбокае вывучэнне гісторыі, культуры і традыцый краю.
З 1997 па 2015 год аб’яднанне ўзначальвала загадчыца аддзела абслугоўвання, інфармацыі і міжбібліятэчнага абанемента цэнтральнай раённай бібліятэкі Людміла Астроўская.
Цяпер ужо амаль год пасяджэнні клуба праводзіць Алена Бельская, якая прыйшла на месца Людмілы Аляксандраўны і пераняла ад яе эстафету.

IMG_9209Незабыўныя сустрэчы, вечары, экскурсіі і падарожжы

Пра іх успаміналі сябры клуба, што сабраліся на юбілейнае пасяджэнне. Узнавіць старонкі мінулага дапамагалі альбомы – своеасаблівыя справаздачы аб дзейнасці аб’яднання, шматлікія фотаздымкі і відэапрэзентацыя.
Перш-наперш узгадалі сустрэчы з цікавымі людзьмі: паэтамі і пісьменнікамі – Леанідам Дранько-Майсюком, Зінаідай Дудзюк, Алесем Каско, Расціславам і Анатолем Бензерукамі, Іванам Арабейкам, Анатолем Брытуном, Іванам Дацкевічам, Аленай Жабінкаўскай, мастачкай Вольгай Данілюк, гісторыкамі – Мікалаем Міцковічам і Аляксандрай Вараб’ёвай, настаяцелем Свята-Пакроўскага храма г. Жабінка святаром Сергіем Петрусевічам, урачамі – Ганнай Бурак, Нінай Арлавец, Уладзімірам Лапусам, з былым начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргеем Штыком, з педагогам па класе балалайкі Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Сяргеем Носавым. Незабыўных яркіх сустрэч было шмат.
Успомнілі тэматычныя вечары, прысвечаныя юбілеям Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава, Сяргея Ясеніна, Марыны Цвятаевай, творчасці Фёдара Шаляпіна, Леаніда Уцёсава, Клаўдзіі Шульжэнка, Лідзіі Русланавай, а таксама вечары ваеннай песні “І толькі таму мы перамаглі”, экалагічныя пасядзелкі “З любоўю да ўсяго жывога”, “Гароднінны баль”, юбілейныя бенефісы актыўных удзельнікаў клуба, якія знаёмілі з цікавымі захапленнямі суразмоўцаў. Урач Ангеліна Дзмітрыеўна Чарнейка ўспомніла, як у клубе яна адзначала свой 50-гадовы юбілей і атрымала ў падарунак шклянога зубра, які дасюль захоўваецца дома, а Валерыя Міхайлаўна Галаўчынер святкавала ў той год сваё 70-годдзе.
Гаварылі пра экскурсіі, іх таксама было шмат, бо клубаўцы людзі цікаўныя, не сядзяць на месцы, любяць падарожнічаць. Успомнілі паездкі ў Жыровіцкі манастыр, у Пружанскі раён, дзе наведалі месцы баёў 1812 года, у суседні Кобрын, раённы гісторыка-краязнаўчы музей, Залуззеўскі Дом народнай творчасці, аграсядзібу “Лясная гавань”. Дасюль у памяці экскурсія “Горад Жабінка ўчора, сёння, заўтра”, якую правялі гісторык Анатоль Бензярук і краязнаўца-аматар Раіса Маргевіч.

Гучалі вершы, песні, словы падзякіIMG_9199

У той дзень за кубачкам гарбаты сябры клуба яшчэ доўга ўспаміналі шматлікія пасяджэнні, паездкі, сустрэчы і дзякавалі за такое цікавае і насычанае жыццё стваральніку аб’яднання Таццяне Япішка, былому яго кіраўніку на працягу многіх гадоў – Людміле Астроўскай, цяперашняму – Алене Бельскай.
Успаміны дапаўняліся гісторыямі з жыцця суразмоўнікаў, перарываліся вершамі, якія гучалі на беларускай, рускай, украінскай мовах, музычнымі паўзамі.
На сённяшні дзень клуб “Суразмоўнік” налічвае каля 30 сяброў. Яго наведваюць людзі сярэдняга і пажылага ўзросту, сярод іх у асноўным старажылы, але есць і навічкі. На юбілейным пасяджэнні, вядома, з розных прычынаў прысутнічалі не ўсе. Тыя, хто былі, гаварылі, што свайго жыцця без клуба не ўяўляюць, а сумесныя сустрэчы робяць яго яркім, прыгожым, насычаным, даюць магчымасць даведацца шмат карыснага, папоўніць веды, праявіць эрудыцыю, здольнасці і талент. Адным словам, падзяліцца тым, чым багатыя, цікава і з карысцю правесці час і проста адчуць вялікую радасць чалавечых адносінаў.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымках: пад час святкавання 30-гадовага юбілею клуба “Суразмоўнік” у цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*