Адзіны на заводзе, лепшы – у вобласці

Адзіны на заводзе, лепшы – у вобласці

На ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” працуе нямала маладых людзей – ініцыятыўных, зацікаўленых, смелых. Калі “расце” дастойная змена “аксакалам”, значыць, заводу наканавана жыць і развівацца.
Варта ўзгадаць, што на прадпрыемстве створаны савет моладзі, плённая дзейнасць якога была адзначана на абласным узроўні. Пра яго мэты і дасягненні – гутарка са старшынёй Аксанай Галавейка.
_DSC5834– На нашым прадпрыемстве юнакі і дзяўчаты пастаянна прафесійна выконваюць свае абавязкі. Моладзевы савет створаны з мэтай дапамогі работнікам камбікормавай вытворчасці ў адаптацыі і замацавання іх на прадпрыемстве, садзейнічання іх прафесійнаму і кар’ернаму росту, павышэння іх актыўнасці ў розных сферах грамадскага жыцця.
– Аксана, калі ласка, падрабязней пра накірункі дзейнасці савета моладзі.
– Выпускам высакаякаснай прадукцыі для ўсіх груп сельгасжывёл, хатніх любімцаў, птушак і рыб займаюцца штодня 574 інжынерна-тэхнічныя работнікі, прычым 28% з іх – гэта моладзь да 30 гадоў. Радуе, што з уводам новых тэхналагічных ліній ствараюцца працоўныя месцы, якія займаюць маладыя спецыялісты і застаюцца тут назаўсёды.
Не адной толькі працай жыве чалавек. Немалаважнае значэнне мае сацыяльная сфера і мікраклімат у калектыве. Яна ўключае ў сябе разнапланавыя спартыўныя мерапрыемствы, удзел работнікаў у шматлікіх конкурсах і аглядах. Так, на прадпрыемстве створаны спрыяльныя ўмовы для здаровага ладу жыцця. Не выходзячы за межы таварыства, можна пазаймацца ў трэнажорнай зале, наведаць масажны кабінет, саўну з міні-басейнам і пакоем адпачынку. Спартыўная заводская каманда, якая налічвае 27 чалавек, пачынаючы з 2006 года, удзельнічае ў раённай галіновай спартакіядзе АПК, і неаднойчы нашы плыўцы і лёгкаатлеты былі першымі, а ў агульнакамандным заліку – прызёрамі спаборніцтваў.
Гаворачы пра спартыўнае жыццё, трэба ўзгадаць і пра ўнутрызаводскую круглагадовую спартакіяду па 10 відах спорту сярод 6 каманд, якія складаюцца са структурных падраздзяленняў таварыства. Спартакіяда вядзе свой адлік з 2008 года і вельмі папулярная сярод работнікаў, ахоплівае да 200 завадчан. Падводзяцца яе вынікі на святочным сходзе, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Каманды-пераможцы ўзнагароджваюцца пераходнымі кубкамі і грашовымі прэміямі. Увогуле, быць здаровымі і не хварэць становіцца не модай, а звычкай.
Летась нашы работнікі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па спартыўнай лоўлі рыбы, якія ладзіліся ў Белаазёрску, на возеры “Белае”.
Яшчэ адзін накірунак нашай работы – падарожжы і знаёмствы з Беларуссю, іншымі краінамі. Штогод мы праводзім турыстычныя водныя паходы на байдарках па рэках Лясная, Мухавец, Шчара. Летась моладзь “адкрыла” для сябе Карпаты. Многім сем’ям запомнілася летняе велападарожжа ў Белавежскую пушчу. Такія “вылазкі” на прыроду даюць завадчанам магчымасць адпачыць і яшчэ больш пасябраваць, лепей зразумець калег. Хочацца назваць самых актыўных прадстаўнікоў нашага савета моладзі. Гэта Сяргей Сахвон, Валера Прахаровіч, Андрэй Раманчук, Наташа Мандра, Галіна Галашка, Сяргей і Святлана Пальчукі, Аляксей Грузін і інш.
– Хацелася б колькі слоў пачуць пра вашу санітарную дружыну. Не сумняваюся, што там таксама “заводзіць” моладзь.
– Так, наша каманда неаднаразова ўдзельнічала ў спаборніцтвах на лепшую сандружыну. Пад час іх ацэньваліся не толькі дакладнасць дзеянняў пры аказанні першай медыцынскай дапамогі, але і адукаванасць сандружынніц, упэўненае карыстанне сродкамі індывідуальнай аховы. Яно і зразумела: на нашым прадпрыемстве ёсць патэнцыяльна небяспечныя вытворчыя аб’екты, таму людзі гатовыя ў любой сітуацыі аказаць даўрачэбную дапамогу.
Наша моладзь, думаю, дапамагла выратаваць не адно чалавечае жыццё. Ужо не першы год каля 50 завадчан адклікаюцца на прапанову здаць кроў, дапамагаючы ў гэтым іншым. Загадчыца аддзялення абласной станцыі пералівання крыві Алена Ненартовіч выказала ўдзячнасць калектыву камбікормавага завода за высакародны ўчынак – дарыць іншым шанц на жыццё.
– Аксана, паспяховая работа савета вашага прадпрыемства не засталася незаўважанай…
– Калі падводзіліся вынікі Года моладзі ў вобласці, было прыемна падымацца на сцэну і мне, калі сярод пераможцаў прагучаў камбікормавы завод. Мы занялі
І месца ў намінацыі “Лепшы савет моладзі прадпрыемства”.
– Дзякуй. Творчых поспехаў вам і чарговых перамог!
На здымку: Аксана Галавейка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top