Ініцыятыўных паклікаў форум

Ініцыятыўных паклікаў форум

_DSC1034Другі форум працуючай моладзі сабраў у Мінску звыш 300 маладых людзей – лідараў і актывістаў БРСМ з 216 працоўных калектываў рэспублікі, каб абмеркаваць, як праводзіцца работа з моладдзю на прадпрыемствах Беларусі.
З Брэсцкай вобласці ў сталіцу прыбылі 44 дэлегаты. Жабінкаўшчыну на форуме прадстаўлялі аўтарка гэтых радкоў і вызвалены брыгадзір Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Юрый Якубук.
Дэлегаты, як толькі размеркаваліся па групах, наведалі “Мінскі трактарны завод”, РНПЦ “Маці і дзіця”, РУП “Белмедпрэпараты”, КУП “Мінскхлебпрам” хлебазавод №6 і іншыя буйныя прадпрыемствы сталіцы.
Пасля азнаямляльна-аглядных экскурсій спецыялісты-псіхолагі арганізавалі для ўдзельнікаў форуму паўтара дзясятка трэнінгаў і майстар-класаў, накіраваных на развіццё лідарскіх якасцяў і стварэнне дружнай каманды.
Далей маладыя людзі сабраліся ў холе бізнес-цэнтра “Вікторыя”. Тут з’явілася незвычайная лесвіца. На кожнай прыступцы – кубкі, граматы, прызавыя знакі – дасягненні маладых працаўнікоў. (Трэба адзначыць, што сярод іх былі і дасягненні Жабінкаўскага РК БРСМ!). Потым маладыя педагогі, інжынеры, урачы, бухгалтары, маркетолагі, работнікі чыгункі і прадстаўнікі іншых прафесій сустрэліся з кіраўніцтвам Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, дырэктарамі прадпрыемстваў у фармаце адкрытага дыялогу.
На пытанні моладзі таксама адказвалі Герой Беларусі Павел Марыеў, першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў, прадстаўнікі савета працуючай моладзі Мінска. Абмеркаваць было што. Як павялічыць прэстыж працоўных прафесій? Як на прадпрыемствах выхоўваюць будучых лідараў? Як замацаваць моладзь у вёсках? Што дазваляе вытрымліваць канкурэнцыю на рынку працы? Пад час адкрытага дыялогу абмяркоўвалі, спрачаліся, абменьваліся вопытам, прымалі рашэнні.
Галоўная задача форума – падрыхтоўка моладзевага кадравага рэзерву, абмен вопытам і навучанне карысным прыёмам лідараў БРСМ – здаецца, была дасягнута.
Завяршыўся форум культурнай праграмай – наведваннем Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе выступаў нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга, свае песні дарыў вакаліст Ігар Дзямерын.
На здымку: пад час майстар-класа.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro