Прэзідэнт наведаў Мінскі аўтамабільны завод

Прэзідэнт наведаў Мінскі аўтамабільны завод

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Беларусі, 7 красавіка наведаў ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» – кіруючая кампанія холдынга «БелаўтаМАЗ». Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах развіцця прадпрыемства, а таксама аб арганізацыі зборкі розных мадэляў аўтамабіляў і пашырэнні наменклатуры выпускаемай прадукцыі. Прэзідэнт азнаёміўся з выставай найноўшых узораў тэхнікі, што вырабляецца на прадпрыемствах машынабудавання, паразмаўляў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Мінскага аўтамабільнага завода.ммп
«ІНВЕСТЫЦЫІ ў машынабудаванне будуць выдзяляцца толькі пад канкрэтныя рынкі збыту, – заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання ААТ «Мінскі аўтамабільны завод».
У час наведвання МАЗа яму прапаноўвалі правесці нараду па пытаннях стратэгіі развіцця айчыннага машынабудавання ў цэлым. На гэтым мерапрыемстве ў тым ліку планавалася абмеркаваць пытанне размеркавання крэдытных рэсурсаў, што прадастаўляюцца Беларусі Кітаем.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта нарада пройдзе пазней і ў іншым фармаце. Пры гэтым ён падкрэсліў, што любыя фінансавыя рэсурсы, асабліва крэдытныя, прадпрыемствы змогуць атрымаць толькі пасля дакладнага падліку патэнцыяльных рынкаў збыту новай прадукцыі. «Вы атрымаеце грошы, магчыма і кітайскія крэдыты, толькі тады, калі пакажаце, што ў вас ёсць рынкі, куды прадасце гэтую прадукцыю. У адваротным выпадку не дадзім ні капейкі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Я не магу ўкласці сюды чарговы раз сотні мільёнаў долараў, за якія вы створыце нейкі прадукт і паставіце на склад».
Што датычыцца холдынга «БелаўтаМАЗ» і яго галаўной кампаніі, генеральны дырэктар Дзмітрый Кацярыніч запэўніў Прэзідэнта, што ў бягучым годзе плануецца выйсці на эфектыўную работу. Дзякуючы аказанай у 2015 годзе дзяржпадтрымцы ўдалося вырашыць шэраг фінансавых праблем, нарасціць аб’ёмы вытворчасці, знізіць запасы гатовай прадукцыі на складах, павялічыць экспарт. Усяго прадпрыемства ажыццяўляе пастаўкі ў больш як 30 краін свету. У 2016 годзе плануюцца пастаўкі прадукцыі на новыя рынкі збыту, у тым ліку ў Лаос, Філіпіны, Інданезію, Зімбабвэ, Судан, Эквадор, Аман. Паступова пашыраецца і тавараправодная сетка.
Акрамя дзяржпадтрымкі ў мінулым годзе ў ААТ «МАЗ» рэалізаваны комплекс антыкрызісных мерапрыемстваў для выхаду на станоўчы вынік работы. Іх агульны эканамічны эфект склаў каля Br1,5 трлн. Ёсць план па зніжэнні затрат і на 2016 год.
Гаворачы аб асваенні новых рынкаў збыту, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўжо даўно і настойліва ставіць адпаведную задачу.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што яшчэ адной умовай для павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай тэхнікі павінна быць працяглая гарантыя вытворцы. «Дайце 5 гадоў гарантыі. Калі што-небудзь зламалася, то хутка замяніце. Ёсць сэрвісныя цэнтры», – сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, каб пры замежных пастаўках не выкарыстоўваліся нейкія сумніўныя схемы і пасрэдніцкія структуры, у выніку чаго ўзнікнуць праблемы з вяртаннем грошай за прададзеную тэхніку. А такія прыклады, на жаль, ёсць.
У цэлым прадпрыемства склала сур’ёзныя планы па далейшым развіцці. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб інвестпраекце па мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчасці прадпрыемстваў холдынга на 2016-2022 гады.
Капітальныя затраты на яго рэалізацыю складуць $427,1 млн, а тэрмін акупнасці – амаль 10 гадоў. Адносна гэтага Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што грошы будуць выдзяляцца толькі пад эфектыўныя праекты з дакладна падлічанымі патэнцыяльнымі рынкамі збыту.
У бліжэйшай перспектыве ў Беларусі плануецца асвоіць вытворчасць аўтацыстэрнаў для звадкаванага газу і запраўшчыкаў, што перспектыўна для пераводу на газавае абсталяванне сельскагаспадарчай тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка даручыў наступнай вясной рэалізаваць адпаведны пілотны праект на базе некалькіх перадавых сельгаспрадпрыемстваў, каб на практыцы ацаніць патэнцыяльную выгаду.
У час наведвання МАЗа размова ішла не толькі аб развіцці гэтага прадпрыемства. Быў арганізаваны своеасаблівы агляд асноўных прадпрыемстваў беларускага машынабудавання.
“БЕЛАРУСЬ пераадолее эканамічныя цяжкасці, захаваўшы мір і спакой у краіне”, – заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Мінскага аўтамабільнага завода.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гарантуе забеспячэнне ў Беларусі бяспекі, міру і спакою.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што калі ў нейкай дзяржаве ідзе вайна, людзі не гавораць пра заработную плату або пенсіі – ім патрэбны мір, гэта галоўнае.
“МІНСКІ АЎТАМАБІЛЬНЫ ЗАВОД, таксама як і іншыя вядомыя беларускія брэнды, неабходна захаваць, – заявіў Прэзідэнт. – Перш за ўсё вы павінны захаваць гэтае прадпрыемства. Яго неабходна абнавіць, наколькі гэта магчыма, надаць яму новае аблічча. З канвеераў павінны сыходзіць поўнасцю беларускія машыны найвышэйшай якасці».
Ён адзначыў, што ў гэтай частцы ад работнікаў дылерскай сеткі часам паступаюць аб’ектыўныя нараканні. «Калі вы, кожны на сваім рабочым месцы, не зоймецеся якасцю, мы не вытрымаем канкурэнцыі, – сказаў Прэзідэнт. – Мы павінны захаваць гэты завод і павысіць якасць».
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў цяперашніх эканамічных умовах прадпрыемства сутыкаецца з шэрагам цяжкасцей. Адначасова ён паставіў задачу не дапусціць пагаршэння сітуацыі, чаго б гэта ні каштавала.
Захаванне гэтых і іншых прадпрыемстваў, падкрэсліў Прэзідэнт, гэта справа не толькі яго гонару, але і захаванне эканамічнай базы, рабочых месцаў для будучых пакаленняў.
«Наша шчасце тут, на гэтай зямлі. І мы павінны думаць аб тым, як захаваць рабочае месца для нашых дзяцей», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
БЕЛАРУСКІЯ ЧЫНОЎНІКІ – ад кіраўнікоў раённага ўзроўню да міністраў – у далейшым пры набыцці службовых аўтамабіляў павінны арыентавацца выключна на прадукцыю айчыннага аўтапрама. Адпаведнае даручэнне даў лідар краіны Аляксандр Лукашэнка, аглядаючы выстаўку найноўшых узораў тэхнікі, што вырабляецца на беларускіх прадпрыемствах машынабудавання.
На ёй, у прыватнасці, быў прадстаўлены легкавы аўтамабіль прадстаўніцкага класа, вытворчасць якога СЗАТ «БелДжы» плануе пачаць у Беларусі ўжо ў трэцім квартале бягучага года. Прэзідэнт высока ацаніў навінку з пункту гледжання зручнасці, аснашчанасці і дызайну. «Ніякага імпарту для чыноўнікаў, акрамя прэм’ера, віцэ-прэм’ераў і вышэйшых службовых асоб», – даручыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым растлумачыў, што размова не ідзе аб тым, каб за адзін раз перасадзіць усіх чыноўнікаў на такія аўтамабілі, паколькі на гэта пайшлі б вялікія сродкі. Таму замену неабходна праводзіць паступова, па меры ўзнікнення такой неабходнасці.
АДЗІН З РАБОТНІКАЎ прадпрыемства сказаў, што на МАЗе больш як 3 тыс. чалавек маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і пацікавіўся перспектывамі долевага будаўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць некалькі варыянтаў вырашэння гэтага пытання. У прыватнасці, жыллё можа быць пабудавана або за ўласныя фінансавыя сродкі грамадзян, або за сродкі прадпрыемства, або пры сумесным укладанні сродкаў работнікаў і прадпрыемства. Таксама домабудаўнічыя камбінаты гатовыя будаваць жыллё з мінімальнай рэнтабельнасцю для сябе 5%, у такім выпадку кошт аднаго квадратнага метра можа скласці каля $500.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што дзяржава выдзяляла МАЗу з бюджэту сродкі на падтрымку прадпрыемства. «Таму, калі гаварыць аб тым, што на жыллё таксама трэба даць грошы, то трэба разумець, што гэтыя сродкі трэба забраць ва ўрачоў і настаўнікаў. Яны маюць заработную плату ніжэйшую, чым у сярэднім на МАЗе», – адзначыў Прэзідэнт.
“Ільгота па пенсійным узросце для работнікаў шкодных вытворчасцей будзе захавана, – адзначыў лідар дзяржавы. – Пенсійны ўзрост для работнікаў на шкодных вытворчасцях будзе паступова павышацца, як і для іншых катэгорый, але разбежка будзе захавана. Вы гэтую льготу будзеце мець».
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці шмат супрацоўнікаў МАЗа працуюць у шкодных умовах. Прэзідэнт праінфармаваў, што сёння абмяркоўвалася ў тым ліку мадэрнізацыя ліцейнай вытворчасці для паляпшэння ўмоў працы рабочых.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro