Здароўе. Ад чаго яно залежыць?

Здароўе. Ад чаго яно залежыць?

Сярод шматлікіх фактараў, што ўплываюць на здароўе дзяцей і падлеткаў, стан школьнага асяродку складае да 30%. Напружаны характар вучобы, аб’ёмная вучэбная нагрузка, дэфіцыт часу для засваення новага матэрыялу, зніжэнне фізічнай актыўнасці адмоўна ўздзейнічаюць на дзіцячы арганізм, які знаходзіцца ў стадыі развіцця. Працяглае знаходжанне хлопчыкаў і дзяўчынак у такіх умовах замацоўвае негатыўныя зрухі ў фізіялагічных рэакцыях арганізму, што ў сваю чаргу выклікае неўратычныя растройствы з наступным фарміраваннем парушэнняў дзейнасці сэрца, страўнікава-кішачнага тракту, іншых органаў і сістэм. У гэтай сувязі адной з галоўных задач сістэмы адукацыі з’яўляецца не толькі аздараўленне школьнікаў, а ўкараненне ў навучальны працэс здароўезберагальных псіхолага-педагагічных тэхналагій, але і аптымізацыя ўмоў, у якіх адбываецца працэс навучання.large2161687
Унутрышкольны асяродак – адзін з найбольш кіруемых фактараў фарміравання здароўя ў дзяцей і падлеткаў. Толькі дзякуючы аптымізацыі санітарна-гігіенічных умоў ва ўстановах адукацыі назіраецца паляпшэнне здароўя на 11%. Улічваючы гэта, трэба найперш забяспечыць рэалізацыю медыка-гігіенічнай тэхналогіі здароўезберажэння – стварэнне такога асяродку, патрабаванні да якога рэгламентуюцца санітарнымі правіламі і нормамі, выкананне большасці пунктаў іх абсалютна даступнае і не патрабуе значных матэрыяльных затрат.
У адпаведнасці з тэрытарыяльнымі планамі рэканструкцыя сістэмы штучнай асветленасці завершана ў папярэднія гады ў агульнаадукацыйных школах раёна, а леташнія вынікі замераў адпавядалі гігіенічным нарматывам.
У навучальна-выхаваўчых установах прыведзены ў належны санітарна-тэхнічны стан санвузлы, адрамантаваны і функцыянуюць душавыя, раздзявалкі і прыбіральні пры спартзалах. У большасці школ кабінеты інфарматыкі аснашчаны сучаснымі камп’ютарамі і спецыяльнай мэбляй. Замеры напружанасці электрамагнітных палёў перавышэння дапусцімых велічыняў не выяўлены, набыты канторкі ў пачатковыя класы школ раёна. Надышоў час абнаўлення мэблі ў групах падоўжанага дня і гарадскіх дзіцячых дашкольных установах (дзіцячыя ложкі, сталы, шафы). У школах раёна нядзельная вучэбная нагрузка не перавышае максімальна дапушчальную, у асноўным захоўваюцца гігіенічныя рэгламенты, што прад’яўляюцца да арганізацыі ўрокаў, раскладу, работы груп падоўжанага дня. Праўда, у некаторых школьных установах нерацыянальна размеркавана вучэбная нагрузка па днях тыдня, вялікія перамены нерэгулярна выкарыстоўваюцца для арганізацыі адпачынку на свежым паветры. Ранішняя гімнастыка, фізкультхвілінкі на ўроках і практыкаванні для зняцця стомленасці органа зроку праводзяцца ў асноўным толькі з вучнямі пачатковых класаў.
Часта маса штодзённага камплекту падручнікаў з пісьмовымі прыладамі перавышае норму, і гэта з’яўляецца прычынай парушэння асанкі.
На харчблоках устаноў адукацыі заменена састарэлае тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, што палепшыла арганізацыю харчавання. А яшчэ яны забяспечаны гарачай праточнай вадой, дазатарамі з вадкім мылам і з антысептыкамі для апрацоўкі рук персаналу. Праўда, пры аналізе харчавання ў групах падоўжанага дня спецыялісты адзначылі незбалансаванасць рацыёнаў па наяўнасці ў меню вядучых прадуктаў (мяса, рыбы, малака, соку, дэфіцыт якіх дасягае 15-20 працэнтаў). Недахоп у дзіцячым арганізме жывёльнага бялку, вітамінаў і мікраэлементаў прыводзіць да парушэнняў працэсаў росту, зніжэння памяці і ўважлівасці, устойлівасці да дзеяння, інфекцый і іншых фактараў, росту хранічных захворванняў. Паводле вынікаў мінулагодняга медыцынскага агляду школьнікаў выяўлены адхіленні ў здароўі 1215 вучняў (42,1%), а ў папярэднім – 1,669 (48,3%).
У структуры захваральнасці школьнікі часцей пакутуюць на вастрыню зроку (21,9%), заўважаны адхіленні функцый сардэчна-сасудзістай сістэмы (14,4%), парушэнні ў рабоце апорна-рухальнага апарату (12,7%), дысфункцый вегетатыўнай нервовай сістэмы (13,3%), у страўнікава-кішачным тракце (13,9%).
Як бачым, у раёне праведзена пэўная работа ў павышэнні стану ўнутрышкольнага здароўезберагальнага асяродку. Разам з тым, неабходна прадаўжаць удасканальваць вучэбны працэс, паляпшаць якасць харчавання школьнікаў і вытворчы кантроль, набываць неабходную мэблю, афтальматрынажоры, выконваць запланаваныя мерапрыемствы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы школ. Асаблівую ўвагу сумесна з бацькамі неабходна надаваць правільнаму рэжыму дня школьнікаў, у якім усё павінна быць дакладна размеркавана: працягласць заняткаў у школе і дома, прагулкі, рэгулярнае харчаванне, чаргаванне працы і адпачынку, абмежаванне часу ля камп’ютара, тэлевізара і сучасных мабільных тэлефонаў.
Уладзімір ЛАПУС, урач-гігіеніст райЦГЭ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro