Проза жыцця і лірыка пачуццяў злучыліся ў жывапісе

Проза жыцця і лірыка пачуццяў злучыліся ў жывапісе

Неаднойчы задумвалася: адкуль бяруцца таленты, дзе яны нараджаюцца, што спрыяе іх узнікненню, развіццю? І прыходзіла да высновы: напэўна, у тых мясцінах, дзе некранутая прырода: непраходны гушчар лясных пушчаў, прастор зялёных лугоў, квецень дзікіх яблыняў і груш. Менавіта ў такіх куточках адчуваецца спрадвечнасць. Гэтае хараство нараджае людзей творчых, якія бачаць свет па-іншаму і паказваюць яго з дапамогай паэтычнага слова, пэндзляў і фарбаў.1
Ніна Мікалаеўна Карпук (у дзявоцтве Галавейка) нарадзілася менавіта ў такім месцы – на хутары за Вежкамі, дзе налічвалася ўсяго шэсць хат. Змалку бачыла хараство наваколля і імкнулася адлюстраваць гэтую прыгажосць на паперы. Дзяўчынка брала ў рукі аловак і пачынала маляваць. Вось рамонак падставіў свае пялёсткі сонейку, страказа села на травінку-былінку, кропелька расы застыла на званочку. Вельмі любіла Ніначка маляваць кветкі. Часта з’яўляліся на паперы і коні. Бачыла іх ва ўласнай гаспадарцы, у суседзяў. Розныя былі: белагрывыя, чорнай масці, гнядыя. Скакуны-прыгажуны, вачэй не адарваць! На малюнках яны то запрэжаныя, то спакойна пасуцца на лузе, а то падняліся на дыбы ды так і застылі. “І адкуль талент у яе такі?” – дзівіўся тата Мікалай Нічыпаравіч.
Не пакідала свайго захаплення Ніначка і ў школе. Скончыла чатыры класы польскай, а потым яшчэ год атрымлівала веды ў Вежкаўскай – на тым і ўся вучоба. Гаспадарку мелі вялікую, патрэбна было дапамагаць бацькам. Мела дзяўчынка і сваю патаемную мару: вучыцца на мастака, нават сны пра гэта сніла. Мара збылася. Аднойчы прачытала яна ў газеце аб’яву: у Брэсце адчынілася мастацкая студыя, якая набірала маладых людзей, здольных да малявання, тэрмін навучання – адзін год. Ніначцы тады было 18. Вечарам набралася смеласці і аб’явіла бацькам: “Паеду вучыцца!” Маці толькі рукамі ўсплёснула, маўляў, куды. Ад бацькі пачула ў адказ: “Ты ж далей Жабінкі нідзе не была, як дабярэшся ў Брэст і як там сама будзеш?”
Але дазволілі. Той год і цяпер Ніна Мікалаеўна ўспамінае з цеплынёй, радасцю ў вачах.
У студыі вучылі розным тонкасцям: як правільна маляваць партрэты, на што звяртаць увагу пры стварэнні пейзажаў, як не парушыць прапорцыі і атрымаць пэўныя фарбы. Педагогі адразу заўважылі талент дзяўчыны, давалі ёй складаныя заданні, якія яна паспяхова выконвала.
Непрыкметна праляцела вучоба, Ніна вярнулася ў бацькоўскую хату. Неяк калгасны ветурач папрасіў дзяўчыну намаляваць яго, калі ён за работай: лечыць каня. Карціна доктару спадабалася.
Праз два гады Ніна выйшла замуж у Крыўляны за Фёдара Карпука. Тут маладая сям’я асела, пусціла карані: пабудавалі свой дом, нарадзілі двух сыноў – Валерыя і Фёдара. Нягледзячы на хатнія клопаты, малых дзяцей, жанчына знаходзіла час для любімага занятку. На карцінах пачалі з’яўляцца краявіды навакольных вёсак, адну з работ мастачка прысвяціла Вежкаўскай царкве, якая была спалена немцамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, стварала яна на заказ і копіі палотнаў вядомых мастакоў. Аднойчы старшыня калгаса заказаў у Ніны “Паляўнічых на прывале” і “Трох багатыроў”. Карціны яму спадабаліся, потым, калі пераехаў у Брэст, забраў іх з сабою.
Работы крыўлянскай мастачкі сталі ўпрыгожваць дамы ў Глыбокім, Стаўпах, Вежках, Гарэлках, іншых вёсках раёна.
Дзіву даешся, калі толькі паспявала Ніна Мікалаеўна маляваць, а яшчэ ткаць, вышываць, бо з ранку да вечара шчыравала ў калгасе “Світанак”, выконвала розную работу: была ўчотчыцай, працавала паляводам, даяркай, на свінаферме. Муж заўсёды падтрымліваў і разумеў Ніну. Фёдар Андрэевіч працаваў цесляром на калгаснай пілараме, заўсёды знаходзіў час, каб зрабіць рамкі для карцін, нацягваў палотны і рыхтаваў іх для работы: апрацоўваў спецыяльным клеем. Праз суткі можна было маляваць. Фарбы мастачка выпісвала з Мінска і нават з Масквы.
Работы Ніны Карпук неаднойчы выстаўляліся ў Крыўлянскім СДК. І карціны, і вышыўкі майстрыхі можна было бачыць на святах вёскі.
…Даўно Ніна Мікалаеўна не малюе, не рукадзельнічае, мае шаноўны ўзрост – у сакавіку ёй споўніўся 91 год. Жыве сама, муж адышоў у іншы свет сем гадоў таму. Наведваюць жанчыну сыны: Валерый прыязджае з абласнога цэнтра, Фёдар з Жабінкі. Не забываюць бабулю ўнукі і праўнукі. У доме Ніны Карпук захавалася цэлая калекцыя вышытых ёю абрусаў, ручнікоў, навалачак для падушак, з карцін – толькі тры. А вось унук Дзмітрый стварыў у сваім доме сапраўдны музей з бабуліных работ.
Самая любімая і дарагая для Ніны Мікалаеўны карціна “Польскае паляванне”, бо вяртае яе ў гады маладосці, творчасці і натхнення.
Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top