Бараніце рыбу ад… рыбаводаў

Бараніце рыбу ад… рыбаводаў

Untitled-12Апошнім часам пачасціліся выпадкі крадзяжу ў рыбгасе “Сакалова”. Калі ў судзе разглядаюцца ў вялікай колькасці справы, падобныя адна на другую, міжволі патрэбна задумацца, чаму адбываецца такое. Асабліва прыкра, калі злачынствы здзяйсняюць тыя, хто паводле сваіх абавязкаў павінен сачыць за маёмасцю гаспадаркі, ахоўваць сажалкі ад розных браканьераў, берагчы рыбнае багацце.  Так, напрыканцы мінулага года адбыўся суд над Андрэем Т. і Віктарам І., якія ў дзень здзяйснення злачынства былі… на дзяжурстве ў рыбгасе! За тое, што яны ўкралі больш як паўсотню кілаграмаў рыбы, кожны быў пакараны выпраўленчымі работамі на тэрмін паўтара года з утрыманнем 20 % з заробку ў даход дзяржавы. А 18 студзеня ўжо сёлета на лаве падсудных апынуліся адразу тры рыбаводы рыбгаса “Сакалова”: Дзмітрый М., Пятро Ж. і Аляксандр П.
Як аказалася на самой справе, яны нядобрасумленна адносіліся да сваіх прамых абавязкаў. Больш таго, два першыя дапамаглі браканьерам Аляксандру А. і Андрэю Ш. красці з рыбгасаўскіх сажалак рыбу. За адну толькі ноч тымі было вылаўлена яе звыш паўтоны. Такім чынам, філіялу “Рыбгас “Сакалова” ААТ “Палессегіправодгас” была нанесена матэрыяльная страта больш чым на 23 мільёны рублёў.
Трэці з падсудных, Аляксандр П., будучы на дзяжурстве, сам налавіў у сажалках “Кабылянка” і “Барок” два прапіленавыя мяшкі рыбы і быў затрыманы ў Федзькавічах супрацоўнікам дарожна-патрульнай службы, калі ехаў дамоў у Брэст. Аляксандраў крадзеж падпаў пад частку 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Вінаваты быў аштрафаваны на 35 базавых велічыняў, або на суму 7 мільёнаў 350 тысяч рублёў.
На папярэднім следстве браканьеры Аляксандр А. і Андрэй Ш. адмаўлялі, што яны дзейнічалі па дамоўленасці як між сабою, так і з рыбаводамі. На судзе, калі ім былі прад’яўлены неаспрэчваемыя факты, вымушаны былі прызнацца, як па дарозе сустрэлі дзяжурных рыбаводаў і папрасілі нібыта парыбаліць на сажалках. І тыя далі згоду на гэта. Калі Пятро Ж. і Дзмітрый М. (а былі менавіта яны) адышлі, заезджыя браканьеры хуценька надзелі рыбацкія касцюмы, зайшлі ў ваду – і пачалася лоўля. З сачка самы ды карпы, амуры ды карасі, таўсталобікі ды шчупакі хутка перакідаліся ў мяшкі. Калі напоўнілі адзінаццаць мяхоў, дык пяць загрузілі ў машыну аднаму, шэсць – другому. Аляксандр А. ужо збіраўся ехаць дамоў, як нечакана паявіліся работнікі дзяржінспецыі. Яны затрымалі браканьера і выклікалі міліцыю…
Суд раёна прызнаў Аляксандра А. і Андрэя Ш. вінаватымі ў тайным крадзяжы групай асобаў, гэта значыць, у здзяйсненні злачынства, якое прадугледжана часткай 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і назначыў кожнаму выпраўленчых работ на тэрмін у адзін год з утрыманнем 10 % заробку ў даход дзяржавы.
За пасобніцтва, якое выразілася ў тым, што рыбаводы Дзмітрый М. і Пятро Ж. па папярэдняй дамоўленасці пакінулі ахоўваемы аб’ект, тым самым дазволілі браканьерам красці рыбу, суд, на аснове артыкула 2.4 і часткі 1 артыкула 10.5 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэнняў, падверг іх штрафу ў памеры дзесяці базавых велічынях, або на суму 2,1 мільёна рублёў, кожнага.
Хочацца ўказаць кіраўніцтву філіяла “Рыбгас “Сакалова” ААТ “Палессегіправодгас” на тое, што вядзецца недастатковая работа па падборы і расстаноўцы кадраў, таму на пасады рыбаводаў трапілі людзі нячыстыя на руку.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro