Кніжнае свята было на сюрпрызы багата

Кніжнае свята было на сюрпрызы багата

2 красавіка, у дзень нараджэння вялікага казачніка Ганса Хрысціяна Андэрсана, калі ўвесь свет адзначаў Міжнародны дзень дзіцячай кнігі, у нашым райцэнтры адбыўся першы раённы фестываль дзіцячай кнігі. Ініцыяваў яго правядзенне гісторык, пісьменнік і журналіст Анатоль Бензярук пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта, раённай і дзіцячай бібліятэк і гарадскога Дома культуры.
IMG_0221Халоднае, ветранае надвор’е не перашкодзіла аматарам і прыхільнікам кніг прыняць удзел у святочным мерапрыемстве, праграма якога здзівіла насычанасцю і разнастайнасцю.
Адкрываючы фестываль, намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк павіншавала ўсіх са святам, пажадала часцей чытаць звычайныя, друкаваныя кнігі, а не электронныя, акунацца ў свет прыгод, суперажываць героям.
Дзіцячы пісьменнік Валерый Гапееў, які выступіў ад імя сваіх калег па пяру, падкрэсліў, што па кніжках мы вучымся дабру, сяброўству, любові. У знак удзячнасці за запрашэнне на свята ён падарыў Але Сцяпанаўне сваю кнігу “Сонечная паляна”.
Абодва выступоўцы выказалі пажаданне, каб правядзенне фестывалю дзіцячай кнігі стала добрай штогадовай традыцыяй.
Затым адбылася тэатралізаваная гульнёвая праграма для дзяцей “У гасцях у Мэры Попінс”.
Гераіня казачнай аповесці Памелы Трэверс, у якую выдатна пераўвасобілася Ліяна Дзмітрук, правяла конкурс па афармленні парасонаў “Оле-Лукойе”. Дзесяць удзельніц пазмагаліся за званне лепшай выдум-шчыцы-афарміцеля. Журы ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Алы Ануфрыюк і выконваючай абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Наталлі Бернат складана было вызначыць пераможцаў: усе парасоны былі ярка, прыгожа аформленыя, удзельніцы праявілі фантазію і творчы падыход. У выніку граматы за першае, другое і трэцяе месцы і кнігі ў падарунак дасталіся адпаведна сям’і Бусько, Дар’і Шубскай і Альбіне Казей.IMG_0252
Затым свята перамясцілася ў фае ГДК, дзе дзяўчынак і хлопчыкаў чакалі выстава дзіцячых малюнкаў “Мой любімы казачны герой”, захапляльныя майстар-класы педагога РЦТДіМ Святланы Поснікавай па стварэнні сувеніраў з газетных трубачак “Папяровыя фантазіі” і рамесніцы Галіны Івановай (не блытайце з дырэктарам РЦТДіМ) – у тэхніцы арыгамі. У прысутных была магчымасць абмяняць прачытаную кнігу на новую, прыняўшы ўдзел у акцыі “Free Books”, якую праводзіла бібліятэкар Таццяна Раманава. Але найбольшая чарга ўтварылася ля “Кніжнай бальніцы”. Хлопчыкі і дзяўчынкі пад кіраўніцтвам “галоўнага ўрача”, бібліятэкара Таццяны Прадзялюк “лячылі” парваныя кніжкі з дапамогай клею і скотча. Самыя лепшыя “дактары” атрымалі падарункі.
Юныя аматары кніг з задавальненнем разгадвалі крыжаванкі, за якія таксама заахвочваліся сувенірамі. Словам, кожны мог знайсці занятак па душы.
Прадоўжыўся фестываль дзіцячай кнігі тэатралі-заваным відовішчам “Казкі Алёнушкі” і святочным канцэртам – аглядам-конкурсам “Эстрадны мікс”.
Але самае цікавае, на мой погляд, чакала юных чытальнікаў у раённай і дзіцячай бібліятэках, куды неўзабаве перамясцілася свята.
У раённым храме кніг адбылася літаратурная сустрэча “Берасцейскія галасы”. Прысутныя пачулі галасы-выступленні пісьменнікаў Аляксандра Валковіча, Анатоля Брытуна, Анатоля Бензерука і паэткі Настассі Нарэйка.IMG_0190
Гаворка ў зале вялася пра самыя галоўныя каштоўнасці ў жыцці кожнага чалавека: родны край, родную мову, бацькоў. Не абышлі ўвагай і гісторыю Беларусі. Атрымаўся шчыры, давяральны дыялог паміж творцамі і слухачамі розных узростаў.
Асабіста мяне найбольш кранула знаёмства з Настассяй Нарэйка. Як высветлілася, яна – мая зямлячка, родам з Мала-дзечна. А яе вершы, якія чытала сама Насця і вядучая сустрэчы бібліятэкар Валянціна Славуціч, адзін у адзін паўтаралі мае думкі і пачуцці. Мы з Настассяй пусцілі карані “на чужыне”, а вабіць-кліча, сніцца малая радзіма, і вось гэты ўнутраны разрыў не дае спакою.
Людзі ж сталага веку, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, ад усяго сэрца дзякавалі пісьменніку Анатолю Брытуну за аповесці “Пах мускусу” і “Сяліба”.
– Хто любіць прыгоды, чытайце першую кнігу, а хто любіць праўду жыцця, чытайце другую, – выказаў пажаданне аўтар.
Сябра клуба “Суразмоўнік”, у мінулым педагог Вера Іванаўна Вайцюк прызналася, што плакала, калі чытала “Сялібу”, таму што твор нагадаў ёй уласную маладосць і лёс яе мужа.
Нікога з прысутных не пакінула абыякавым і выступленне Анатоля Бензерука. Ён падзяліўся, як працаваў над сваімі кнігамі па гісторыі роднага краю, раскрыў творчыя планы на будучае.
Разыходзіцца напрыканцы святочнага мерапрыемства нікому не хацелася. Першы ў нашым раёне фестываль дзіцячай кнігі, несумненна, атрымаўся “не комам” і, спадзяемся, будзе мець працяг.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro