“Ёсць усё, што вяскоўцам трэба!”

“Ёсць усё, што вяскоўцам трэба!”

Дастаткова наведаць магазін № 38 “Прадукты” ў Старым Сяле, каб пераканацца: зусім невыпадкова імя яго загадчыцы Надзеі Козіч сёлета занесена ў Галерэю працоўнай славы раёна. Яе ўпэўненае: “Ёсць усё, што вяскоўцам трэба!” – ахвотна пацвярджаюць пакупнікі. Да таго ж лагодная ўсмешка (хоць і не ўваходзіць яна ў “прэйскурант”) ад Надзеі Пятроўны сустракае кожнага, хто завітае ў краму. Калі так далей пойдзе ў гэтай рухавай жанчыны, хутка ў Старым Сяле і натуральным птушыным малаком гандляваць будуць?!
IMG_4745Старое Сяло – хоць вёска і старая, ды не малая. Разам са старшынёй Азяцкага сельвыканкама Ларысай Харс заходзім у мясцовую краму, што месціцца ў цэнтры паселішча, на перакрыжаванні дарог.
“Магазіншчыцу” Ларыса Уладзіміраўна хваліць:
– І працавітая, і добразычлівая, і да людзей уважлівая, а гэта на вёсцы цэніцца: тут жа ўсё навідавоку, тым больш калі працуеш за прылаўкам.
Згадваю нядаўнюю размову з дырэктарам філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” Таццянай Васільеўнай Масейка:
– Калі адбіралі кандыдата ў Галерэю працоўнай славы, улічвалі некалькі важных крытэрыяў: ці ёсць нараканні на працу з боку кантралюючых органаў, наколькі паспяховым выдаўся ў гандляра мінулы год, якія адносіны склаліся ў яго з пакупнікамі. Бо на вёсцы магазін не проста месца для пакупак – гэта пэўны мікрасвет, куды людзі прыходзяць і для таго, каб мець зносіны, даведацца пра навіны. І пры гэтым не пайсці з пустымі рукамі, тым больш з сапсаваным настроем.
Гэтым крытэрыям Надзея Козіч цалкам адпавядае. Колькі б ні было маніторынгаў, праверак, заганных рэчаў у магазіне
№ 38 не выяўлена, галоўныя “кантралёры” – вяскоўцы – благога слова пра яе не скажуць, а наадварот, хваляць і паважаюць. І з лічбамі парадак: летась у старасельскай краме рознічны тавараабарот склаў амаль чатыры мільярды рублёў (не ўсе нават гарадскія магазіны могуць пахваліцца такім паказчыкам).
Надзея Пятроўна сустрэла нас трохі збянтэжана: такой увагі ад прэсы ніяк не чакала. Аднак ужо праз лічаныя хвіліны гаспадарліва правяла па краме, паказваючы і выкладку тавараў, і разнастайны іх асартымент: прадукты рыбныя, мясныя, хлебабулачныя, бакалея, напоі…
Сёлета ў загадчыцы магазіна працоўны юбілей. Роўна 30 гадоў як звязала яна свой лёс з гандлем. Зусім нядоўга застаецца, каб паўтарыць ці нават пераўзысці матулін “рэкорд”: Ганна Еўдакімаўна Федасюк трыццаць тры гады жыцця прысвяціла магазіну ў Старым Сяле.
Тут агаворымся: не гэтаму, дзе працуе яе дачка… Справа ў тым, што крама ў Старым Сяле перажыла пераезд на новае месца “жыхарства” і сапраўднае другое нара-джэнне: колькі гадоў таму тут пашчыравалі будаўнікі, і сённяшняе памяшканне магазіна і ягонае начынне – справа іх працавітых рук. За гэта ім выказваюць падзяку не толькі працаўнікі прылаўка, але й наведвальнікі.
Свой шлях у прафесію Надзея Пятроўна пачала яшчэ са школьнай пары, калі займалася ў вучэбна-вытворчым камбінаце на прадаўца харчовых і прамысловых тавараў. Так, выбар быў свядомы, а таму адказны. Працоўную кар’еру пачынала ўлетку 1986-га на малой радзіме – у Сычове, затым перайшла ў Азяты і нарэшце – у Старое Сяло. Дапамагла ўвайсці ў справы былая загадчыца Валянціна Чарнак (зараз Валянціна Аляксееўна выконвае таксама вельмі патрэбныя людзям абавязкі: з’яўляецца сацыяльным работнікам). З 2014 года Надзея Пятроўна Козіч загадвае магазінам. І радуецца, што прафесія, на якую некалі натхніла яе маці, цяпер не абыякавая і дачцэ – Таццяне Шкураль. Пасля заканчэння Азяцкай школы Таццяна Аляксандраўна паспяхова вывучылася на прадаўца ў Кобрынскім каледжы і сем гадоў таму прыйшла працаваць “пад матуліну руку”. Малады спецыяліст з удзячнасцю гаворыць:
– З першага дня мама дапамагала мне асвойваць прафесію, усё, што ўмею – ад яе перайшло. Яна найлепшая ва ўсім!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Надзея Козіч – лепшая ў гандлёвым абслугоўванні па выніках 2015 года.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top