Untitled-13

Рэарганізацыя СВК пачалася

У ліпені 2014 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прыняў чатыры ўказы па фінансавым аздараўленні аграпрамысловага комплексу, павышэнні эфектыўнасці арганізацый АПК і рэарганізацый сельгаспрадпрыемстваў. Паводле аднаго з пералічаных дакументаў, да канца бягучага года ўсе кааператывы будуць рэарганізаваны ў гаспадарчыя таварыствы.
У нашым раёне на сённяшні дзень налічваецца 9 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, з якіх два адкрытыя акцыянерныя таварыствы – “Ракітніца” і “Жабінкаўскі”. Згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі №349, сельгаскааператывы павінны рэарганізавацца да канца года. Паводле рашэння райвыканкама №270 ад 2 сакавіка г. г. рэарганізацыя на Жабінкаўшчыне пачалася з 1 красавіка.
Пераўтварэнне сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў у акцыянерныя таварыствы дасць магчымасць прыцягваць інвестараў, уключаючы замежных.

Лепшы стараста вобласці жыве ў Сяхновічах

На Брэстчыне праводзіўся конкурс сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па рашэнні пытанняў жыцц­­езабеспячэння насельніцтва ў 2015 годзе. Нядаўна сталі вядомы яго вынікі. Сярод пераможцаў названа стараста вёскі Малыя Сяхновічы Сцяпанкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Надзея Рыгораўна Юдзіна. Яна заняла трэцяе месца ў намінацыі “Адзінаасобныя органы тэрытарыяльнага грамадскага кіравання” і ўзнагароджана Дыпломам ІІІ ступені Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў.

Грэе сонца, а не батарэя

На вуліцы ўсталявалася па-вясноваму цёплае надвор’е – днём слупок тэрмометра падымаецца да адзнакі 15-19 градусаў па Цэльсію. Таму Брэсцкі абласны камітэт даў “дабро” з 6 красавіка на паступовае адключэнне цяпла на прамысловых аб’ектах, у адміністрацыйных будынках, інтэрнатах, гасцініцах, навучальных установах. У апошнюю чаргу пахаладаюць радыятары ў дзіцячых садах, санаторыях, медыцынскіх установах, музеях, архівах, бібліятэках.

Чысты пасёлак – справа рук школьнікаў

Вучні 11 “Б” Ленінскай адзінаццацігодкі ў аўторак далучыліся да акцыі “Тыдзень лесу – 2016”, дружна выйшлі з граблямі, венікамі, рыдлёўкамі і мяхамі, каб навесці чысціню і парадак у аграгарадку.
Лёша і Ілля Пунько, Саша Данілюк, Дзіма Краўчук, Лёша Марушчак, Яўген Мацвяюк, Артур Амараў, Улад Салей, Рыгор Федасюк, Максім Шараў і Яўген Зарэмба разам з класным кіраўніком Аляксандрам Філіманюком шчыра парупіліся. Школьнікі прыбралі ад смецця лясны масіў за аграгарадком і вадаём – любімыя месцы адпачынку мясцовых жыхароў. Падлеткі назбіралі цэлы прычэп смецця – каля дзвюх тон.

Конкурс “Лепшыя тавары”

Сёлета ў краіне ў пятнаццаты раз аб’яўлены конкурс “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, у якім могуць прыняць удзел юрыдычныя і фізічныя асобы, што аказваюць паслугі ці вырабляюць прадукцыю. Вызначацца пераможцы ў намінацыях: “прамысловыя тавары”, “прамысловыя тавары для насельніцтва і вырабы народных прызначэнняў”, “паслугі насельніцтву”. Арганізацыі, тавары якіх атрымалі званне лаўрэата конкурсу, узнагароджваюцца дыпломамі, а таксама атрымліваюць права размяшчэння лагатыпу конкурсу на таварах і на ўпакоўцы.
Падрабязная інфармацыя размешчана на сайце Дзяржстандарту ў раздзеле “Конкурсы ў галіне якасці”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro