Своя повесть жизни

Своя повесть жизни

Свая аповесць ёсць у кожнага чалавека, які нямала пражыў на свеце, нарадаваўся жыццю і напакутаваўся ў ім. Асабліва калі ўласны лёс пераплецены з лёсам народа, на гістарычным шляху якога такія этапы, як падзел краіны на заходнюю і ўсходнюю, вайна, калектывізацыя, перыяд рэпрэсій… Усё гэта перажыла жыхарка Навасадаў Таццяна Аляксандраўна Марозка (улетку наступнага года жанчыне споўніцца 80). Каму, як не ўнукам і праўнукам, найперш паведаць пра сябе? Яна расказвала, пакуль унучка Таня, слухаючы кожны раз з затоеным дыханнем, спахапілася: “Бабуля, дык гэта ж цікава будзе не толькі для нас!..”
Так Таццяна Марозка ўзялася за самапіску. Выклала перажытае на паперу як магла, напісанае паказала супрацоўнікам нашай газеты. Нас усхвалявалі яе ўспаміны. Давайце разам перагорнем іх.
Пачну з дзяцінства. Нарадзілася я ў вёсачцы Херма, гэта недалёка ад Радванічаў, якой цяпер няма. З 12-ці сядзібаў засталася адна, гаспадар яе — далёка немалады чалавек.
Сям’я ў нас была вялікая: тата, Аляксандр Палікарпавіч, мама, Зінаіда Цімафееўна, і нас пяцёра, усе дзяўчынкі. Бацька вельмі хацеў сына, ды так і не дачакаўся. Але любіў нас і шкадаваў, хоць быў і строгі часамі. Як гаспадару, яму даводзілася многа працаваць. Маме хацелася прыгатаваць для яго чым смачнейшае і пабольш, а ён усё роўна дзяліўся з намі. Мы як маглі дапамагалі маці і бацьку. У ступе таўклі проса на кашу, у жорнах малолі муку на хлеб, нават дровы пілаваць дапамагалі, чапляліся за пілу папераменна. Дроў трэба было шмат, не было ж ні газу, ні электрычнасці. Палілі ў печы і ўлетку, і ўзімку.
Жыцця за Польшчай амаль не памятаю. Але ведаю, што бацька моцна любіў савецкую ўладу. Мама казала, што ён яшчэ нежанатым чырвоныя сцягі развешваў на высокіх дрэвах, часцей за ўсё каля дарогі. Школьную навуку я праходзіла так: два класы ў польскай школе, два — у савецкай. Памятаю, як хадзіла ў школу ў суседняе Падлессе. Хадзілі з сяброўкаю праз дзень, бо пасвілі кароў. Ісці да школы было чатыры кіламетры. Не вельмі далёка, але ж трэба было ісці праз лес, а там ваўкі бегалі. Нашы мамы заўсёды сустракалі нас.
Настаў пракляты 1941-ы. Мне было тады дзесяць гадоў. У тую нядзелю мужчыны паехалі на базар у Брэст. Ехаць трэба было каля Паўднёвага ваеннага гарадка. Мітусня вайскоўцаў наводзіла на думку, што праходзяць нейкія вучэнні. Не, гэта быў пачатак вайны. Усе павярнулі коней назад, толькі мой бацька паехаў далей. Замест тавараў ён прывёз дадому чатырох жанчын. У дзвюх былі маленькія дзеткі, адна маладая жанчына, Дуся, нарадзіла ў нас дзяўчынку. Гэта былі жонкі вайскоўцаў. Дома ў нас яны перазімавалі. Потым яўрэйка Дуся выправілася з дзіцем у Зводы на Кобрыншчыну. У 1942 годзе іх расстралялі фашысты. Астатніх жанчын бацька пераправіў у партызанскі атрад.
Бацька быў у партызан сувязным. Нехта выдаў яго. Уначы немцы забралі тату. Неўзабаве выпусцілі. Так было двойчы: забіралі і адпускалі. Калі арыштавалі трэці раз, па яго ў Брэст паехаў племеннік, сын роднай сястры Васіль Міхно. Ён служыў у нямецкай паліцыі. Але дзядзькі свайго ён не прывёз. Бацька сядзеў у Брэсцкай турме. Адзін раз у месяц можна было перадаць што-небудзь з яды, споднюю бялізну. Часам зашывалі ў тоненькі рубец запісачку. Калі ахоўнікі знаходзілі яе, тады вярталі назад усё. Але той дзень быў апошні. Людзі сабраліся ў калідоры, стаялі ў гнятлівай цішыні. Выйшаў немец з вялікім спісам і паведаміў, што ўсіх павезлі ў Нямеччыну. Мала хто ў гэта паверыў. Многа пазней я даведалася праз ваенкамат, дзе пахаваны наш бацька. Некалькі разоў наведвалася, пакуль знайшлі дакументы. На месцы, дзе гітлераўцы расправіліся з вязнямі, зараз электралямпавы завод, а ў той час былі там нейкія земляныя валы. На тэрыторыі завода цяпер стаіць агульны помнік, вось толькі проста так да яго не трапіш.
Ваеннае дзяцінства было трывожным. Неяк ноччу немцы прыехалі на грузавіку і размясціліся каля нашай хаты. Адзін, даўгавязы, разлёгся ў кухні на падлозе. Малых дома было трое. Мы стаялі каля печкі і не маглі цераз яго пераступіць, баяліся. Нечакана немцы забілі трывогу: едуць партызаны. Пахапалі кулямёты, адзін з іх скочыў у хату і гэтага даўгавязага піхнуў нагою, а нам сказаў уцякаць з дому. Мы хацелі бегчы да рэчкі, але за плотам пачулі нямецкую гаворку і пападалі ў разоры паміж градкамі. Ляжалі да раніцы. Пачало світаць, і тады ціхенька пайшлі дадому. Немцаў ужо не было. Прабылі яны ў засадзе дарма: партызаны на ростані дарог паспрачаліся, куды ехаць, і накіраваліся іншай дарогай. Хтосьці з іх быў шчаслівы. Гэта было ў 1942-м.
Старэйшая сястра Настасся пачала дапамагаць партызанам замест бацькі. Аднойчы ёй перадалі ў мяшку міны, яны ляжалі ў сенях пад жорнамі. У наступную ноч іх павінны былі несці на чыгунку. Мама пра гэта нічога не ведала. Раніцаю прыехалі немцы. Адразу зайшлі ў нашу хату, балазе яна стаяла першай каля дарогі. Яны хадзілі па хаце, усюды зазіралі, аднак жорны абмінулі. Узляцелі б мы з мамай у паветра разам з хатаю! Толькі я і мама былі дома, астатнія начавалі ў лесе. Сям’я поўным складам не заставалася ў хаце на ноч. Хто ішоў у лес, хто ў поле. Думалася так: хоць хто-небудзь застанецца жывы. А крыві лілося нямала. Памятаю, мы, дзеці, пасвілі кароў недалёка ад вёскі. Раптам пачулі страляніну і кінуліся наўцёкі. З лесу выбеглі дзве жанчыны, у аднае была акрываўленая рука. Гэта фашысты расстрэльвалі жанчын-“усходніц”, а з імі і дзяцей.
У лясной вёсцы Херма партызаны бывалі часта. Як і немцы. Адным і другім трэба былі харчы, і людзі давалі. Летам 1944-га прыгожа цвілі сады. Але што вайне да прыгажосці! Немцы зрабілі аблаву на партызан і паплаціліся: трапілі ў засаду. Жыць у вёсцы пасля гэтага стала немагчыма. Жыхары ўцякалі хто куды, абы чым далей. У нас не было ні каня, ні калёсаў, немцы забралі. Пяцёра дзяўчынак узялі па клуначку, мама цягнула карову на вяроўцы. Падаліся да цёткі на хутар. Днём у яе, а ноччу ў лесе. Фашысты шукалі вяскоўцаў, каб адпомсціць за няўдалы бой з партызанамі. Аднак захопнікі ўжо адступалі, і праз тыдні два людзі патроху пачалі вяртацца. Як жа страшна і шкада было пазіраць на вёску: усё чорнае, адны коміны не згарэлі… Сем’і, у каго быў гаспадар, будавалі зямлянкі. Мы зрабілі будан: закапалі чатыры слупы, аплялі лазою, а страху зрабілі з чароту. Перагародка дзяліла хаціну напалам: у адной палавіне жылі мы, у другой стаяла наша карова. Яе мы называлі Партызанкаю, таму што яна заўсёды была з намі. Нарыхтавалі трохі сена і на ім спалі. А позняй восенню, калі дыхаеш, дык над ілбом замярзаюць валасы. Знайшліся добрыя людзі-хутаранцы, пусцілі нас перазімаваць. З прыходам савецкіх войскаў непадалёку ад вёскі спыніўся будаўнічы батальён. Вечарамі прыходзілі салдаты з гармонікам. Адзін старшына сказаў маці: у вас, бачу, такая вялікая жаночая сіла, будзеце мыць салдацкую бялізну, дык салдаты пабудуюць вам дом. Сасновых бярвенняў у нас было тады ўжо нямала, вазілі то сваякі, то тыя, каго наймалі. Вайскоўцы стрымалі слова: пабудавалі “сібірскі дом”. І печ зляпілі, а падлогу мы самі зрабілі з гліны. Былі вельмі рады, што ёсць сваё жытло. А яшчэ радаваліся таму, што, дзякуй Богу, скончылася вайна.
Мне 14, у такіх гадах ужо на кавалак хлеба зараблялі. Але зарабіць не было дзе. Як і купіць. Аднойчы з сяброўкаю пайшлі за 18 кіламетраў у Брэст. Занялі чаргу ў адну краму, у другую. Вярнуліся ў першую, яна ўжо адчынілася, а нас людзі не пускаюць: вы, кажуць, чаргі не займалі! Давялося прасіць міліцыянера. З двума буханкамі на руках зноў прайшлі 18 кіламетраў, дадому.
Два сезоны я працавала ў Паўднёвым гарадку, служыла ў вайскоўца. Дзяцей даглядала: хлопчыку было 9 гадоў, а дзяўчынцы 3. Валера і Ала. Цяжка было з мыццём бялізны. Яе трэба было кіпяціць, потым цэлы дзень прасаваць. У кватэры быў прыгожы паркет, і я праз дзень націрала яго мастыкай. Добра, што гаспадары добрыя трапіліся, не паганялі. Нават імёны іх памятаю: Паліна Міхайлаўна і Васіль Мікалаевіч, прозвішча — Малянок.
Праз некаторы час зноў паявілася работа. Мне ўжо было 18. Спачатку падпісваеш дагавор з наймальнікам, не ведаючы, што работа катаржная: капалі торф уручную. Усе дзяўчаты плакалі, але ж дагавор падпісаны… Потым звыкліся, дый грошы на той час былі не кепскія.
Цяжка было апрацоўваць зямлю. Ні гаспадара, ні каня. А тут яшчэ падатак, дзяржаўная пазыка. Зямлі ў нас было пяць гектараў, бацька і маці куплялі яе яшчэ ў паноў. Няма зямлі — ніхто дачку замуж не возьме. Памятаю, як мама не паспела выплаціць падатак. Прыйшоў агент і стаў раскрываць бурт з бульбаю. Мама ўпала на бурт і пачала маліць чалавека не забіраць: як жа без бульбы! Апранутая яна была ў стары кажушок. Агент цягнуў за яго і адарваў каўнер. Мы стаялі навокал і плакалі. Здаецца, калі б гэта было цяпер, дык мы яго камянямі закідалі б, а тады Сталін “да белых мядзведзяў” адправіў бы. Цярплівая маці, аднак, даведалася, хто гэты агент: у вайну працаваў на немцаў. Пайшла ў Жабінку да аднаго адказнага чалавека, які добра ведаў нашага бацьку. З таго часу мы агента больш не бачылі.
Калі пачалі арганізоўваць калгасы, дык маці першая з вёскі запісалася, таму што ніякай сілы не было самім апрацоўваць вялікі кавалак зямлі. Суседзі ж ад калгаса ў пограбы хаваліся. І з маці здзекаваліся, палкамі замахваліся, пагражалі. А потым іх прыціснулі так, што ўжо самі прасіліся ў калгас. Цяжка было працаваць там: жалі жыта сярпамі, кароў даілі рукамі, на сабе ж і бідоны цягалі…
І ўсё ж было жыць весела: маладосць! Уся вясковая моладзь збіралася па вечарах у каго-небудзь дома, хто вязаў, хто вышываў. Заўсёды хадзілі ў царкву, акурат там найчасцей знаёміліся з хлопцамі. Ішлі басанож паўз самыя платы, бо шкадавалі туфляў, у кожнай дзяўчыны яны адненькія.
Старэйшыя мае сёстры павыходзілі замуж. Засталіся я і найменшая. Неяк у Брэсце затрымалася маці. Нам вельмі хацелася есці. Было малако, яго і пілі. Праз некаторы час выйшла замуж і меншая сястра. Я з мамаю хадзілі ў лес, збіралі грыбы, ягады, насілі прадаваць. Зноў трэба было ісці пешшу 18 кіламетраў. Аднойчы я назбірала ажно чатыры літры суніц. Яны вельмі цаніліся, а ў мяне іх укралі. Як шкада было! Я галасіла…
Наша знаёмства з будучым мужам цягнулася ўсяго два месяцы. Вяселле было вельмі сціплым, як-ніяк мама выдавала пятую ўжо дачку. Пажаніліся ў 1954 годзе. Пяць гадоў жылі ў Очках, у хаце, бы ў кануры. Адно акенца, ды і тое на поўнач, ніколі ў хату не заглядвала сонца. З-за гэтага часта хварэлі дзеці. Муж Саша з трох гадоў выхоўваўся без маці, дапамогі яму таксама не было. Шкадавалі чужыя людзі. Далі, напрыклад, невялікі стол. У нас паявілася свая карова, яе мама нам аддала, пакінуўшы сабе цялятка. Вельмі добрая была суседка. Збяру чаго-небудзь малочнага і даю ёй, каб яна ў Брэсце прадала і маё. Пачалі мы патроху збіраць грошы на лепшую хату. Затое не хапала на хлеб. Не пасаромелася, назбірала аднойчы парожніх бутэлек, за іх купіла хлеба. Прадалі карову, балазе мама выгадавала цяля і аддала яго нам. Сёстры трошачкі разжыліся і таксама нам дапамагалі.
Купілі ў Навасадах дом, у якім жыву і зараз. Толькі ён не так выглядаў. Купілі мала лепшы, чым быў у Очках, але кожны год ладзілі яго. Калі пераехалі сюды, дык дзецям здавалася, што гэта гасцініца. Мэблі амаль ніякай, вось яны і каталіся ад парога да стала, месца хапала. Акрамя стала, быў адзін ложак, простая шафа і швейная машынка, якая мяне вельмі выручала. Я, самавучка, шыццём крыху зарабляла. І дзецям сваім усё шыла. Што-небудзь распару старое і пашыю кашульку або штонікі. А потым удваіх з мужам уладкаваліся на працу ў калгас. Я кароў даіла, а ён пасвіў статак. Даіць было нялёгка, уручную, тры разы на дзень, у групе 10 — 12 кароў. Не было цёплай вады, насілі з дому, каб памыць флягі і вымя ў кароў. Малодшы сын быў яшчэ маленькі, і я мусіла іншы раз браць яго з сабою. Загарну ў ватоўку, і ён там спаў, соннага прыносіла і да хаты. Прыйдзеш у 11, ляжаш у 12, а ў 4 гадзіны зноў устаеш. Бывала, завязвала дзверы з кухні рэменем, каб дзеці не выйшлі да печкі.
Ну, так, я вельмі клапацілася пра дзетак, хацела, каб добра вучыліся, не сваволілі, не кралі, як бы бедна ні жылі. Вучыліся дзеці сярэдне. Марыя Наркісаўна, класная, аднак, не наракала. Казала, хай не стануць вялікімі вучонымі, былі б толькі добрымі, сумленнымі людзьмі. Старэйшы сын хадзіў, мусіць, у пяты клас, калі я ўбачыла ў яго надта прыгожую аўтаручку. Я: дзе ўзяў? Ён: знайшоў на вуліцы. Значыць, сказала я, хтосьці з настаўнікаў згубіў, і прымусіла яго тут жа занесці знаходку ў настаўніцкую і пакласці на стол. Пасля праверыла: і праўда, занёс, настаўніца Вольга Данілаўна пацвердзіла гэта. Больш я ў сваіх дзяцей чужых рэчаў не бачыла.
З цягам часу даіць кароў пакінула, здароўе не дазваляла. Працавала ў паляводстве, многа палола цукровых буракоў, здавала па 40 тон і больш. Дзякуй, дзеці дапамагалі. Неяк трапіла ў бальніцу, а калі вярнулася, дык аж расчулілася ад здзіўлення: яны ўсе буракі прапалолі. Я ім купіла невялікі транзістар. Дык у полі ці ў агародзе яны працавалі з музыкаю. Так было весялей і лягчэй. Старэйшы сын Саша пасвіў статак за Сашу-бацьку, калі ён лёг у бальніцу, а падмяніць у той час не было каму. Дык і сёння памятаю: стаіць сынок каля сцяны кароўніка і дрэмле. Увечары вяртаецца дахаты, дык хістаецца, як арэшынка.
Час мінуў, жыву ў хаце адна. Самота — такая вялікая бяда, але жыць хочацца. Пенсію прыносяць дадому, аўталаўка два разы на тыдзень прывозіць прадукты. Так, хочацца жыць, любавацца дзеткамі, а ў мяне іх многа. Сыны Саша і Віця, нявесткі Галя і Зоя. Унучкі Алёна, Таня, Оля і ўнук Слава. Праўнучкі Вікторыя, Кацярына, Хрысціна і праўнук Саша. Дзеці вельмі добрыя, праведваюць, дапамагаюць. Жыві і радуйся, ды вось здароўе зусім кепскае.
Мае дарагія, у вас зусім іншае жыццё. Нікому не жадаю таго, праз што прайшла я. Даражыце жыццём, яно ж так хутка мінае. Іншы раз згадвайце сваю маму, свякроў, бабулю. Я вас усіх вельмі люблю. Моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця. Беражы вас Бог!
На гэтым і заканчваю сваю гісторыю.
Т.МАРОЗКА, жыхарка в.Навасады.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top