Праз тэатр – да замежнай мовы

Праз тэатр – да замежнай мовы

Сёння веданне замежнай мовы адыгрывае важную ролю ў жыцці чалавека, таму што без валодання ёю нельга ўявіць адукаванага і паспяховага чалавека, здольнага жыць і займацца творчай працай у сённяшніх зменлівых умовах. Яна дазваляе дзецям далучыцца да крыніцы інфармацыі пра сучасны свет і з’яўляецца добрым сродкам міжкультурных зносін.IMG_9317
Канечне, у рамках урока нельга вырашыць усе задачы, якія стаяць перад настаўнікам і вучнямі, асабліва калі размова ідзе пра вывучэнне замежнай мовы. Таму пазакласная работа мае вялікае адукацыйнае, выхаваўчае і развіццёвае значэнне, у прыватнасці, дзейнасць тэатральнага гуртка ці клуба.
Восем гадоў у ліцэі Жабінкі дзейнічае тэатр. Шмат акцёраў-ліцэістаў змянілася за гэты час, атрымана пяць дыпломаў, паказана больш як 15 спектакляў. Прызнанне ў юных акцёраў ёсць. Яно было і раней, не сумняваемся, будзе і ў будучым, таму што ў ліцэйскага тэатра цудоўны, творчы кіраўнік – Алена Мікалаеўна Дамасевіч. Яна ўлюбёны ў тэатр чалавек і аддае яму ўвесь свой вольны час, укладвае душу. За аснову ў рабоце бярэ тэзіс французскага спевака і тэарэтыка сцэнічнага мастацтва Франсуа Дэльсарта, які сказаў, што “мастацтва павінна прыводзіць у рух спружыны жыцця, рухаць розум і пераконваць сэрца”.
Педагог Алена Мікалаеўна выпускніца Мінскага дзяржаўнага інстытута замежных моў. Яшчэ ў 80-ыя гады, калі вучылася ў сталіцы на факультэце “Французская мова”, займалася ў літаратурнай студыі, з задавальненнем удзельнічала ў студэнцкіх “капусніках”. А цяпер яна навучае сваіх выхаванцаў не проста іграць ролю, а ўжыцца ў яе, не проста гаварыць са сцэны завучаны тэкст, а несці слова ад самога сэрца. Акцёры павінны любіць мастацтва так, каб гэтае пачуццё магло захапіць кожнага гледача ў зале.
Тэатр у ліцэі быў створаны ў 2007 годзе. Калі раней любы вучань мог стаць яго акцёрам, то цяпер, каб трапіць сюды, трэба прайсці адбор: конкурс “Хачу іграць у тэатры”. Юныя артысты паставілі на сцэне “Бураціна”, “Папялушку”, “Чароўную лямпу Аладзіна”, “Снежную каралеву”, “Прыгоды дзядулі Паджэра”, “Маленькую прынцэсу” і інш.
“Удзел у тэатральных пастаноўках выхоўвае ў вучняў імкненне да пазнання навакольнага свету і саміх сябе, садзейнічае праяўленню творчых здольнасцяў, музычнага таленту, а найперш паказвае ўзровень валодання замежнай мовай, – расказала Алена Мікалаеўна. – Калі раней у рэпертуары былі ў асноўным казкі, то цяпер – класіка англійскіх аўтараў, дзеля прапаганды англійскай літаратуры”. Шэсць разоў ліцэісты-акцёры прымалі ўдзел у абласным фестывалі тэатральных калектываў “Асарці” на замежнай мове. Чатыры разы былі ўзнагароджаны дыпломамі трэцяй ступені, а ў 2012 годзе – другой”.
Складнікі поспеху Алены Мікалаеўны, лічаць калегі, ва ўменні знайсці і развіць закладзеныя ў дзіцяці здольнасці, ісці за іх талентам, а не супраць. “З задавальненнем успрынялі гледачы спектаклі “Дванаццаць танцуючых прынцэс”, “Прыгоды Тома Соера”, “Падарунак валхвоў”, – расказвае педагог. – Мне вельмі прыемна, што п’есы на англійскай мове дзеці рыхтуюць з вялікай цікавасцю: дасканала працуюць над тэкстам, выразным і правільным вымаўленнем. У спектакль уключаем харэаграфію, што вельмі ажыўляе і ўпрыгожвае пастаноўкі. Кожнаму вучню прапаноўваецца заданне згодна з яго магчымасцямі. Гэта можа быць пантаміма, рэпліка ці аб’ёмная роля, якая патрабуе выдатнага валодання мовай і здольнасці ў імправізацыі. Хачу адзначыць талент Кацярыны Другак, якая іграла ролю Джэмі ў п’есе “Падарунак валхвоў”.
Юныя тэатралы ставяць штогод два спектаклі, ёсць у іх і свае прэміі: “Тэатральнае адкрыццё года” атрымаў Яўген Булай. Выхаванцы Алены Мікалаеўны Ганна Юрчук, Сяргей Брэнька, Мікіта Шылец, Гары Зарбаілаў, Сяргей Куян, Аляксандра Бахарава, Дар’я Раманчук творча падыходзяць да любімай справы. З дэкарацыямі і касцюмамі юным артыстам дапамагаюць бацькі.
Сама педагог з задавальненнем слухае выдатную французскую і англійскую музыку, наведвае канцэрты, нядаўна была на музычным прадстаўленні Лары Фаб­­­іян, вядомай французскай спявачкі.
“Многія мае выпускнікі, удзельнікі тэатра, сталі студэнтамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, іншыя выкарыстоўваюць англійскую мову ў сваёй прафесійнай дзейнасці, не звязанай з выкладаннем прадмета, у некаторых нават з’явілася жаданне вывучыць і іншыя мовы, – расказала Алена Мікалаеўна. – Мы з вучнямі звяртаемся да тэатральных пастановак і на ўроку. Мала хто з іх застаецца абыякавым перад магчымасцю паспрабаваць сябе ў акцёрскім амплуа, а яшчэ ўдзельнікі ліцэйскага тэатра хацелі б у будучым выступаць не толькі на фестывалях, а і ў іншых школах раёна. Удзел у фестывалях і выступленні перад равеснікамі ўносяць разнастайнасць у штодзённае жыццё, узбагачаюць унутраны свет дзіцяці.
Лідзія ІВАНІХІНА.
На здымку: педагог замежнай мовы жабінкаўскага ліцэя Алена Дамасевіч.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro