Каб радавацца вясне і жыццю

Каб радавацца вясне і жыццю

Вельмі часта з надыходам вясны мы адчуваем сябе не лепшым чынам: недахоп вітамінаў (гіпавітаміноз) прыводзіць да аслаблення арганізму, абвастраюцца хранічныя захворванні. Да гэтых непрыемнасцяў дадаюцца слабасць, санлівасць, недамаганне, раздражняльнасць. Валасы пасля зімовых халадоў тусклыя і ломкія, скура сухая, лушчыцца. Як дапамагчы ў гэты час арганізму, як яго падтрымаць, каб радавацца вясне і жыццю? Пра гэта гутарка з урачом-тэрапеўтам, загадчыкам аддзялення прафілактыкі паліклінікі Жабінкаўскай ЦРБ Наталляй Кіслюк.i
– Наталля Міхайлаўна, ці такі на самой справе страшны гіпавітаміноз?
– Мяркуйце самі: гэта стан на мяжы хваробы, звязаны з недастатковым паступленнем вітамінаў і мікраэлементаў з ежай. Нават калі ў арганізме не хапае хоць аднаго вітаміна, гэта вядзе да вельмі непрыемных вынікаў: парушаюцца ўтварэнне неабходных ферментаў і абмен рэчываў, узнікаюць хранічныя захворванні. І нягледзячы на тое, што ў крамах круглы год прадаецца свежая гародніна, а аптэкі прапануюць багаты асартымент вітамінаў, мы ўсё роўна адчуваем іх недахоп.
– Як справіцца з такім станам?
– Да гіпавітамінозу лепш сябе не даводзіць, а пастарацца яго прадухіліць. Асноўнае правіла – збалансаванае харчаванне, якое забяспечвае наш арганізм усімі неабходнымі рэчывамі: вугляводамі, бялкамі, тлушчамі. Не варта пускаць харчаванне на самацёк і пераходзіць на макароны, рыс, мяса і здобу. Дазвольце вашаму арганізму атрымаць больш натуральных вітамінаў, мінералаў і клятчаткі. Ешце кашы, але не белыя, а грэцкую, аўсяную, пярловую і ячную, рыбу, а таксама гародніну, садавіну і зяленіва, як свежыя, так і замарожаныя. Пры хуткай замарозцы ў іх захоўваюцца максімальна ўсе вітаміны і мікраэлементы. Выкарыстоўвайце хатнія нарыхтоўкі: саленні, сушаныя ягады, гароднінныя і фруктовыя сокі – маркоўны, капусны, яблычны. Вітаміны павінны паступаць у наш арганізм кожны дзень, бо назапасіцца імі надоўга не атрымаецца. Ужывайце больш арэхаў і семак, а замест белага хлеба прызвычайце сябе да хлеба з мукі грубага памолу і вотруб’я.
– Наталля Міхайлаўна, як захаваць у прадуктах максімальную колькасць карысных рэчываў пад час іх апрацоўкі і гатавання?
– Не трэба, напрыклад, трымаць прыгатаваную салату ці вінегрэт у халадзільніку – не рыхтуйце іх загадзя, а з’ядайце адразу свежымі. Дробна парэзаная гародніна губляе больш вітамінаў, менавіта таму адвараная бульба на 50% карысней за бульбяны суп. Рыхтуйце гародніну на пары ці запякайце – так у ёй захаваецца больш вітамінаў і мінералаў. У крайнім выпадку адварвайце ў эмаліраванай каструлі. Перад прыгатаваннем не замочвайце гародніну ў вадзе – вітаміны застануцца ў ёй, і ваш арганізм нічога не атрымае.
– Ці дастаткова для прафілактыкі гіпавітамінозу толькі правільна харчавацца?
– Не толькі. Не трэба забываць яшчэ прымаць і полівітамінныя комплексы. Цяпер у прадуктах утрымліваецца зусім не такая колькасць вітамінаў, як раней. Напрыклад, каб атрымаць поўную сутачную дозу вітаміна С, трэба з’есці 16 апельсінаў альбо 12 лімонаў, што вельмі цяжка выканаць, ды і навошта.
Можа падацца, што ўсе гэтыя рэкамендацыі вельмі клопатныя, але падумайце, колькі часу можна згубіць у кабінетах урачоў і колькі грошай патраціць на нятанныя лекі, калі своечасова не звярнуць увагі на ўласнае здароўе. І няхай вясна будзе для вас той парой года, калі хочацца сапраўды радавацца жыццю.
– Дзякуй за парады! 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro