“Бег змяніў маё жыццё”

“Бег змяніў маё жыццё”

“Хочаш быць моцным – бегай, хочаш быць прыгожым – бегай, хочаш быць разумным – бегай!” – так гаварылі старажытныя грэкі, тым самым падкрэслівалі вялікае значэнне бегу ва ўмацаванні здароўя, у дасягненні гарманічнага целаскладу, у развіцці разумовых здольнасцяў. На сённяшні дзень гэта самы даступны з усіх відаў заняткаў фізкультурай. Ён не патрабуе спецыяльна абсталяванай залы ці пляцоўкі, а таксама падрыхтоўкі ці навыкаў. Дастаткова мець побач з домам парк або лясок і зручны спартыўны абутак.
Так лічыць і гераіня сённяшняй старонкі – настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №3 г. Жабінка Ларыса Дарошка, якая з 2009 года займаецца бегам.
Кожны дзень, у любое надвор’е, яна ажыццяўляе прабежкі трусцой па сваім улюбёным маршруце, які праходзіць праз Здзітаўскі лес. Яго адлегласць каля трох кіламетраў. Бег Ларыса Васільеўна чаргуе з хадой. Абавязкова робіць прыпынак на беразе Мухаўца або ў іншым маляўнічым месцы, каб выканаць комплекс практыкаванняў. Пачынае з дыхальнай гімнастыкі (у аснове сістэма энергетычнага дыхання Кацудзо Нішы), потым выконвае практыкаванні для рук, для ўмацавання мышцаў спіны і ног. Своеасаблівая зарадка займае 30 хвілін, усяго ж на бег, практыкаванні і прагулку па лесе жанчына адводзіць паўтары гадзіны.
– Сем гадоў таму бег змяніў маё жыццё. Яно стала больш цікавым і насычаным, – падзялілася яна. – З удзячнасцю ўспамінаю сваю былую калегу Ларысу Пятроўну Ціхаміраву, якая займалася бегам і стала для мяне прыкладам. Першыя тры месяцы былі самымі складанымі, калі змагалася з лянотай, прымушала сябе знаходзіць сілы і час, каб бегаць. Але жаданне было большым, і сіла волі перамагла. Магу сказаць, што пасля прабежак, якія ажыццяўляю ў другой палове дня, адчуваю прыліў энергіі і бадзёрасці. У мяне паляпшаецца настрой, павялічваецца працаздольнасць. Не ўяўляю  цяпер свайго жыцця без заняткаў на ўлонні прыроды, кожны раз бачу вакол такую прыгажосць! Зімой назіраю, як пад белай пушыстай коўдрай спяць ялінкі, так і хочацца вызваліць іх галінкі ад снегу, што апусціліся ад гэткага цяжару да самага долу. Люблю слухаць лясную цішыню, якую зрэдку можа парушыць стук дзятла. Вясной бачу, як ажывае прырода, як зацвітае вярба і прылятаюць з выраю журавы. Летам ніколі не вяртаюся са сваіх прагулак без дароў лесу: прыношу дамоў чарніцы, суніцы, маліны, ажыны. У “сваіх” месцах збіраю грыбы.IMG_0329
Ларыса Васільеўна не толькі займаецца бегам. Яна актыўна ўдзельнічае ў розных спартыўных спаборніцтвах як сама, так і са сваёй сям’ёй. У 2010 годзе разам з мужам Сяргеем і сынам Віктарам перамаглі ў раённай лыжнай эстафеце. У 2011-ым сталі пераможцамі раённых спаборніцтваў “Мама, тата, я – спартыўная сям’я”, у якіх разам з бацькамі ўдзельнічала і дачка Вольга. У 2013 годзе Ларыса Васільеўна разам з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Мікалаем Грыгаруком абаранялі гонар трэцяй школы на раённай лыжнай эстафеце, у якой прымалі ўдзел сем устаноў адукацыі Жабінкаўшчыны. У выніку занялі III-яе агульнакаманднае месца.
Пасля сустрэчы з чалавекам, улюбёным у бег, яшчэ раз упэўнілася: фізічная актыўнасць патрэбна ўсім, каб паўнацэнна жыць у любым узросце, каб надоўга заставацца маладым і здаровым. Для гэтага можна выбраць пешаходныя або велапрагулкі, актыўныя гульні на свежым паветры, танцы, плаванне або бег. Любы з гэтых ці іншых заняткаў прынясе вашаму арганізму задавальненне, эмацыянальны пад’ём і “мышачную радасць”, а гэта лепшыя лекі для ўмацавання здароўя. Толькі не адкладвайце на потым, зрабіце свой выбар сёння.
На здымку: Ларыса Дарошка пад час чарговай прабежкі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro