“Наслесарыў” ды папаўся

“Наслесарыў” ды папаўся

vorotaАлкаголь – “рухавік” многіх злачынстваў. Нярэдка, калі такім “аматарам” не хапае “вогненнай вады”, яны гатовыя пайсці на крадзеж. Так адбылося і з Аляксандрам В., які пад покрывам ночы, будучы нападпітку, завітаў у двор дома на вуліцы Каштанавая, што ў вёсцы Булькова, і неўзабаве знік адтуль разам са… слясарнымі ціскамі. Сваю здабычу хутка прадаў, аднак трапіў у поле зроку праваахоўнікаў. Цяпер зламысніку давядзецца адказваць перад законам паводле артыкула 205 (“Крадзеж”) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

“Прайшоўся” па плоце

Амаль у шэсць мільёнаў рублёў ацэнена шкода КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” ад дзеянняў невядомых напрыканцы мінулага года. Зламыснікі без дайпрычыны ў паркавай зоне паблізу шматкватэрнага дома, які будуецца па Зарэчнай у райцэнтры, “прайшоўся” па плоце. У выніку былі пашко-джаны 61 ажурная і 8 суцэльных панэляў бетоннай агароджы. Сабраныя следствам матэрыялы ўтрымліваюць дастаткова дадзеных, што маюць прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкулам 341 КК (“Пашкоджанне маёмасці”).

Чые прыклаліся там рукі…

…Каб знакі зніклі ля чыгункі? На гэтае пытанне яшчэ давя-дзецца адказаць праваахоўнікам. У адзін з дзён невядомы паблізу чыгуначнага пераезду каля аграгарадка Маціевічы падпіліў апоры і ўкраў некалькі дарожных знакаў, якія належалі Жабінкаўскаму ДРБУ №103. Агульныя страты ад супрацьпраўных дзеянняў ацэнены больш чым у 3,7 мільёна рублёў.

Кухня – не банк…

Іншы, пакуль невядомы, ранкам аднаго з лютаўскіх дзён пранік праз акно ў прыватны жылы дом на Піянерскай у Жабінцы. Калі зламыснік пашчыраваў ля каструляў, місак, патэльняў, то пакінуў чужое жытло з саліднай здабычай: 4000 долараў ЗША, што складала па курсе Нацбанка Рэспублікі Беларусь больш за 88 мільёнаў рублёў. Пошукамі злодзея займаюцца міліцыя і следчыя. Грамадзянам патрэбна з гэтай нагоды нагадаць: кухня – не банк, “уклады” сярод сталовага начыння не гарантуюць іх захаванасці ад людзей, што нячыстыя на руку.

…і не хімлабараторыя

А вось грамадзянін К. сярод белага дня ўпусціў у кухню сваёй кватэры ў аграгарадку Ленінскі вядомых яму Аляксандра Б. і Яўгена К., каб тыя заняліся… вырабам і ўжываннем асабліва небяспечнага наркатычнага сродку – экстракцыйнага опію. Гэты незаконны занятак быў спынены праваахоўнікамі. 9 сакавіка следчы ўзбудзіў па факце крымінальную справу, паколькі ў наяўнасці ўсе прыкметы злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 332 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Не кошка сала ўкрала

Жыхарка Віцебскай вобласці Алена Ч. падазраецца ў крадзяжы ў вёсцы Свішчы. Пад выглядам цыганкі жанчына гандлявала рознымі таварамі. Акрамя таго, віцяблянка прапаноўвала даверлівай вяскоўцы паставіць штампік на грашовых купюрах, паколькі, маўляў, як прыйдзе час дэнамінацыі, дазволяць абмяняць на новыя грошы толькі “праштампаваныя”. У гэтай нядобрай справе Алене дапамагалі яшчэ дзве “цыганкі”. Калі няпрошаныя госці пайшлі, жыхарка Свішчоў не далічылася мільёна рублёў і кілаграма сала, якое таксама прыхапіла зла-дзейка “цыганка”. 12 сакавіка гэтая падазроная асоба была затрымана. Ідзе следства, жанчына падазраецца яшчэ ў падобным супрацьзаконным дзеянні ў Кобрынскім раёне.
Аляксандр ДЗЯГЕЛЬ, начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта, Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro