Кто должен отвечать за обновление улицы?

Кто должен отвечать за обновление улицы?

Жыву ў Брэсце, але часта наведваю маленькую вёску Вандалін, дзе жыве мая маці Валянціна Іванаўна. Навокал — адны старыя людзі, а вясковая вуліца сёння недагледжаная. Хацеў бы праз газету спытацца: калі будуць станоўчыя зрухі ў Вандаліне? Дастаткова ж некалькіх машын пяску, каб дарога займела належны выгляд і стан.
Я.Галавейка, г.Брэст.
Пытанне, узнятае Яўгенам Галавейкам, згадзіўся пракаменціраваць старшыня Якаўчыцкага сельвыканкама Ю.А.Бычкоўскі.
— Аб праблемах на вясковай вуліцы Вандаліна ў сельсавеце ведаюць. Аднак у дадзеным выпадку, як высветлілася, аднаго нашага жадання пасадзейнічаць у гэтай справе, недастаткова. І дзве машыны пяску ці гравію сітуацыю не вырашаць, бо пясок на вуліцу завозіўся ўжо неаднойчы.
Пытанне абвастрылася ў мінулую шматснежную зіму, калі тэхніка ДРБУ-103 не магла прачысціць вясковую дарогу. У студзені-лютым 2010 года яно абмяркоўвалася на пасяджэнні пры старшыні райвыканкама. Вырашалася пытанне аб неабходнасці перадачы на баланс КУП “Брэстаблдарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ №103 (дырэктар — У.М.Свірыдаў) усіх вуліц у населеных пунктах, якія з’яўляюцца часткамі дарог. Маўляў, гэта дазволіць добраўпарадкаваць вуліцы, у тым ліку, і вандалінскую. Аднак дарожна-будаўнічая арганізацыя паставіла перад вяскоўцамі ўмову: патрэбна пашырыць надта вузкі праезд, каб магла паміж дамамі прайсці тэхніка.
У маі я сумесна са старастай вёскі Валянцінай Омесь наведалі жыхароў, і растлумачыў ім задачу: да 1 жніўня сваімі сіламі неабходна аднесці на метр платы бліжэй да хат. Тады нават у самае дрэннае надвор’е сюды даедзе аўталаўка, машыны газавай службы і хуткай дапамогі (а калі спатрэбіцца, і грэйдзер ці трактар для падсыпкі дарогі або ўборкі снегу).
Не ва ўсіх гэтая прапанова выклікала энтузіязм і паразуменне. Яно не з’явілася ў дачнікаў, якія летам знаходзіліся ў вёсцы, ды й у вяскоўцаў, нават у тых, хто мае дзяцей у горадзе, здольных дапамагчы. Тады мы прапанавалі выдзеліць у дапамогу работніка.
Мінула лета, а воз, як гаворыцца, і зараз там. Сустракаўся непасрэдна і з Яўгенам Галавейкам. Ён наадрэз адмовіўся пераносіць.
Літаральна тыдзень таму была чарговая сустрэча з вандалінцамі. І зноўку — рэакцыя іх адмоўная. А пытанне вырашылася б надзвычай хутка. Патрэбна толькі, каб людзі пашчыравалі ля сваіх падворкаў.
Якім будзе наступны крок з боку сельвыканкама? Ён прадказальны: неўзабаве жыхары вёсачкі і дачнікі атрымаюць пісьмовыя паведамленні. Няўжо людзі гэтак упарта і надалей будуць адмаўляцца, каб зрабіць сваё жыццё і жыллё больш прыгожым, утульным, сучасным?

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top