Колькі трэба “Мегавольтаў”, каб пагаснуў “Галівуд”?

Колькі трэба “Мегавольтаў”, каб пагаснуў “Галівуд”?

IMG_4897Мерапрыемства, што адбылося сакавіцкім днём у клубе ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”,  запомніцца інтэлектуальнымі спаборніцтвамі тым, хто прысутнічаў у зале, а яшчэ больш тым, хто прысеў за сталы для гульні . У той суботні вечар упершыню ў раёне праводзіліся гульні па “Брэйн-рынгу”.
Інтэлектуальнае спаборніцтва было прымеркавана да веснавога свята, і каманды, якія ў асноўным складаліся з моцнай паловы, вельмі спрабавалі паказаць глыбіню ды разнастайнасць сваіх ведаў.
Першымі пазмагацца ў адборачным туры выйшлі каманда службы галоўнага электрыка “Мегавольты” пад кіраўніцтвам Аляксандра Кавальчука і зборная “Галівуд”, узначаленая Генадзем Адамчуком. Гэты інтэлектуальны бой атрымаўся па-сапраўднаму зацятым. Перамогу святкавалі электрыкі, якія літаральна вырвалі яе ў “Галівуда”.
Наступная адборачная гульня выдалася не менш гарачай. У ёй удзельнічалі каманда “Каламбур”, якую прадстаўлялі супрацоўнікі цэха кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі (капітан Андрэй Іванюковіч), і “Пяць зорак” пад кіраўніцтвам Аксаны Баравік ад заводаўпраўлення. Ад гульцоў спатрэбіліся немалыя намаганні, каб высветліць мацнейшага. На самым апошнім пытанні, якое вырашала, хто ўсё ж пройдзе ў фінал, каманда ўпраўленцаў даказала сваю “зорнасць”, вырваўшы перамогу з лікам 5 : 4. IMG_4891
А вось трэці адбор завяршыўся фіяска. Каманды жамерынасушыльнага аддзялення і грануляцыі “О!!!ЖОГ” і ЦЭЦ “Цеплавы ўдар”, нягледзячы на гучныя імёны, не здолелі праявіць сябе ў поўнай меры, так як паводле правілаў “Брэйн-рынгу”, калі ніводная з каманд-саперніц не адказвае на тры пытанні запар, наступае вельмі непрыемны і балючы для самалюбства момант дыскваліфікацыі…
У фінале, дзе вырашалася, хто ж быў мацнейшым у інтэлектуальным плане, сышліся “Мегавольты”, “Пяць зорак” і “Каламбур”. Пераканаўчую перамогу ў той вечар святкавалі электрыкі. З задавальненнем называем іх імёны: Віталь Дранюк, Мікалай Алясюк, Аляксандр Міранюк, Яўген Дранюк і капітан каманды Аляксандр Кавальчук. Другімі сталі прадстаўнікі КВПіА, на трэцім выніковым радку размясціліся “Пяць зорак”.
За спаборніцтвамі ўважліва назіралі прадстаўнікі падліковай камісіі і загадчык клуба Вольга Ірзун, а таксама ганаровыя госці: генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктар Міронаў, ягоны намеснік Аляксандр Еўтуховіч, кіраўнік прафсаюзнага камітэта Ірына Якубук. Пасля заканчэння інтэлектуальных баталій Аляксандр Васільевіч і Ірына Канстанцінаўна з задавальненнем павіншавалі і ўзнагародзілі каманды за прадэманстраваныя веды, кемлівасць і спартыўны азарт.
Сапраўдным упрыгажэннем гэтага свята інтэлекту і сяброўскіх спаборніцтваў сталі выступленні мастацкіх аматарскіх калектываў і асобных выканаўцаў: ансамбляў “Цукарынка”, “Раздолле” і “Прысмакі”, Мікалая Новіка, Аляксандра Чарнушыча і Юрыя Фіцнера. Асабліва кранальным быў момант, калі салістка Галіна Міцковіч, выконваючы песню, прысвечаную жанчынам, паднесла букет цюльпанаў маці, якая знаходзілася ў зале.
Напрыканцы дадамо ад сябе: прыемна, што ў адрозненне ад “сталічнага” “Брэйн-рынгу” значная колькасць пытанняў тычылася айчыннай тэматыкі. Беларусам патрэбна ведаць як мага больш пра гісторыю і сучаснасць роднага краю.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: уганараванне пераможцаў першага турніру па “Брэйн-рынгу” ў Жабінцы.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top