“Новыя імёны Беларусі”: узята чарговая высокая нота

“Новыя імёны Беларусі”: узята чарговая высокая нота

18 сакавіка ў горадзе над Бугам была перагорнута чарговая (абласная) старонка конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі – 2016”, які праводзіць па ўсёй краіне Федэрацыя прафсаюзаў. Што прыемна, спадзяванні на паспяховае выступленне жабінкаўцаў цалкам спраўдзіліся.IMG_9596
Так, Жабінка мела неблагія шанцы “прагучаць”, паколькі ў абласным туры з нашага райцэнтра былі прадстаўлены два музычныя нумары: у выкананні салісткі Ірыны Віткоўскай (яна прадстаўляла інспекцыю МПЗ па Жабінкаўскім раёне) і сямейнага ансамбля Шчасюкоў, што ўдзельнічалі ў творчым спаборніцтве ад Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі.
І апошнія сталі першымі! Чым пацвердзілі свой высокі музычны клас, паколькі і бацькі, і дзеці ў гэтым дружным сямейным калектыве – шчырыя прыхільнікі музычнага мастацтва, якому прысвячаюць шмат сіл і часу. Менавіта гэта, а яшчэ скіраванасць на перамогу сталі галоўнымі складальнікамі агульнага поспеху.
Важкасць яго становіцца яшчэ больш выразнай, калі мець на ўвазе, што найлепшых патрабавальнае журы вызначала сярод 23 выканаўцаў з усёй Брэстчыны. Кожнаму быў прадстаўлены толькі адзін шанц у вялікім канцэрце, каб даказаць свае песенныя або музычныя здольнасці, арыгінальнасць, сцэнічнае майстэрства.
Для свайго выступлення сямейны квартэт, у складзе якога Марыя, Уладзіслаў, Іна і Аляксандр Шчасюкі, падрыхтавалі нумар, што вылучаўся сярод іншых. Атрымалася сапраўднае міні-відовішча на песню Майкла Джэксана “Білі Джын”. Калі Іна і Аляксандр ігралі на клавішным інструменце і бас-гітары, дык малодшыя ўдзельнікі калектыву на працягу гэтага невялікага шоу мяняліся паміж сабой музычнымі інструментамі (са скрыпкі на барабаны, саксафон і гэтак далей), а Улад нават выканаў знакамітую “месяцовую” паходку Майкла Джэксана, што выклікала непадробнае эмацыянальнае захапленне ў гледачоў.
З нецярпеннем выканаўцы і ўся зала абласнога Палаца прафсаюзаў чакала вердыкту журы, узначаленага народным артыстам Беларусі Эдуардам Ханком. Таямніца “хто ж самы-самы?” захоўвалася да апошняга. Нарэшце, інтрыгуючы залу, а яшчэ больш тых, хто чакаў “прысуду” журы, пасля выразнай паўзы Эдуард Сямёнавіч абвясціў: “Пераможцам абласнога этапу конкурсу “Новыя імёны Беларусі” стаў сямейны калектыў Шчасюкоў”. Са свайго боку пажадаем землякам неўзабаве пры-множыць свой поспех на сталічнай сцэне.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: сямейны калектыў Шчасюкоў – пераможца абласнога этапу конкурсу “Новыя імёны Беларусі”.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top