“У краі сінявокіх азёр адчуваю сябе шчаслівай”

“У краі сінявокіх азёр адчуваю сябе шчаслівай”

Беларусь і Расію здавён яднаюць добрыя суседскія адносіны, моцныя гандлёва-эканамічныя і сацыяльна-культурныя сувязі. Гэтай повязі не перарвацца, бо рускія і беларусы ездзяць адзін да аднаго ў госці, шчыра сябруюць, ствараюць сем’і. Адна з такіх жыве ў нашым райцэнтры, у якой гаспадар сям’і электраманцёр вузла электрасувязі Мікалай Якавук – карэнны жабінкавец, беларус, ягоная жонка – Хрысціна Драй – руская, з горада Краснаслабодска (Рэспубліка Мардовія).IMG_0180
2011 год у жыцці Мікалая і Хрысціны стаў знакавым: яны пазнаёміліся, праз некаторы час сустрэліся, а потым прынялі рашэнне пажаніцца. Знаёмства не было трывіяльным: адбылося праз інтэрнэт на сайце “Фотакраіна”. Сярод мноства наведвальніц Мікалай звярнуў увагу на прыгажуню Хрысціну. Завязалася перапіска, якая мела працяг у зносінах па скайпе. Аднойчы ў размове Мікалай атрымаў запрашэнне прыехаць у Краснаслабодск і сустрэць там Новы 2012 год. Дарога была доўгай і хвалюючай, але віталі і прымалі госця з Беларусі цёпла, з прыхільнасцю. Два тыдні, праведзеныя ў Мардовіі, пакінулі незабыўныя ўражанні. Ды і сустрэча “ўжывую” не расчаравала. Беларускі хлопец паланіў сэрца Хрысціны сваёй разважлівасцю, дабрынёй, сумленнасцю.
Ужо ў лютым маладыя людзі прынялі рашэнне жыць разам і паўстала пытанне, у якой краіне. Пасля ўзважвання ўсіх “за” і “супраць” выбар быў зроблены на карысць Беларусі. 12 лютага Хрысціна разам з сынам Уладам ад першага шлюбу прыехала ў Жабінку. 10 сакавіка 2012 года грамадзянка Расіі Хрысціна Драй і беларус Мікалай Якавук аформілі свае адносіны. Пасля гэтай падзеі яны яшчэ двойчы прыходзілі ў аддзел загса райвыканкама, каб зарэгістраваць сваіх дачушак Вікторыю, а потым Васілісу.
У размове я пацікавілася ў Хрысціны: “Як прыняла вас Беларусь? Як вам тут жывецца?”
“Магу сказаць, што Беларусь стала маёй другой радзімай, – падзялілася яна. – Мне тут утульна і камфортна, людзі прыветлівыя, добразычлівыя, набыла сяброў. Вельмі падабаецца прырода. Уяўляеце, толькі тут упершыню ўбачыла буслоў. Да нараджэння Вікторыі часта рыбачылі з Мікалаем на Мухаўцы, ездзілі ў лес па грыбы. Цяпер, на жаль, разам не атрымліваецца паехаць, але без рыбы і дароў лесу не застаемся: муж клапоціцца. Цяпер клопатаў дадалося: летась мы, як шматдзетная сям’я, атрымалі 3-пакаёвую кватэру, трэба рабіць рамонт. У краі зялёных лясоў і сінявокіх азёр, побач з сапраўдным мужчынам я адчуваю сябе шчаслівай”.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: Хрысціна і Мікалай з сынам Уладам і дачушкамі Вікторыяй і Васілісай.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro