Пацвярджаем сваяцкія адносіны

Пацвярджаем сваяцкія адносіны

Любы чалавек, які хоць аднойчы звяртаўся ў натарыяльную кантору, можа ўспомніць, што натарыус цікавіўся: ці з’яўляецца грамадзянін, у адносінах якога складаецца дакумент, яму блізкім родзічам? Такія пытанні задаюцца не з дапытлівасці. У адных выпадках блізкае сваяцтва ўплывае на памер натарыяльнага тарыфу, які спаганяецца. У іншых сітуацыях згодна з дзеючым заканадаўствам здзяйсненне пэўнага натарыяльнага дзеяння магчыма толькі пры пацвярджэнні сваяцкіх адносін. Хто яны, блізкія сваякі?shutterstock_199870811
Паводле арт. 60 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і да блізкіх родзічаў адносяцца: дзядуля, бабуля, унукі, бацькі, дзеці, родныя браты і сёстры (паўнародныя, г. зн. якія маюць агульных маці і бацьку, і непаўнародныя – калі агульным з бацькоў з’яўляецца толькі мама ці толькі тата).
Роднасныя адносіны пацвярджаюцца наступнымі дакументамі: пасведчаннямі аб нараджэнні, аб заключэнні шлюбу і аб усынаўленні (удачарэнні), даведкамі, якія ўтрымліваюць звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану (аб шлюбе, аб нараджэнні). Пры гэтым неабходны арыгіналы дакументаў ці натарыяльна засведчаныя іх копіі. Калі няма магчымасці падаць такія, што могуць пацвердзіць сваяцкія адносіны, натарыус па просьбе зацікаўленай асобы запатрабуе іх паводле арт. 531 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2004 года №305-3 “Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці”. Грамадзяне могуць таксама самастойна звярнуцца ў органы загса і атрымаць паўторнае пасведчанне.
Пацвярджэнне сваяцкіх адносін уплывае не толькі на памер натарыяльнага тарыфу, але і на магчымасць здзейсніць пэўнае натарыяльнае дзеянне. Найбольш распаўсюджаным прыкладам можа быць дагавор дарэння перарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыллё” бацькам, дзецям, усынаўляльнікам, усыноўленым, родным братам і сёстрам, дзядулю, бабулі, унукам. Пры афармленні спадчынных правоў згодна з законам таксама патрэбна пацвярджэнне сваяцкіх адносін паміж памерлым і яго спадчыннікамі. Калі ж адбываецца афармленне спадчынных правоў паводле завяшчання, сваяцкія адносіны пацвярджаюцца па жаданні нашчадка.
За пэўныя натарыяльныя дзеянні, што адбываюцца ў адносінах блізкіх сваякоў, устаноўлены іх паніжаныя памеры. Напрыклад, за засведчанне дагавораў адчужэння жылых дамоў, дач, садовых домікаў, гаражоў, іншых капітальных пабудоў, незавершаных закансерваваных капітальных збудаванняў з зямельнымі ўчасткамі і без іх, кватэр, іншых ізаляваных памяшканняў, машына-месцаў, зямельнага ўчастка паміж староннімі асобамі ўстаноўлены натарыяльны тарыф у памеры пяці базавых велічыняў, паміж блізкімі родзічамі – дзве базавыя. За засведчанне даверанасцяў на права карыстання, уладання і распараджэння транспартнымі сродкамі на імя старонніх асобаў спаганяецца натарыяльны тарыф у дзве базавыя велічыні, а на імя блізкіх родзічаў – адна базавая.
Каб атрымаць папярэднюю кансультацыю пра неабходнасць дакументаў для пацвярджэння сваяцтва і інфармацыю пра дакументы для здзяйснення любога натарыяльнага дзеяння, трэба звярнуцца ў любую натарыяльную кантору ці патэлефанаваць у Жабінцы на нумары 60-50-3 і 21-63-9.
Алеся БУДЗЬКО, натарыус Брэсцкай натарыяльнай акругі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro