…Блакады той жывая сведка

…Блакады той жывая сведка

памяць

Разам з мамай і братам Уладам мне пашчасціла неаднойчы быць у Піцеры. (Апошні раз ездзіў туды мінулым летам). Часам узгадваю, як гулялі па набярэжнай Нявы, любаваліся Эрмітажам, ратаваліся ад летняй спёкі пад струменямі халоднай вады ў шматлікіх фантанах… У гэты прыгожы, велічны, чароўны горад хочацца ехаць зноў і зноў.
З Піцерам цесна звязаны летапіс маёй сям’і – тут нарадзілася і вырасла мая мама, яе тата Слава, а таксама маміна бабуля Марыя і яе муж Міхаіл.
Прабабулі Марыі 15 лютага споўнілася 90 гадоў. Праўда, у пашпарце памылкова адзначана іншая дата – 26 лютага. Таму яна свой юбілей адзначала двойчы.
Прабабуля Марыя ў свае дзевяноста ўсё такая ж жвавая, рухавая, гаваркая, мае светлы розум і добрую памяць. У жыцці яна сутыкнулася з многімі выпрабаваннямі: перажыла блакаду. Пра тое, што адбывалася з 8 верасня 1941 года да 27 студзеня 1944 года ў акупіраваным немцамі Ленінградзе, наша Марыя Іванова ведае не па чутках.
Пад час апошняга візіту, прабабуля асабліва разгаварылася. Многа я пачуў новага пра гісторыю нашай сям’і. Прабабуля гаварыла суха, без эмоцый, нібыта чытала нейкую справаздачу:
– У бацькоў нас было трое: Галя, Ліда і я. Сям’я жыла ў вёсцы пад самым Ленінградам. Тата Іван у перадваенныя гады ўзначальваў калгас. Калі акупанты прыйшлі на савецкую зямлю, бацька папрасіўся на фронт. У першых баях яго моцна параніла, доўга лячыўся ў шпіталі. Амаль калекай вярнуўся дадому і яго, дэмабілізаванага, зноў, па старой памяці, папрасілі ўзначаліць гаспадарку.
Маці ў пошуках лепшай долі паехала да сястры ў Ленінград і хутка паклікала за сабой мяне. Пашчасціла ўладкавацца ў ваенкамат “пісарчуком”, як тады казалі.
Калі пачалася блакада, мяне ратавала праца. Прывозілі нас, лічы, падлеткаў, на адзін з невялікіх заводаў. У вялізным памяшканні былі цэнтрыфугі, за спраўнасцю іх работы мы павінны былі сачыць. Аб тым, што тут займаліся вырошчваннем штучных крышталяў для баявых “Кацюш”, я даведалася толькі з дзясятак гадоў таму (тады гэта была сакрэтная інфармацыя). Мы і не вельмі дапытваліся. Галоўнае ведалі дакладна: дапамагаем фронту нішчыць ворага. Нам нават выдавалася павышаная пайка, як дарослым: 250 грамаў хлеба ў суткі, хаця служачым і дзецям толькі 120 грамаў. Калі ўладкавалася на гэты завод, мне ішоў толькі 17 год. Да “дарослай” нормы яшчэ не дарасла, хаця праца ў нас была далёка не дзіцячая…
Задумайся: ці дапускае ваша сучаснае пакаленне 15-17-гадовых думку аб тым, што можна працаваць цэлы дзень і з’есці толькі лусту хлеба? А мы, “блакаднікі”, марылі аб тым, каб выжыць…
Працавалі мы па зменах і спалі па некалькі гадзін, бо трэба было дзяжурыць на дахах дамоў – скідваць з іх запальнікі. Калі пачыналіся артабстрэлы, многія спяшаліся ў бомбасховішчы.
Жудасна было чуць выбухі снарадаў, што рваліся побач, бачыць разбураныя дамы, шматлікія целы забітых, замерзлых і загінулых ад голаду. Аб гэтым не хочацца гаварыць. Мяне, відаць, песціў лёс – не параніла, і родныя людзі, з якімі давялося расстацца, сустрэліся пасля вайны. Нават дом на вуліцы Гарохавая, у якім жыла я, маці, цётка і яе дзеці, бадай, адзіны застаўся не пашкоджаны бомбамі і снарадамі.
Мы заходзілі ў іншыя разбураныя кватэры, забіралі ўсё, што магло гарэць у буржуйцы – крэслы, сталы, серванты. Асабліва шкада было паліць кнігі. Толькі, калі на вуліцы мароз і голадна, было не да вершаў.
Аднойчы мне пашанцавала. Побач з нашым домам разбамбілі склад. У адно імгненне ля руінаў сабраўся натоўп людзей. Яны нешта выносілі адтуль, падобнае на брыкет. Я таксама нацягала тых брыкецікаў. Гэта аказаліся прэсаваныя жамерыны. Мы адломвалі іх па маленечкаму кавалачку, залівалі варам і елі. Гэта выратавала нам жыццё. Хапіла яго на паўтара года.
Суседзі па камунальнай кватэры адзін за другім пакідалі халодны і галодны горад. Нават маці і цётка з дзецьмі рызыкнулі паехаць па “дарозе жыцця”. Мяне трымала работа. Не ведала, калі скончыцца нарэшце жудаснае выццё сірэн, артабстрэлы, ці змагу пабачыцца з роднымі (а лістоў не атрымлівала). Ішла дадому з працы і баялася, што вяртацца ўжо не будзе куды… 872 дні блакады нарэшце скончыліся. Горад быў у руінах, у попеле. Але не скораны ворагу. На сэрцах тых, хто выжыў, – шрамы ад страт, слёз і болю. І радасць: выстаялі. Перамаглі.
У маі 1945 плакалі ад радасці, што нарэшце аб’яўлены канец фашысцкай акупацыі. Горад падымаўся з руін. Я набыла мірную прафесію – уладкавалася рахункаводам на панчошны камбінат і завочна паступіла вучыцца. Вярнуліся ў Ленінград мама, цёця і яе дзеці, што вырваліся на “вялікую зямлю” пад час блакады. Радасці ад сустрэчы не было межаў. Асабіста мяне ўразіла яшчэ адна, нібыта выпадковая, з былым разведчыкам Міхаілам Івановым. Вельмі хутка я закахалася і стала яго жонкай, а на зыходзе 1949 года ў нас нарадзіўся адзіны сынок – Вячаслаў. Мы перабраліся жыць у “камуналку” на Васільеўскі востраў. Так пачыналася наша мірнае і сумеснае жыццё.
…Я слухаў аповед прабабулі і радаваўся, што яна яшчэ з намі і можа расказаць пра тое, што не прачытаеш у кнігах… Як блакадніца, два гады таму пераехала ў іншы мікрараён Санкт-Пецярбурга, бо атрымала ўтульную кватэру на праспекце Турыстаў. Гэты квартал ціхі, патанае ў зеляніне дрэў, зусім побач нясе свае воды нястомная Нява. З кожным годам застаецца ўсё менш вызваліцеляў і сведкаў “карычневай чумы”. Мне сорамна чуць ад сябрукоў, якія кажуць, што не ведаюць гісторыю свайго роду, нават не цікавіліся, ці былі і як выжывалі на вайне іх бабулі і дзядулі. Сорамна і шкада іх… Я ганаруся прабабуляй – блакадніцай Ленінграда, двума братамі яе мужа, якія абодва загінулі ў Брэсцкай крэпасці ў першыя дні вайны. Яны здабывалі мірнае неба над галавой нашчадкаў. Каб мы, прапраўнукі, памяталі.
Андрэй СААКАЎ, сябра гуртка “Юны журналіст” пры Жабінкаўскім РЦТДіМ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro