Untitled-13

Конкурс прадпрымальнікаў

28 сакавіка стартаваў нацыянальны конкурс “Прадпрымальнік года”. Лепшыя бізнесмены вызначацца ў намінацыях: “Паспяховы старт”, “Стабільны поспех”, “Эфектыўны бізнес у сферы вытворчасці”, “Эфектыўны бізнес у сферы паслуг” і “Інавацыйна актыўны бізнес”.
Прадпрымальнікі, якія жадаюць прыняць удзел у конкурсе, павінны накіраваць свае заяўкі ў адпаведныя органы выканаўчай улады (па месцы дзяржаўнай рэгістрацыі). Прыём іх ажыццяўляецца да 1 мая 2016 года. Падрабязную інфармацыю аб намінацыях і крытэрыях для ўдзелу ў конкурсе, узор заяўкі і іншыя навіны пра яго можна знайсці ў раздзеле “Нацыянальны конкурс “Прадпрымальнік года” на афіцыйным сайце Міністэрства эканомікі Беларусі.

Годна абараніла вобласць

З дыпломам І ступені па нямецкай мове вярнулася з заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах дзесяцікласніца гарадскога ліцэя Вольга Чарнецкая. Алімпіяда праводзілася ў паўночным абласным цэнтры нашай краіны – Віцебску. Раней дзяўчына прывезла дыплом ІІІ ступені з рэспубліканскай канферэнцыі (конкурсу даследчых работ) навучэнцаў “З навукай у будучыню”, што адбылася ў Мазыры. Там Вольга абараняла работу па нямецкай мове. Сваімі дасягненнямі дзяўчына годна прадставіла не толькі сваю ўстанову і раён, але і ўсю Берасцейшчыну.

Чакае Саюзны фестываль

Як ужо пісала “Сельская праўда”, надзвычай паспяхова выступілі на ХІ Рэспубліканскім фестывалі моладзевай творчасці “Вясёлкавы карагод” навучэнцы ДУА “Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат”. Пад час урачыстага ўганаравання пераможцаў і лаўрэатаў прэстыжнага конкурсу 17 сакавіка са сцэны Брэсцкага абласнога цэнтра моладзевай творчасці была агучана яшчэ адна вельмі прыемная навіна. Маленькая спявачка з Жабінкі Вераніка Анташок (адзіная сярод удзельніц “Вясёлкавага карагода”) атрымала афіцыйнае запрашэнне паўдзельнічаць у І-м Саюзным фестывалі творчасці народаў Беларусі і Расіі, які адбудзецца сёлета. Пажадаем юнай выканаўцы паспяховага выступлення на падмостках Саюзнай дзяржавы.

Навучаць самастойнасці

ГА “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў” аб’явіла набор людзей, якія перамяшчаюцца ў інвалідных калясках, на ўдзел у лагеры актыўнай рэабілітацыі 2016 года. Падрабязная інфармацыя на http://raik.by/novosti/priglashaem-invalidov-kolyasochnikov-na-slyot-aktivnoj-reabilitatsii-2016-goda/ .
У рамках лагера (10 дзён) удзельнікі ў колькасці 30 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны навучаюцца самастойна жыць у інваліднай калясцы і ў соцыуме. Навучанне праводзяць інструктары, якія таксама перамяшчаюцца ў інвалідных калясках.
Самая асноўная задача – дастукацца да тых людзей з фізічнымі адхіленнямі, якія сядзяць па хатах і не хочуць нікуды выходзіць.

“Увага ўсім!”

З 1 па 18 сакавіка на Жабінкаўшчыне праводзілася рэспубліканская акцыя “Дзень бяспекі. Увага ўсім!”. З мэтай фарміравання культуры бяспекі жыццядзейнасці і правядзення адукацыйна-выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем у абароне ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару ў навучальных установах нашага раёна былі праведзены прафілактычныя мерапрыемствы з адпрацоўкай плана эвакуацыі. У акцыі прынялі ўдзел 12 школ, былі задзейнічаны 2700 чалавек. У рамках яе таксама адбыліся 10 агульнашкольных бацькоўскіх сходаў, на якіх супрацоўнікі РАНС нагадалі прысутным правілы пажарнай бяспекі і алгарытм дзеянняў пры сігнале “Увага ўсім!”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro