“Плачуць” бярозкі

“Плачуць” бярозкі

_DSC1164 _DSC1162

Як прыемна ў спякотны летні дзень папіць бярозавага соку з нарыхтовак, наталіць смагу напоем, падараваным самой прыродай!
Каб забяспечыць сям’ю карыснай для здароўя вадкасцю, многія адпраўляюцца ў бярозавы гай ранняй вясной, калі дрэвы абуджаюцца пасля зімовай “спячкі” і беластволыя “плачуць” сокам. Гараджане і вяскоўцы Жабінкаўшчыны едуць па бярозавік у Пятровіцкае лясніцтва, нарыхтоўчы пункт якога размяшчаецца ў гаі за вёскай Пескі Кобрынскага раёна.
– Тыя прыхільнікі натурпрадукта, якія хоць аднойчы наведваліся да нас па сок, звоняць і прыязджаюць у далейшым. Многіх з пакупнікоў нават ведаем пайменна, – расказвае Людміла Мікалаеўна Козіч, якая ўжо не першы год займаецца зборам бярозавіку. – За дзень 700-800 літраў соку прадаём насельніцтву. А чаму б і не? Кошт прымальны – усяго 1300 рублёў за літр. У магазіне трохлітровы слоік 36 тысяч рублёў каштуе…
Людміла Мікалаеўна, здаецца, пра бярозавік ведае ўсё. Яно і не дзіва: разам з сяброўкай Антанінай Каралюк вось ужо 16-ты “сезон” працуюць тут, збіраюць бярозавыя “слёзкі” і адпраўляюць на перапрацоўку. Справа за гэты час ужо стала сямейнай: абодва яе сыны – Сяргей і Аляксандр, муж сяброўкі – Іван і іх сын Віктар вясною на некалькі тыдняў пасяляюцца ў лесе.
– Работы хапае ўсім, – падключаецца да размовы Антаніна Мікалаеўна. – Робім надсечкі – ад 1200 да 1500 штук. Замацоўваем трывалыя поліэтыленавыя мяхі, у якія па спецыяльных жалабках збягае сок. Калі надвор’е спрыяе, нашы хлопцы толькі паспяваюць зліваць яго ў бочкі, адпраўляць на ААТ “Савушкавы прадукт”. Летась, напрыклад, мы сабралі 82 тоны бярозавіку, сёлета – ужо звыш 60 тон. “Сезон” адкрылі рана – 3 сакавіка.
Абедзве жанчыны прызналіся, што для іх работа ў лесе – няхай і цяжкая, і патрабуе шмат сіл, аднак жаданая і радасная. Ну дзе ты ў горадзе на світанку пачуеш птушыныя спевы, пабачыш гняздо чорных буслоў (а яны, міленькія, ужо вярнуліся ў родную буслянку), пап’еш халодненькага соку? Дарэчы, руплівіцы прызвычаіліся гатаваць у кацялку супы, баршчы, каву на бярозавіку (“смаката якая! асабліва гарох разварваецца хутка”), нават умываюцца ім?! Мабыць, таму жанчыны вельмі прывабна выглядаюць, хаця свайго пенсійнага ўзросту не хаваюць?
Людміла Мікалаеўна падзялілася сакрэтам смачнага соку: трэба на 3-літровы слоік 2-3 лыжкі цукру і… 2 невялічкія парэчкавыя галінкі. Смаката і водар забяспечаны!
Бярозавы “сезон” праходзіць хутка – 3-4 тыдні. Мінулы, як сцвярджаюць жанчыны, для нарыхтоўшчыкаў быў больш спрыяльным.
Выклікае заклапочанасць сёлетні стан дарогі ад вёскі да гаю – у раскіслых ад дажджоў каляінах з рэгулярным пастаянствам гразнуць легкавушкі жадаючых назапасіцца сокам. Такіх бедалаг Козічы і Каралюкі выцягваюць уласнымі трактарамі, хаця бясплатна вывозяць запоўненую тару прыватнікаў на сухую дарогу. І абавязкова параяць на развітанне: “Піце сок і прыязджайце да нас яшчэ!”
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: нарыхтоўкай бярозавіку займаюцца (злева направа): Людміла Козіч, Антаніна і Іван Каралюкі, Аляксандр Козіч; жадаючых назапасіць бярозавік не меншае.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top