Застаюцца вернымі спадчыне продкаў

Застаюцца вернымі спадчыне продкаў

28_bigУ Брэсце ў Цэнтры моладзевай творчасці адбыўся занальны этап VI абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі і нашага раёна. Хмелеўскі дзіцячы фальклорны калектыў з праграмай “Валачобнікі” прадстаўляў Жабінкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі (яго кіраўнікі Таццяна Грыцук і Наталля Дырман), вучні СШ № 2 г. Жабінка разам з педагогамі Ірынай Коваль і Аксанай Сысоевай падрыхтавалі і паказалі калекцыю касцюмаў у стылі фольк-мадэрн пад назвай “Вясновы карагод”. Дэманстравалі свае таленты і юныя чытальнікі: Арцём Аласюк з Маціевіцкай базавай школы, Юрый Фіцнер з другой гарадской, Ілля Нефядзюк з трэцяй, Наталля Данілюк і Дар’я Славінская з Хмелеўскай сярэдніх школ. Вольга Іванюк – навучэнка апошняй установы – выконвала фальклорныя песні.
Удзельнікі і госці фестывалю змаглі пазнаёміцца з вырабамі выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах “Чароўная саломка” СШ №2 г. Жабінка
(кіраўнік – педагог дадатковай адукацыі Ірына Коваль). Яго прадстаўнікі Антон Піваварук і Настасся Гайдук правялі майстар-клас па традыцыйных спосабах работы з саломкай: спіральнае пляценне і інкрустацыя.
Крыўлянская сярэдняя школа прывезла на “Радавод” выставу “З бабулінага куфэрка”, дзе былі вышываныя абрусы, ручнікі, кашулі, спадніцы, тканыя дываны, створаныя ўмелымі рукамі як крыўлянскіх жанчын-майстрых, так і з суседніх вёсак. Падрыхтавала экспазіцыю намеснік дырэктара ў выхаваўчай рабоце Інеса Буза.
Жабінкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі паказваў на фестывалі выставу работ выхаванцаў цэнтра: вырабы з керамікі, саломкі, бісеру, вышыўку, фларыстычныя кампазіцыі. Майстар-клас па рабоце з глінай правяла навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Кераміка” Кацярына Шахалевіч, якая займаецца ў педагога Наталлі Сцепанюк.
Вынікам сумеснай работы раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і ўстаноў адукацыі раёна стаў удзел у конкурсах фестывалю: дзіцячых навукова-даследчых работ “Фальклорная спадчына”, відэакліпаў “Берасцейская талакуха” і відэапрэзентацый “Бабуліна кухня”.
У фінале VI абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”, які пройдзе ў маі ў Кобрыне, Жабінкаўшчыну прадставяць: дзіцячы фальклорны калектыў з Хмелева, яшчэ раз прадэманструюць калекцыю касцюмаў у стылі фольк-мадэрн вучні другой гарадской школы, юныя чытачы Хмелеўскай адзінаццацігодкі Дар’я Славінская і трэцяй гарадской школы Ілля Нефядзюк, а таксама раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі з выставай работ выхаванцаў цэнтра і дзіцячымі даследаваннямі “Фальклорная спадчына”.
Ёсць яшчэ час, каб рыхтавацца і годна прадставіць раён на абласным узроўні.
Алеся ДАБРАВЕСТ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro