У гасцях у Дзюймовачкі

У гасцях у Дзюймовачкі

IMG_9976Нават у казках героям даводзіцца праходзіць праз церні, каб толькі ўзняцца да зорак. У жыцці выпрабаванняў бывае яшчэ больш, і, каб іх пераадолець, даводзіцца дружна трымацца адзін за аднаго, правяраючы, наколькі моцным бывае сямейны саюз. Назву для гэтай журналісцкай замалёўкі падказала матуля галоўнай гераіні, якая так і сказала: “Сёння вы ў гасцях у Дзюймовачкі”.

Звычайны цуд у Раство

Яўгена Віктаравіча Сцепаненку ў нечым можна лічыць жывым увасабленнем той адзінай прасторы, пра якую нярэдка згадваюць у сродках масавай інфармацыі: па нацыянальнасці рускі, нарадзіўся ў Казахстане, а сямейнае шчасце адшукаў на Беларусі. На мяжы стагоддзяў ягоныя бацькі Віктар Васільевіч і Надзея Іванаўна пераехалі пад Кобрын, а сам маладзён у пошуках працы і таго самага шчасця – у Жабінку. Тут і адбылося спатканне з Вікторыяй.
Той гарачы жнівеньскі дзень 2007 года памятны і ёй, і яму. У нашым райцэнтры тады гулялася не адно вяселле. У гэтым карагодзе радасці яны, безумоўна, вылучалі адно: за Дзмітрыя Мацвіенку выходзіла старэйшая Вікіна сястра Лілія, а Жэня быў сведкам з боку маладога. Напярэдадні яны разам упрыгожвалі вясельную залу.
– Разам надзімалі рознакаляровыя шарыкі. Яшчэ й жартавалі: “Вось якое бывае сямейнае шчасце: стракатае і паветранае – паспрабуй утрымаць, можа пад столь “збегчы”, а як перадуеш – увогуле лопне!” – расказвала Вікторыя Віктараўна. – І мы, відаць, тым шчасцем “заразіліся”, бо на вяселлі сястры раптам і наша каханне закруцілася, як той шарык над галавой. Я чаравічак у нявесты “скрала”, а Жэня выкупляў… Гэтак непрыкметна і сэрца прыхапіў!
Ды так моцна і надзейна, што восенню наступнага года і самі заручыліся. А неўзабаве на свет прыйшоў першынец, якога назвалі трохі незвычайна – Даніл.
– Любое дзіця для бацькоў – падарунак, – працягвае жанчына. – Яшчэ большым стаў гэты падарунак лёсу ад таго, што сын нарадзіўся ў асвечаную ноч на Раство, у чароўны час, калі збываюцца многія мары.
Сёння Данік ужо першакласнік, лепш за іншых, як сцвярджае настаўніца Таццяна Васільеўна Дземасюк, лічыць у класе. Надзвычай любіць канструяваць (гэтаму гатовы штодня прысвячаць шмат часу, але і пра кніжкі, падручнікі не забываецца). Хоць і малы, ды гаспадарлівы, дапамагае іншым, любіць у класе прыбірацца, вучыцца добра і, што важна, цягнецца да ведаў з ахвотаю.

Ісці па свеце так няпроста

Упершыню сустрэліся два з паловай гады таму з маленькай Дашай. Маленькай – без усялякага перабольшвання. Дар’я нарадзілася 26 чэрвеня 2013-га вагою 1 кілаграм і 320 грамаў. На Дзень маці жабінкаўскія аддзяленні Беларускага саюза жанчын і Фонду міру сумесна з загсам ладзілі святочную імпрэзу. У раёне ўпершыню праводзілася акцыя “Павінны нараджацца дзеці”. А дзе акцыі – там і намінацыі. Сертыфікат “Дзюймовачка-2013” атрымала менавіта Дар’я Сцепаненка.
– Дзяўчынка кемлівая, мае свой характар, весела шчабеча, як тая птушачка, аднак… – Вікторыя Віктараўна спыняецца, падбіраючы словы: – Хваравітая… Калі мы спаткаліся з бядой, пабачылі, нават адчулі, што кожны крок ёй даецца з цяжкасцю, раптам адкрылі для сябе, як шмат добрых, чулых людзей навокал. Сярод тых, хто дапамагае нам літаральна ўстаць на ногі, хочацца згадаць найперш Святлану Грамакоўскую, Дзмітрыя Пракапчука, супрацоўнікаў карэкцыйнага цэнтра. Ведаеце, як душа радуецца, калі мая дзяўчынка просіць: “Мама, давай паходзім ножкамі… хачу хадзіць… ножкамі”, – і пакрысе робіць тыя крокі… Як цяплее ў двары, дзеці суседскія пачынаюць гойсаць, і Даша за імі цягнецца.
Быццам падслухаўшы, што пра яе размова, дзяўчынка на хвіліну адрываецца ад любімага мульціка пра дружную сямейку Барбоскіных, становіцца ля ложка і, прытанцоўваючы, ціха падпявае вясёлым героям.
– Рукі не апускалі ніколі, – ціха гаворыць маці. – Увесь час – масаж, перапынак – і зноў. Шыны насілі, аперацыі ў Мінску, Брэсце – чаго толькі не было, хапіла б і для дарослага, але за сваё змагацца трэба. Слязьмі гору не дапаможаш. Ішлі да мэты – простай і складанай адначасова. Цяпер вынік бачны – мы пайшлі і не збіраемся спыняцца! “Трэба час, цярпенне, змаганне”, – чуем кожны раз у “Тонусе” (так завецца абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей з псіха-неўралагічнымі захворваннямі). У чэрвені чакаем ужо чацвёрты лячэбны курс. Надзея ёсць (і медыкі яе пацвярджаюць), што наша дзяўчынка з часам пойдзе самастойна. Ды і я цяпер ужо сама трошкі медык: услед за бядой давялося асвойваць спецыфічную лексіку.
У гэтым змаганні жанчына адчувае вялікую дапамогу з боку сваіх мужчын: сына і, канечне ж, мужа.
– Тата наш пуцеец, – з гонарам гаворыць Вікторыя Віктараўна, – але ж куды б яго шляхі-дарогі не занеслі, ніколі пра нас не забывае. Бывае, іншыя бацькі разгублены, не ведаюць, як нават падгузнік у руках трымаць, як дзіця пакарміць, спавіць, дык Жэня – зусім іншы. Па начах, надаралася, хутчэй за мяне да маленькіх спяшаўся. Каб была намінацыя “Найлепшы тата”, ён бы перамог абавязкова!
…Штодня, гаворачы словы прывітання нават малазнаёмаму сустрэчнаму, мы міжволі жадаем яму здароўя і з удзячнасцю прымаем пажаданні ў адказ. Бо разумеем: няма нічога больш каштоўнага за сваё здароўе.
Даражэй хіба толькі здароўе твайго дзіцяці.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: маленькая Даша з мамай, братам Данікам і татам.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro