Колькі трэба “Мегавольтаў”, каб загаснуў “Галівуд”?

Колькі трэба “Мегавольтаў”, каб загаснуў “Галівуд”?

Breyn-ring-4

4 сакавіка ў клубе ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” запомніцца тым, хто прысутнічаў у зале, а яшчэ больш тым, хто прысеў за сталы для гульні, жаркімі інтэлектуальнымі спаборніцтвамі. У той суботні вечар упершыню ў раёне праводзіліся гульні па “Брэйн-рынгу”.

Быў пярэдадзень Міжнароднага жаночага дня, таму й не дзіўна, што першыя словы ўдзячнасці з вуснаў вядучай Вольгі Гардзейчык атрымалі не гульцы, а прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Пэўным чынам інтэлектуальнае спаборніцтва было прымеркавана да гэтага, па-сапраўднаму веснавога свята, і каманды, якія ў асноўным складаліся з моцнай паловы, вельмі спрабавалі паказаць глыбіню ды разнастайнасць сваіх ведаў.

Першымі пазмагацца ў адборачным туры выйшлі каманда службы галоўнага электрыка “Мегавольты” пад кіраўніцтвам Аляксандра Кавальчука і зборная “Галівуд”, узначаленая Генадзем Адамчуком. Гэты інтэлектуальны бой атрымаўся па-сапраўднаму зацятым. Перамогу святкавалі электрыкі, якія літаральна вырвалі яе ў “Галівуда”.

Наступная адборачная гульня выдалася не менш гарачай. У ёй удзельнічалі каманды “Каламбур”, якую прадстаўлялі супрацоўнікі цэха кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі (капітан Андрэй Іванюковіч), і “5 зорак”, што пад кіраўніцтвам Аксаны Баравік прадстаўлялі заводаўпраўленне. Ад гульцоў спатрэбіліся немалыя намаганні, каб высветліць мацнейшага. На самым апошнім пытанні, якое вырашала, хто ўсё ж пройдзе ў фінал, каманда ўпраўленцаў даказала сваю “зорнасць”, вырваўшы перамогу з лікам 5 : 4.

А вось трэці адбор завяршыўся фіяска. Каманды жамерынасушыльнага аддзялення і грануляцыі “О!!!ЖОГ” і ЦЭЦ “Цеплавы ўдар”, не гледзячы на гучныя імёны, не здолелі праявіць сябе ў поўнай меры, паколькі, паводле правілаў “Брэйн-рынгу”, калі ніводная з каманд-саперніц не адказвае на тры пытанні запар, наступае вельмі непрыемны і балючы для самалюбства момант дыскваліфікацыі…

У фінале, дзе вырашалася, хто ж быў мацнейшым у інтэлектуальным плане, сышліся “Мегавольты”, “5 зорак” і “Каламбур”. Пераканаўчую перамогу ў той вечар святкавалі электрыкі. З задавальненнем называем іх імёны: Віталь Дранюк, Мікалай Алясюк, Аляксандр Міранюк, Яўген Дранюк і капітан каманды — Аляксандр Кавальчук. Другімі сталі прадстаўнікі КВПіА, на трэцім выніковым радку размясціліся “5 зорак”.

За спаборніцтвамі ўважліва назіралі прадстаўнікі падліковай камісіі і загадчык клуба Вольга Ірзун, а таксама ганаровыя госці: генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктар Міронаў, ягоны намеснік Аляксандр Еўтуховіч, кіраўнік прафсаюзнага камэтэта Ірына Якубук. Пасля заканчэння інтэлектуальных баталій Аляксандр Васільевіч і Ірына Канстанцінаўна з задавальненнем выканалі ўрачыстую місію: павіншавалі і ўзнагародзілі каманды за прадэманстраваныя веды, кемлівасць і спартыўны азарт.

Сапраўдным упрыгажэннем гэтага свята інтэлекту і сяброўскіх спаборніцтваў сталі выступленні мастацкіх аматарскіх калектываў і асобных выканаўцаў: ансамбляў “Цукарынка”, “Раздолле” і “Прысмакі”, Мікалая Новіка, Аляксандра Чарнушыча і Юрыя Фіцнера. Асабліва кранальным быў момант, калі салістка Галіна Міцковіч, выконваючы песню, прысвечаную жанчынам, паднесла букет цюльпанаў маці, якая знаходзілася ў зале.

Напрыканцы, дадамо ад сябе: прыемна, што ў адрозненні ад “сталічнага” “Брэйн-рынгу”, значная колькасць пытанняў тычылася айчыннай тэматыкі. Беларусам патрэбна ведаць як мага больш пра гісторыю і сучаснасць роднага краю.

Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымку: уганараванне пераможцаў першага турніру па “Брэй-рынгу” ў Жабінцы.

Фота аўтара. 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top