В Непокойчицах стало спокойно…

В Непокойчицах стало спокойно…

Маляўнічыя загібы старога рэчышча Мухаўца, густыя зараснікі на берагах, увесну і ўлетку мноства траў і кветак абапал дарогі, блізкія і дальнія пералескі — урочышча Непакойчыцы. Але нават той, хто апынецца тут упершыню і выпадкова, неўзабаве адчуе, што гэта не проста прыродны куток, а былое селішча. Старасвецкі сад, невысокі пагорак з ліпавай прасадай, рукатворныя равы і асабліва могілкі ў глыбіні агульнага запусцення нагадаюць яму пра гэта. Уразяць і ўзрушаць раскапаны склеп, даўнія і не вельмі даўнія яміны і ямкі, параскіданыя надмагіллі, дзе-нідзе людскія косткі… Убачыш такое — і па-новаму, глыбей, аж да містычнага напаўнення, успрымеш назву Непакойчыцы, або, як гістарычны варыянт, Неўпакойчычы:
І ёсць найменне — грэшнае і вешчае,
мацнейшае ад грому і дажджу.
Яно — як засцярога: найстрашнейшае,
калі хаваем з целам і душу.
Умярцвілі сваю душу тыя, хто раскопваў і рабаваў тут магілы, пакідаючы пасля сябе разруху, паганіў прах памерлых. Пры гэтым вандалізм чыніўся на фоне грамадскай абыякавасці, што ўсталявалася ў часы бязбожжа, бяспамяцтва, вульгарна-класавага падыходу да гісторыі. Першыя пісьмовыя звесткі пра Непакойчыцы датаваны 1546 годам, апошні гаспадар маёнтка з’ехаў за мяжу ў 1939-м. Які пласт мінуўшчыны ігнараваўся! Валодалі тутэйшымі і навакольнымі землямі Райскія (апошнія па часе), Непакойчыцкія, Галецкія, Здзітавецкія — паўтара дзясятка шляхетных радоў. Упарадкоўвалі цэнтральную сядзібу і вёскі, будавалі храмы і бальніцы, разбівалі сады і паркі, бераглі сямейныя клады… І ўсё гэта ад сярэдзіны мінулага стагоддзя да сённяшніх дзён занепадала, разбуралася, засмечвалася. Не выглядала ўрочышча нават на мясціну адпачынку!
У 1995 годзе ўздоўж Мухаўца, у тым ліку ва ўрочышчы Непакойчыцы, быў створаны аднайменны біялагічны заказнік. Але ж у заказніку работы абмежаваныя, ён на тое і ствараўся, каб быць некранутым, натуральным. А ці натуральная з’ява — знявечаныя людскія магілы?! Такое пытанне задаваў і сабе, і іншым новы галоўны інспектар раёна ў ахове навакольнага асяроддзя Сяргей Штык. Знайшоў падтрымку ў райвыканкаме, аднадумцаў — у ПМК-10, ЖКГ, на цукровым заводзе, у Пятровіцкім лясніцтве, у калектыве паляўнічых і рыбаловаў… І вось нарэшце 22 лістапада 2010 года. Дата стане для многіх памятнаю.
У гэты халодны і сыры дзень на ўпарадкаваных (наколькі дазволіла позняя восень) Непакойчыцкіх могілках адбылося перазахаванне рэшткаў памерлых. Айцец Сергій Петрусевіч, адслужыўшы памінальную паніхіду, звярнуўся да прысутных: “Мы з вамі выправілі памылку перад Богам. Дзякуй усім!” Дзякаваў сваім аднадумцам і Сяргей Штык. Праўда, павінаваціўся, што не ўстаноўлены пакуль што памятныя шыльды, у тым ліку з назвамі калектываў і імёнамі іх кіраўнікоў — удзельнікаў аднаўлення могілак. А ў спісе, акрамя пералічаных вышэй прадпрыемстваў і арганізацый, таксама землеўпарадкавальная і геадэзічная служба раёна, райсельгастэхніка, будаўнічае прадпрыемства “Жабінкасантэхбуд”, рэдакцыя газеты “Сельская праўда”, асабіста старшыня райвыканкама Мікалай Токар, старшыня абласнога камітэта аховы навакольнага асяроддзя Тамара Ялкоўская, святар Свята-Пакроўскай царквы Сергій Петрусевіч, дырэктар саўгаса “Жабінкаўскі” Іван Кужко, старшыня Жабінкаўскага сельвыканкама Галіна Акуліч, карэспандэнт “Вечернего Бреста” Антаніна Хакімава, дырэктар прадпрыемства “Рытуал-Сэрвіс” г.Жабінка Іван Лагун, гісторык і краязнавец Анатоль Бензярук. З цягам часу, магчыма, спіс папоўніцца, таму што мясціна патрабуе пастаяннага догляду.
Такім чынам, на шматпакутную непакойчыцкую зямлю прыйшоў спакой. Ці назаўсёды? Ці надоўга? Такімі пытаннямі задаваўся не толькі аўтар гэтых радкоў. Нездарма на шыльдачцы з указальнікам “Гістарычныя могілкі” ініцыятар і арганізатар высакароднай справы С.Штык не палічыў за лішняе змясціць просьбу-папярэджанне: “Не трэба прывозіць смецце ў наваколле, раскопваць зямлю. Тут засталася толькі памяць”. Напамін і для “чорных капальнікаў”, і для ўсіх нас.
А.КАСКО.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top