Арыенцір на даступную і якасную медыцыну

Арыенцір на даступную і якасную медыцыну


глав врачБадай, ніколі за ўвесь час свайго існавання сістэма аховы здароўя на Жабінкаўшчыне не перажывала столькі прыкметных зменаў да лепшага, як у апошні час: у медыцынскіх установах няспынна вядуцца рамонтныя работы, закупляецца найноўшае сучаснае абсталяванне, адчуваюцца якасныя перамены ў абслугоўванні як гарадскога, так і вясковага насельніцтва. Аб гэтых зменах, мінулагодніх выніках, надзённых пытаннях і планах на будучае гутарка з галоўным урачом Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Анатолем Лаўрукевічам.

– Анатоль Іванавіч, жабінкаўцы могуць атрымліваць як амбулаторна-паліклінічную дапамогу, так і стацыянарную. Колькі на сённяшні дзень затрачваецца бюджэтных сродкаў на такое лячэнне пацыентаў?
– Гэтую дапамогу насельніцтву аказваюць раённая паліклініка, пяць урачэбных амбулаторый і тры амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, дзевяць фельчарска-акушэрскіх пунктаў і здраўпункт цукровага завода. Стацыянарнае лячэнне жабінкаўцы атрымліваюць у цэнтральнай раённай бальніцы ў тэрапеўтычным, хірургічным, неўралагічным, гінекалагічным, дзіцячым і рэанімацыйным аддзяленнях, дзе функцыянуе 161 ложак-месца. На сённяшні дзень кошт аднаго дня знаходжання ў стацыянары вагаецца ад 235 тыс. рублёў у тэрапіі да 2 млн. 46 тыс. рублёў у рэанімацыі. У дзённым стацыянары лячэнне абыходзіцца ў 29,5 тыс. рублёў. Таму ставіцца задача і надалей павялічваць амбулаторна-паліклінічную дапамогу і скарачаць аб’ёмы значна даражэйшай стацыянарнай. У сувязі з гэтым будзе прадоўжана аптымізацыя ложкавага фонду стацыянара, летась было скарочана 15 ложка-месцаў, разам з тым адкрыты шэсць дадатковых ложкаў другой змены ў дзённым стацыянары.
– Наколькі забяспечаны раён медыцынскімі кадрамі?
– Укамплектаванасць устаноў аховы здароўя на Жабінкаўшчыне ўчастковымі тэрапеўтамі і ўрачамі агульнай практыкі складае на сённяшні дзень 93,8%. Усе пасады сярэдняга медперсаналу занятыя. Летась паводле размеркавання да нас прыбылі псіхіятр-нарколаг і два ўрачы агульнай практыкі ў Крыўлянскую і Ленінскую амбулаторыі. Са студзеня бягучага года акушэрска-гінекалагічная служба папоўнілася акушэрам-гінеколагам першай катэгорыі, што дазволіла палепшыць медыцынскую дапамогу ў жаночай кансультацыі. Анколаг, урач хуткай дапамогі і педыятр заканчваюць навучанне ў інтэрнатуры і прыйдуць у наш раён на працу са жніўня 2016 года.
– Якая работа вядзецца ў павышэнні кваліфікацыі медработнікаў?
– Самая актыўная. За 2015 год павысілі свае прафесійныя веды 45 работнікаў медустаноў, з іх 17 урачоў, у тым ліку адзін прайшоў перападрыхтоўку па анастэзіялогіі і рэанімацыі. Атэставанасць апошніх складае 85%, сярэдняга медперсаналу – 72,4%. З 52 урачоў тры маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 29 – першую, 20 – другую. Сярод 158 медработнікаў сярэдняга звяна ў 28 вышэйшая катэгорыя, 96 – першая, 34 – другая. Сёлета плануецца перавесці Хмелеўскую і Азяцкую амбулаторыі ў амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, для гэтага галоўныя спецыялісты пройдуць перападрыхтоўку ў сталіцы на працягу чатырох месяцаў. Гэта дазволіць палепшыць медыцынскую дапамогу ў дадзеных населеных пунктах. Апошнім часам вучоба кадраў адбываецца і з дапамогай відэаканферэнцый, якія праводзяць спецыялісты Брэсцкага абласнога кардыялагічнага дыспансера з удзелам вучоных-медыкаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Кардыялогія”.
– Якое новае медыцынскае абсталяванне набылі ў апошні час?
– Стаматалагічную ўстаноўку, манітор фетальны, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, манітор для назірання за рэанімацыйнымі пацыентамі, інгалятар кіслародны, апараты для фізіятэрапеўтычнага лячэння і многае іншае. Летась на набыццё медыцынскага абсталявання зрасходавана 400 млн. рублёў.
– Анатоль Іванавіч, жыхары Жабінкаўшчыны бачаць, як установы аховы здароўя раёна аднаўляюцца, прыгажэюць пасля рамонтаў. Раскажыце пра праведзеную ў гэтым накірунку работу і планы на будучае.
– Адрамантаваны Арэпіцкі, Падлескі і Залуззеўскі фельчарска-акушэрскія пункты, клініка-дыягнастычная лабараторыя, дзённы стацыянар, фізіятэрапеўтычнае аддзяленне, прыёмны пакой, пункт хуткай медыцынскай дапамогі і іншыя аддзяленні райбальніцы, на што выдаткоўваліся значныя сродкі з раённага бюджэту. Калі гаварыць пра мінулы год, то капітальныя рамонты не праводзіліся, а толькі бягучыя. Яны прайшлі ў будынку Маціевіцкага ФАПа, у працэдурным кабінеце Ракітніцкай амбулаторыі, ажыццявілі бягучы рамонт водаправодаў на ФАПах у Падлессі, Сцяпанках, Вялікіх Якаўчыцах.
ПУАП “Азяты” выдзеліла пад арэнду для Старасельскага ФАПа будынак. У выніку рамонтных работ, якія завяршыліся летась у снежні, дадзеную медустанову ўдалося перавесці са старога аварыйнага памяшкання ў новае. На абнаўленне будынка з раённага бюджэту было выдзелена дадаткова 815 млн. рублёў, закупілі сюды і новую мэблю. Адрамантавалі фасад Азяцкай амбулаторыі. Усяго на бягучыя рамонты ў 2015 годзе затрачана 888 млн. рублёў. Сёлета ў планах аднавіць Агароднікаўскі ФАП.
– А як спрацавала летась медыцынская галіна ў аказанні платных паслуг насельніцтву?
– План мы не выканалі, хоць колькасць платных паслуг была павялічана. У гэты пералік увайшлі некаторыя эндаскапічныя даследаванні, лабараторныя, што тычацца ранняга выяўлення пухлін; стацыянарныя пацыенты самі набываюць у нас прэпараты, што не ўваходзяць у бальнічны спіс лячэння. За кошт продажу такіх лекаў, якія, дарэчы, таннейшыя ў нас, чым у аптэках, плануем зарабіць сёлета каля 200 млн. рублёў. Таксама будзем пашыраць спектр платных паслуг, што тычацца перадрэйсавых і перадзменных медыцынскіх аглядаў для прыватных арганізацый. Плануем у два разы павялічыць наяўнасць пазабюджэтных сродкаў за кошт аказання дапамогі пацыентам, якія маюць сацыяльную страхоўку, да прыкладу, гэта работнікі камбікормавага і цукровага заводаў. І сёлета прадоўжым наша супрацоўніцтва з санаторыямі “Буг” і “Надзея” па УЗІ-дыягностыцы і лабараторных абследаваннях у раённай бальніцы адпачываючых грамадзян з Расіі. Дзякуючы такому ўзаемадзеянню мы выканалі летась план па экспарце медыцынскіх паслуг.
– Анатоль Іванавіч, як выконваюцца сацыяльныя стандарты і на якія праблемы звяртаць медыкам больш пільную ўвагу?
– Паводле вынікаў мінулага года ў раёне выкананы ўсе паказчыкі дзяржаўных сацыяльных стандартаў у медыцынскім абслугоўванні насельніцтва. Выдзеленыя сродкі ў рамках стандартаў – 1,8 млн. рублёў на аднаго жыхара – пакрылі асноўныя патрэбы медустаноў раёна. Летась дасягнута значнае зніжэнне смяротнасці насельніцтва працоўнага ўзросту – на 27,9%. Зменшылася смяротнасць ад анкалагічных захворванняў, інфаркта міякарда. Але разам з тым выявілася праблема ў прафілактыцы вострых парушэнняў мазгавога кровазвароту ў сувязі з ростам смяротнасці і інваліднасці ад дадзенай паталогіі, што і будзе адным з накірункаў работы медыкаў у гэтым годзе.
На жаль, застаецца вострай у раёне такая важная медыка-сацыяльная праблема, як алкагалізм. Колькасць пастаўленых на дыспансерны ўлік да ўрача-нарколага павялічылася і складае на сённяшні дзень 629 чалавек. Таму прадоўжыцца сумесная работа медустаноў з прадпрыемствамі і гаспадаркамі, грамадскімі арганізацыямі раёна па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ў пераадоленні п’янства і алкагалізму.
У студзені-лютым бягучага года медыкі раёна сутыкнуліся з эпідэміяй захворванняў на грып і ВРВІ, шмат было выяўлена пнеўманій. Аналіз паказаў, што многія хворыя не былі прышчэплены. Калі б яны гэта своечасова зрабілі, то колькасць захворванняў была б значна меншая і працякалі б яны лягчэй і без ускладненняў. Заклікаю жабінкаўцаў атрымліваць бясплатную вакцынацыю ад грыпу, якая праходзіць штогод у верасні-кастрычніку. А яшчэ хачу нагадаць пра паслугу, што існуе ў райбальніцы – магчымасць заказаць электронны талон на прыём да ўрача праз інтэрнэт. Для гэтага неабходна прад’явіць пашпарт у рэгістратуру раённай паліклінікі, каб атрымаць асабісты PIN-код. Пасля чаго на сайце
tutmed.by можна будзе заказаць талон.
У заключэнне хачу сказаць, што нашы арыенціры – даступнае і якаснае медыцынскае абслугоўванне, захаванне і ўмацаванне здароўя насельніцтва раёна.
– Дзякуй за размову.
Гутарыла Алёна НІКАНЧУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top