Майстры шырокага профілю

Майстры шырокага профілю

З надыходам вясны і цяпла хочацца скінуць з сябе пухавікі і шапкі, што ўжо парадкам надакучылі, і зазірнуць у цырульню, каб стварыць на галаве вясновы “шэдэўр”. Жадаеце стыльна пастрыгчыся або зрабіць завіўку, пафарбаваць валасы і кардынальна змяніць свой вобраз? Зазірніце ў цырульню Жабінкаўскага РКБА, якая месціцца ў Доме быту на вуліцы Кірава, 75.

Ветліва сустракае наведвальніц цырульнік Ірына Макарэвіч. Геаграфія ў біяграфіі гэтай жанчыны даволі шырокая. Нарадзілася і вучылася ў Мар’інай Горцы, што на Міншчыне. Пасля заканчэння 10 класаў паступіла ў Мінскі тэхналагічны тэхнікум, абрала спецыяльнасць “цырульнік-мадэльер”. А вось першыя крокі ў прафесіі давялося рабіць у Брэсце, дзе Ірына Аляксандраўна працавала майстрам вытворчага навучання ў вучылішчы бытавога абслугоўвання. Праз некаторы час выйшла замуж і перавялася ў Жабінку. Гэты маленькі райцэнтр і стаў канцавым пунктам жыццёвых вандровак па Беларусі. Тут Ірына Макарэвіч рэалізавала сябе як жонка, як матуля і як сапраўдны прафесіянал сваёй справы.

IMG_0059Ірына Аляксандраўна – майстар шырокага профілю. Апошнія восем месяцаў працуе ў цырульні РКБА. Па жаданні кліента зробіць стрыжку ці ўкладку, меліраванне або каларыраванне. Аднак больш за ўсё любіць “варажыць” над прычоскамі. Створаныя яе ўмелымі рукамі, яны літаральна мяняюць аблічча дзяўчыны або жанчыны, акрыляюць і дораць цудоўны настрой.
Штомесяц Ірына Макарэвіч выязджае ў аграгарадкі Азяты, Сцяпанкі і Хмелева, дзе яе з нецярпеннем чакаюць як пастаянныя кліенты, так і новыя. Прыходзяць пастрыгчыся і дарослыя, і дзеці – да кожнага трэба знайсці падыход, падабраць “ключык”. І ў Ірыны Аляксандраўны гэта выдатна атрымліваецца, сцвярджаюць задаволеныя яе работай жанчыны, што чакаюць сваёй чаргі на стрыжкі. Дарэчы, прыходзяць яны сюды не ўпершыню.
– Канкурэнцыя сярод жабінкаўскіх цырульнікаў высокая, – дзеліцца Ірына Макарэвіч. – Многія знаёмыя жанчыны стрыгуцца і робяць прычоскі ў розных месцах, каб параўнаць вынікі і знайсці нарэшце свайго майстра. Радуе, калі спыняюць свой выбар на мне.
Ірына Аляксандраўна пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства, праглядае ў інтэрнэце відэаўрокі па стварэнні разнастайных мудрагелістых прычосак, вывучае тэхналогіі новых стрыжак.
Па ўсім адчуваецца: гэтая прыгожая, абаяльная жанчына любіць сваю справу, праца цырульніка прыносіць ёй задавальненне.
Хачу дадаць, што кошты на паслугі ў цырульні РКБА даволі прымальныя. Працуе яна з 9 гадзін раніцы да паловы шостай вечара ўсе дні, акрамя нядзелі і панядзелка. Завітайце – не пашкадуеце.
А калі вам хочацца пашыць сукенку, якой не будзе больш ні ў адной сяброўкі, то вам на другі паверх Дома быту.
IMG_0068Тут рупяцца майстар швейнага атэлье, мэблевага цэха і цэха па пашыве коўдраў РКБА Святлана Авяр’янава, швачкі Алена Руткевіч, Валянціна Жукоўская, Валянціна Самайлюк, Зоя Андросенка і На-дзея Лах, а таксама закройшчыца Зоя Таўканіца.
Майстрыхі-ўмеліцы пастаянна занятыя справай: шыюць спецадзенне для прадпрыемстваў, вопратку на продаж, займаюцца яе рамонтам. Паслугамі атэлье карыстаюцца ПМК-10, ПМК-19, ДРБУ №103, жыллёва-камунальная гаспадарка, СТАА “Зодчыдрэў”, “Брэстбакалея”, раённая ветэрынарная лячэбніца.
– Шыем на продаж халаты, кашулі, штаны, – расказвае майстар швейнага атэлье Святлана Авяр’янава, – абрусы, сурвэткі для кафэ і бара цукровага завода. Пастаўляем адзенне для продажу на комплексныя прыёмныя пункты ў Хмелеве, Якаўчыцах, Крыўлянах, выязджаюць нашы машыны з прадукцыяй і ў Брэст. Людзі задаволеныя паслугамі атэлье, пастаянна хваляць работніц. Найчасцей звяртаюцца з просьбамі падкараціць штаны або спадніцу, ушыць “маланку”, паставіць латку. Ёсць і індывідуальныя заказы на пашыў адзення, але не так шмат, як хацелася б.
Ад сябе жадаю майстрам шырокага профілю РКБА больш заказаў, ад колькасці якіх залежыць памер іх заробку.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымках: цырульнік Ірына Макарэвіч за работай; майстар швейнага атэлье Святлана Авяр’янава, швачкі Валянціна Самайлюк, Надзея Лах і Валянціна Жукоўская.

Фота Ірыны ЖУК.

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top