“…І называў да смерці мамай”

“…І называў да смерці мамай”

maxresdefault69-гадовая чытачка з вёскі Сцяброва Ніна Васільеўна Крук даведалася пра конкурс, калі ляжала ў тэрапеўтычным аддзяленні. Перад гэтым расказала ў бальнічнай палаце адну жыццёвую гісторыю, што кранула да глыбіні душы слухачак, і яны прапанавалі неадкладна напісаць у газету, “каб і іншыя людзі прачыталі”.

Было тое ў сямідзясятыя гады. Працавала я культработнікам у доме для інвалідаў і пажылых людзей у вёсцы Вінаградаўка Хмяльніцкай вобласці. Сярод шматлікіх спраў даводзілася часам пісаць лісты родным ад імя старых непісьменных жанчын.
Аднойчы мяне папрасілі зайсці ў трэцюю палату да Фядоры Сіманенка, каб скласці пісьмо да яе сястры. Як звычайна, узяла паперу, ручку. У пакоі працавала радыё і перашкаджала мне сабрацца з думкамі, таму вырашыла прыглушыць гук. Ішла перадача з музычнымі віншаваннямі. Толькі пацягнулася да прыёмніка, як Фядора пачула знаёмае прозвішча і ёй раптоўна стала блага. Я кінулася за медсястрой, а Сіманенка папрасіла ўздагон: “Запомні час гэтай перадачы”.
Вядома, у той дзень было ўжо не да ліставанняў. А праз тыдзень мяне зноў паклікала Фядора і са слязьмі на вачах распавяла сваю гісторыю.
Непадалёку ад яе малой радзімы ў самым пачатку вайны спыніўся састаў, што рухаўся з Беларусі. Пачалася моцная бамбёжка, і людзі высыпалі з вагонаў, ратуючыся ад абстрэлу і варожай авіяцыі. Сярод іх была жанчына з хлопчыкам. Той бачыў, як сыпаліся з неба бомбы, пазней згадваў, што бег з матуляй па нейкім полі і апынуўся ў глыбокай яміне, адкуль не мог выбрацца, бо сілы пакінулі яго. Праз гады памятаў і жах, і слёзы, і адчайны свой крык… Ды ніхто не чуў яго. Спрабаваў вылезці – і ўсё дарэмна… Але ж Бог літасцівы, па полі бегла мясцовая дзяўчына і пачула крык дзіцяці. Выцягнула малога і ледзь не страціла прытомнасць, таму што ўбачыла разарванае выбухам цела яго маці. Хлопчык абхапіў рукамі сваю выратавальніцу, прасіў хоць крошку хлеба. Дзяўчына ўзяла яго на рукі і панесла ў блізкую вёску. Спрабавала даведацца, чыё гэта дзіцё, і ў сваёй, і ў суседніх вёсках, ды ніхто не ведаў. Гэтак і засталіся разам. Фядора, каб выжыць, наймалася на працу да розных гаспадароў, а хлопчык, якога яна называла Васем, тым часам заставаўся ў хаце і, як чуў на двары галасы немцаў, хаваўся пад ложак.
Мінула вайна. Аднойчы дзяўчына трапіла пад дождж і моцна захварэла. Рэўматызм скаваў суставы, і Фядора ўжо не магла працаваць, пачаліся блуканні па бальніцах. Суседзі аддалі яе выхаванца ў дзіцячы прытулак. Хутка і сама жанчына трапіла ў дом інвалідаў у Вінаградаўку. Доўга, але беспаспяхова шукала хлопчыка. Ды хутка пошукі давялося спыніць, бо хвароба прагрэсіравала і прывязала да інваліднага крэсла. А вельмі хацелася сустрэцца…
І вось раптоўна пачула дарагое ёй імя па радыё. Па просьбе жанчыны я напісала на радыёстанцыю. Неўзабаве атрымалі адказ. А ў ім – о радасць! – адрас часці, у якой служыў яе Вася – Васіль Фёдаравіч Сіманенка. (Яна дала яму не толькі сваё прозвішча, але й імя па бацьку, бо сапраўднае хлопчык не ведаў ці забыўся ад перажытага жаху).
Яны пачалі перапісвацца. І вось аднойчы сустрэліся.
Памятаю тое спатканне, нібыта было яно толькі ўчора. Я стаяла ля брамы, калі пад’ехала таксі. З яго выйшаў гожы ў форме мужчына з жонкай, дачкой і сынам. Спыталіся: “Ці тут жыве Сіманенка Фядора?” Я адказала: “Так”, – і кінулася сказаць, каб жанчыну падрыхтавалі да сустрэчы з сынам.
Яе вывезлі на калясцы на вуліцу, дзе ўжо сабраліся медсёстры, работнікі кухні, санітаркі. Я павяла гасцей, нас сустракалі дырэктар і сястра-гаспадыня. На вуліцы былі іншыя жанчыны ў калясках. Раптам пабег Васеў сын у марацкай форме (гэтак і Вася быў апрануты ў той ракавы дзень, калі страціў родную маму і набыў другую). Ад хвалявання Фядора страціла прытомнасць, і сын яе прыёмны падбег, пачаў цалаваць у рукі, ногі тыя хворыя, у кожны сустаўчык з крыкам: “Мама, не памірай! Мама, я так доўга цябе шукаў!” – і плакаў наўзрыд, і ўсе навокал не маглі стрымаць слёз…
Васева сям’я доўга гасцявала ў жанчыны, якую не называлі інакш як мама і бабуля. Дырэктар дазволіў пасяліцца ў асобным пакоі. Праз некалькі месяцаў Васіль Фёдаравіч забраў Фядору з сабою. На жаль, нямала дзяцей кідаюць нават сваіх родных бацькоў. А Вася гэтага не зрабіў. Ён быў удзячны той дзяўчынцы, што ўратавала яму жыццё і якую называў да смерці мамай.
Ніна КРУК, в. Сцяброва.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top