Калі камп’ютар – лепшы сябар

Калі камп’ютар – лепшы сябар

IMG_2043У ХХІ стагоддзі свет імкліва змяняецца і развіваецца. Яшчэ 20 гадоў назад камп’ютар лічыўся недапушчальнай раскошай, а сёння ніводнае прадпрыемства не абыходзіцца без сучасных тэхналогій. Камп’ютары дапамагаюць істотна паскорыць і лагічна арганізаваць любую працу. Тэхналогіі, хоць і імкнуцца развівацца ў бок выгады карыстальнікаў, часта тэхнічна складаныя ў працы і рамонце. Таму сёння незаменныя спецыялісты ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Пра спецыфіку сваёй нялёгкай працы расказаў вядучы інжынер-праграміст ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Віталь Ігнатовіч.

Сёння на прадпрыем-стве прыкладна 660 супрацоўнікаў, на якіх прыходзіцца 130 камп’ютараў. Усе гэтыя машыны і іншыя інфармацыйныя тэхналогіі абслугоўваюць трое сістэмных адміністратараў – узгаданы Віталь Ігнатовіч, а таксама Васіль Калыбскі і Валерый Прахаровіч. Успомніце, як часта розныя непрыемнасці здараюцца з вашым персанальным камп’ютарам. А зараз уявіце, колькі клопатаў дастаўляюць 130!
Аднак рамонт камп’ютараў – не ўся работа, якой займаюцца сістэмныя адміністратары завода. Самастойнага IT-аддзела на прадпрыемстве няма, а ёсць так званы “дапаможны кабінет”. І яго работнікі не проста сісадміны ці праграмісты, а ўніверсальныя спецыялісты. Яны і камп’ютар наладзяць, і прынтар адрамантуюць, і праграму напішуць. Апроч таго, хлопцы абслугоўваюць тэхніку не толькі на заводзе, але і ва ўсіх спецыялізаваных магазінах, размешчаных у раёне. А часам просьбы аб дапамозе паступаюць і ад менеджараў, якія рэалізуюць прадукцыю завода па ўсёй рэспубліцы.
Віталь Ігнатовіч расказвае, што працы ў IT-спецыялістаў на заводзе мала не бывае. Часам здараюцца і “чорныя дні”, калі адначасова адбываецца некалькі паломак. Але завод не можа прастойваць, усё павінна працаваць. Тады сістэмныя адміністратары затрымліваюцца дапазна, каб усё наладзіць. Аднак буйных катастроф, на шчасце, не здаралася. Штогод праводзіцца інвентарызацыя, пад час якой кожны камп’ютар правяраецца. Любую няспраўнасць адразу ж ліквідуюць.
Як адзначае Віталь Вітальевіч, новае абсталяванне паступае рэдка. Аднак нават з гэтай праблемай спецыялісты спраўляюцца. “Уваскрашаем памерлае жалеза”, – жартуе вядучы інжынер-праграміст. З частак старых няспраўных камп’ютараў збіраюцца новыя, цалкам прыдатныя для працы.
Вядома, карыстальнікі часта звяртаюцца да IT-спецыялістаў з просьбамі і пытаннямі. Не ўсім лёгка даецца работа з тэхнікай. Хлопцы да любых сітуацый, нават камічных, ставяцца без гумару ці іроніі, а з разуменнем і цярплівасцю. “Наша асноўная задача ў тым, каб спецыялісты розных аддзелаў былі задаволеныя”, – адзначае Віталь Вітальевіч. Праўда, не абыходзіцца і без асабістых просьбаў. Бывае як у анекдоце: ты ж праграміст, адрамантуй тэлефон. І фен. І электрычны чайнік. У такіх выпадках хлопцы раяць аднесці тэхніку да адпаведных спецыялістаў па рамонце.
Аднак адносіны з калектывам у сістэмных адміністратараў добрыя. Працаўнікі завода часта дзякуюць хлопцам за дапамогу. Напрыклад, калі тыя вяртаюць выпадкова выдаленыя важныя файлы. Праграмісты да сваёй працы ставяцца з аптымізмам. Калі за дзень атрымліваецца выправіць хоць невялічкую паломку, то ён прайшоў недарэмна.
Хрысціна МАСЛЕНІКАВА, студэнтка 5-га курса БрДУ імя А.С.Пушкіна (філалагічнага факультэта па спецыяльнасці “Журналістыка”).
На здымку: Віталь Ігнатовіч.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top