Пайшлі ў кіно!

Пайшлі ў кіно!

Адышоў у нябыт той час, калі ў касы кінатэатраў стаялі чэргі, а на прэм’ерныя паказы фільмаў гледачы куплялі білеты загадзя. Цяпер такога ажыятажу не назіраецца. Пацікавілася ў жабінкаўцаў, якія кінастужкі ім падабаюцца, дзе знаёмяцца з фільмамі-навінкамі, ці даўно былі ў “Юбілейным” і што трэба, каб колькасць гледачоў у кінатэатры не змяншалася.

IMG_9336Аляксей Юхімук, адзінаццацікласнік гарадскога ліцэя:
– Амаль кожную нядзелю мы з сябрамі наведваем наш кінатэатр. Ідзём вялікай кампаніяй, каб адразу заняць малую залу, якая разлічана на восем чалавек. Заказваем фільмы – і нашы густы задавальняюць. Перавагу аддаём страшылкам або камедыям вытворчасці ЗША ці Расіі. Кошт білетаў на кінасеансы прымальны. Здорава было б, калі б фільмы ў фармаце 3D мы маглі паглядзець і ў малой зале.
IMG_9343 копияВалянціна Рагуліна з унукам-першакласнікам Мікітам:
– Сама даўно ў кінатэатры не была, гляджу цікавыя фільмы і перадачы па тэлевізары, у мяне падключана “ZALA”, а вось унук ходзіць, іх часта водзяць усім класам на прагляд мультфільмаў.
Мікіта:
– З апошніх, які мне вельмі спадабаўся, – “Рэальная вавёрка”. Хацелася б, каб паказвалі нам і фантастычныя фільмы, такія, напрыклад, як “Зорныя войны”.
Анжаліка Дулевіч, паштальён гара-дскога аддзялення сувязі:IMG_9329
– Ужо і не памятаю, калі ў апошні раз была ў кіно, вельмі-вельмі даўно. Часу не стае: работа, хатнія клопаты, ды і жадання асаблівага няма. Актыўнымі наведвальнікамі “Юбілейнага” былі раней мае старэйшыя дзеці – Настасся і Ігар. З аднакласнікамі хадзілі на кіналекторыі, сачылі за прэм’ерамі. Як любой дзяўчыне, Насці падабаліся кінастужкі пра каханне, меладрамы, Ігару – прыгодніцкія фільмы, фантастыка. Цяпер любы фільм можна знайсці ў інтэрнэце, шмат розных каналаў прапануюць кабельнае і інтэрактыўнае тэлебачанне, у многіх устаноўлены спадарожнікавыя антэны. Таму, калі з’яўляецца вольная хвіліна, перавагу аддаём хатнім праглядам.
IMG_9333Марыя Іванюк, работнік Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:
– Апошні раз у нашым кінатэатры была тры гады таму на Дзень Перамогі, глядзела фільм Сяргея Бандарчука “Лёс чалавека”. Падабаюцца ваенныя кінастужкі, яны кранаюць да глыбіні душы, пакідаюць свой асаблівы след. Такія трэба часцей дэманстраваць. Толькі ніводзін фільм не заменіць мне цікавую кнігу. Вельмі люблю чытаць, маю багатую хатнюю бібліятэку. Нядаўна перачытала “Вайну і мір” Талстога. Любоў да кнігі прывіваю і сваёй унучцы – чацвёртакласніцы Уладзе. Разам ходзім у бібліятэку, радуе, што і яна таксама праводзіць вольны час з цікавымі творамі, а не з тэлевізарам і камп’ютарам, як многія яе аднагодкі.
Вікторыя Кавальчук з сынам Мікітам, Карына Макасюк з сынам Давідам:
IMG_9347Вікторыя:
– У “Юбілейным” ні разу не была. Я не мясцовая. Родам з Тамашоўкі, не так даўно стала жабінкаўскай нявесткай. Пры магчымасці фільмы-навінкі ездзім глядзець з мужам у абласны цэнтр у кінатэатр “Беларусь”. Падрасце Мікітка, і будзем хадзіць з ім у “Юбілейны” на мультфільмы – усё наперадзе.
Карына:
– Памятаю першы фільм, які паглядзела ў нашым кінатэатры – гэта быў “Уладар кольцаў”. Пакінуў незабыўныя ўражанні, мне тады было гадоў 13-14. У кіно заўсёды хадзіла з сябрамі, аднакласнікамі, любілі камедыі, фантастыку. Цяпер іншыя клопаты – гадую сыночка Давіда. Раю супрацоўнікам кінатэатра стварыць у інтэрнэце групу, каб знаёміцца з анонсамі кінастужак, мерапрыемстваў, сустрэч. Каб кожны наведвальнік гэтай старонкі мог выказаць свае прапановы і пажаданні наконт кінарэпертуара, абслугоўвання і г. д., пазнаёміцца з меркаваннямі іншых. Калі гэта ажыццявіць, а яшчэ закупіць і новае абсталяванне для дэманстрацыі фільмаў, замяніць мэблю, зрабіць сучасны рамонт, адным словам, стварыць для гледачоў утульнасць і камфорт, то, мяркую, наведвальнікаў у “Юбілейнага” стане больш. Трэба ісці ў нагу з часам.
Апытвала Алёна НІКАНЧУК.
Фатаграфавала Ірына ЖУК.

 

Заўсёды рады бачыць сваіх гледачоў

IMG_0781Дырэктар Жабінкаўскай раённай кінавідэасеткі Валерый Канстанцінавіч Зубік аб выніках мінулага года, надзённых праблемах і планах на будучае.

– Летась раённая кінавідэасетка абслужыла 31 з паловай тысячу гледачоў, у выніку відэадэманстрацыі зарабілі больш за 125 мільёнаў рублёў. План у аказанні платных паслуг выканалі на 100%, у абслугоўванні гледачоў – на 101,7%.
Каб прыцягнуць наведвальнікаў, нам патрэбна новае сучаснае абсталяванне для дэманстрацыі фільмаў, якое каштуе на сённяшні дзень каля аднаго мільярда рублёў. Гэтая сума вельмі значная для бюджэту Жабінкаўшчыны. Але, для прыкладу, яго маюць кінавідэасеткі Пінска, Баранавічаў, Бярозы, Кобрына, сёлета яно з’явіцца і ў Лунінцы. З яго паяўленнем значна ўзрасла колькасць гледачоў у кінатэатрах названых раёнаў. Раней, маючы аднолькавае абсталяванне, мы, напрыклад, з Бярозаўскім і Кобрынскім раёнамі знаходзіліся на адным узроўні ў выкананні платных паслуг, хаця ў іх большая колькасць насельніцтва. Цяпер жа, з новай тэхнікай, яны ў лідарах.
Фільмы-навінкі, якія дэманструюцца ў абласным цэнтры, не адразу трапляюць да нас у раён, а праз 3-4 месяцы. Пакуль дойдуць у Жабінку – састарэюць, за гэты час усе ўжо даўно паглядзяць іх у інтэрнэце або з’ездзяць у Брэст. З Лунінца і Пінска наўрад ці хто паедзе туды на кінапрэм’еру, для нас жа адлегласць – не праблема. Новае абсталяванне дасць магчымасць ажыццяўляць прэм’ерныя паказы фільмаў адначасова з абласным цэнтрам.
Разумею, што ўтульнасць і камфорт для наведвальнікаў таксама важныя фактары, патрэбна новая мэбля для “Юбілейнага” – зноў жа ўсё ўпіраецца ў сродкі. Напрыклад, бярозаўскія гледачы проста адпачываюць на кінасеансах, седзячы на мяккіх канапах і крэслах, чаго не скажаш пра нашы ўмовы.
Праблем хапае, іх патрэбна вырашаць, не адкладваць надоўга, каб не губляць сваіх гледачоў.
У цесным кантакце працуем з установамі адукацыі Жабінкаўшчыны. Праводзім для навучэнцаў кіналекторыі, запрашаем іх да сябе ў кінатэатр, часта выязджаем у школы і дзіцячыя сады раёна самі. Пад час работы школьных аздараўленчых лагераў яго наведвальнікі – нашы частыя госці. На прагляд фільмаў фармату 3D прыязджаюць вучні сельскіх школ.
Некаторыя кінастужкі на бясплатнай аснове мы дэманструем для гледачоў у Дзень Перамогі, у Дзень абаронцаў Айчыны, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, напярэдадні 8 Сакавіка, іншых святаў. Гэта традыцыя застанецца і надалей, а яшчэ будзем імкнуцца ўлічваць густы і пажаданні нашых наведвальнікаў, разнастайваць кіна-рэпертуар, як мага хутчэй дастаўляць фільмы-навінкі, арганізоўваць цікавыя сустрэчы.
Кінатэатр “Юбілейны” заўсёды рады бачыць сваіх гледачоў. Мы запрашаем на прагляд фільмаў як у фармаце 2D, так і 3D. Вялікая зала налічвае 186 месцаў, малая – 8. Магчымы прагляд кінастужак і мультыплікацыйных фільмаў на заказ. Дзённыя кінасеансы дэманструюцца на працягу тыдня з 9.00 да 17.00, вячэрнія – у чацвер і суботу з 17.00 да 21.00, у пятніцу і нядзелю з 17.00 да 23.00. Кошт білетаў на фільмы фармату 2D: дарослы – 15 000 рублёў, дзіцячы – 5 000 рублёў; 3D: дарослы – 20 000 рублёў, дзіцячы – 15 000 рублёў. Білеты на вячэрнія прагляды і ў вялікую, і ў малую залы каштуюць 15 000 рублёў.
Дзверы нашага кінатэатра адчынены для ўсіх, хто хоча дакрануцца да дзівоснага свету кіно. Прыходзьце, чакаем вас!
Запісала Алёна НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top