“Жабінка годная стаць культурнай сталіцай Беларусі!”

“Жабінка годная стаць культурнай сталіцай Беларусі!”

DSCN1022

17 сакавіка ў Брэсце трыумфам завяршылася выступленне навучэнцаў Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната на ХІ Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”.
Словы, вынесеныя ў загаловак, належаць начальніку ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрыю Мікалаевічу Прасмыцкаму. Іх сваім бліскучым удзелам у прэстыжным фестывалі цалкам пацвердзілі жабінкаўцы, якія хоць і маюць праблемы са зрокам, аднак узроўнем сваіх талентаў не саступаюць відушчым.
– Ужо пад час адбору, які праходзіў у лютым паміж 32 інтэрнатамі і цэнтрамі карэкцыйнага развіцця і рэабілітацыі Брэстчыны, – расказваў дырэктар Жабінкаўскай школы-інтэрната Аляксандр Андрэевіч Кавальчук, – мы занялі першае месца ў сваёй зоне, таму мелі магчымасць паказаць на гала-канцэрце восем нумароў (больш, чым які іншы занальны пераможца). Акрамя таго, пад кіраўніцтвам настаўнікаў працы Валянціны Рыгораўны Хітрынцавай і Уладзіміра Васільевіча Амельчука была прадстаўлена разнастайная выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Але ж поспех на абласным узроўні, вядома, не гарантаваў перамогі ў фінале. Дзеля яе патрабавалася шмат працы ад педагогаў і, канечне ж, дзяцей. Яны малайцы. Усім ра-зам і кожнаму асобна: брава!
Гэты вокліч, а таксама гарачыя апладысменты суправаджалі ўвесь двухгадзінны канцэрт у перапоўненай мелодыямі і эмоцыямі зале Брэсцкага абласнога цэнтра моладзевай творчасці. Больш як сорак разнастайных нумароў, вылучаных на суд журы, былі настолькі цудоўна падрыхтаваныя, што міжволі забывалася: перад табой юныя артысты, якія маюць праблемы са здароўем. Як інакш, калі не з захапленнем, успрымаць танцы дзяцей, што не чуюць музыку, або спевы тых, хто не бачыць? І пры гэтым выкананне ў многіх амаль бездакорнае!
Літаральна кожны нумар у выкананні жабінкаўцаў выклікаў сапраўдную буру авацый. Гучалі розныя мовы. Нават тыя, што не зразумелыя для непадрыхтаванага. Вось на сцэне ансамбль хлопчыкаў і дзяўчынак, якім дапамагла авалодаць замежнай мовай настаўніца Аксана Мікалаеўна Уласюк. “Мае рукі ўмеюць размаўляць”, – спяваюць яны на нямецкай і – на мове жэстаў. І кожны разумее нават без перакладу: сапраўды рукі… гавораць з табой. Трэба было бачыць, як хвалявалася зала, калі за раяль разам з настаўніцай Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Святланай Валянцінаўнай Антановіч сядала Вераніка Анташок. А затым загучалі гукі інструмента і чысценькі спеў невідушчай дзяўчынкі, названы “Старая лялька”. Альбо выкананне песні “Гэты вечны механізм” Насцяй Радчук, пастэрнакаўскага верша “Навучы мяне жыць”, прачытаны дзесяцікласнікам Яўгенам Гараднічуком, ці рэп-кампазіцыя “Тысяча прычын”, створаная гэтым юнаком сумесна з Міхаілам Супрунчыкам у гонар Жабінкі.
Багатую творчую палітру навучэнцаў школы-інтэрната падкрэслівала выступленне хору (дарэчы, жабінкаўцы былі адзінымі, якія здолелі выступіць не дуэтам ці квартэтам, а цэлым хорам з 30 чалавек).
Прыемным падарункам для журы і ўсёй вялікай залы стала выкананне кампазіцыі “Бэль”. Сваю версію знакамітай песні з мюзікла “Нотр-Дам дэ Пары” прадставілі 10-класнік Павел Галавач, выкладчыкі Андрэй Ляўковіч і Эдуард Пішчык.
Нават калі сцішыліся апошнія акорды гала-канцэрта, яшчэ грамчэй загучалі воплескі ў далоні. Пакуль рэспубліканскае журы падводзіла канчатковыя вынікі, узнагароды ўпраўлення адукацыі аблвыканкама з рук яго начальніка Юрыя Прасмыцкага жабінкаўцы атрымалі за выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, персанальныя (для Веранікі і Яўгена) і агульную – хору, што стаў пераможцам у намінацыі “Лепшы музычны калектыў”. Усім без выключэння ўдзельнікам фестывалю ўручылі падарункі ад арганізатараў, спонсараў, у тым ліку Беларускага дзіцячага фонду.
Канечне ж, усіх цікавіла, каго рэспубліканскае журы назаве пераможцам ХІ Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”?
Пакуль сталічныя госці раіліся, зала з нецярпеннем чакала. Нарэшце старшыня журы – начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат педагагічных навук Антаніна Міхайлаўна Змушко – выйшла да мікрафона, каб абвясціць вынікі.
Музычны кіраўнік Эдуард Мікалаевіч Пішчык, што падрыхтаваў многія нумары, з якімі выступалі юныя жабінкаўскія артысты, па выніках фестывалю прызнаны лепшым у сваёй намінацыі, за што атрымаў грамату пераможцы. Такая ж узнагарода і ў Яўгена Гараднічука.
Аднак галоўная інтрыга захоўваецца: усе чакаюць, якая школа стане пераможцай творчага спаборніцтва.
Радасці і авацыям не было мяжы, калі Антаніна Міхайлаўна агучыла: Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат. Далучаемся да віншаванняў і зычым навучэнцам і педагогам, каб сённяшні першы поспех паўтарыўся на наступным фестывалі.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку:  выступае хор Жабінкаўскай школы-інтэрната.
Фота Хрысціны АНДРАСЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top