«Каб пенсійная сістэма працавала на карысць людзей»

«Каб пенсійная сістэма працавала на карысць людзей»

211820-09

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць справядлівым, калі павышэнне пенсійнага ўзросту закране ўсіх. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе, прысвечанай абмеркаванню пытанняў развіцця пенсійнай сістэмы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што знаходзіцца паміж двума меркаваннямі: прапановамі ўрада па павышэнні пенсійнага ўзросту, заснаванымі на эканоміцы, і думкай народа – з іншага боку.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што людзі актыўна абмяркоўваюць гэту злабадзённую тэму. Пры гэтым галоўны пасыл – усе хочуць, каб пенсіі павышаліся і забяспечвалі нармальны ўзровень жыцця, а вось якім чынам дасягнуць гэтага, тут меркаванні часта разыходзяцца.
Таксама Прэзідэнт лічыць, што ў пытанні павышэння пенсійнага ўзросту трэба ісці ад жыцця, улічваючы рэальныя працэсы ў дэмаграфічнай абстаноўцы і не пагаршаючы матэрыяльнае становішча.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго здзіўляе ў сацыялагічных даследаваннях, што працуючая частка насельніцтва нармальна ўспрымае павышэнне пенсійнага ўзросту, а не падтрымліваюць гэту меру пенсіянеры. «І я зразумеў, што ў нас ідэолагі і ўрад проста недапрацоўваюць. Пенсіянерам трэба растлумачыць: не дай бог, мы паўстанем перад фактам, што нам давядзецца паніжаць пенсію! – адзначыў Прэзідэнт. – Вось гэтага нельга дапусціць. Таму што ў нашых пенсіянераў і так пенсіі невялікія. І скарачаць іх ні ў якім разе нельга». Ён дадаў, што, калі абмяркоўвалася гэта пытанне з Прэзідэнтам Расіі, Уладзімір Пуцін адзначыў: «Нават у Расіі праглядаецца ўжо сітуацыя, што калі захоўваць пенсійны ўзрост на цяперашнім узроўні, а ў пенсійны фонд няма дастатковых паступленняў, то давядзецца паніжаць пенсію, таму што грошай не хапае, каб раздаць пенсіянерам».
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў выпадку павышэння пенсійнага ўзросту гэты працэс будзе хутчэй за ўсё паэтапным, каб насельніцтва адаптавалася.

Пенсійны ўзрост павышаць паэтапна

Як расказала журналістам па выніках нарады міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, канчатковае рашэнне па гэтым пытанні будзе прынята пасля шырокага абмеркавання. Міністр адзначыла, што будучае пяцігоддзе будзе даволі жорсткім у дэмаграфічным плане, паколькі ў пенсійны ўзрост уваходзіць вялікая колькасць асоб, пры гэтым вельмі мала тых, хто дасягае працаздольнага ўзросту. Паводле яе слоў, калі ў 2001 годзе суадносіны пенсіі і заработнай платы складалі 45 працэнтаў, то ў 2015 годзе было ўжо 41,7 працэнта. «Наша нацыянальная бяспека не дапускае сітуацыі, пры якой гэтыя суадносіны апусціліся б ніжэй за 40 працэнтаў. Добра б, каб павялічыліся», – сказала міністр.

Размова ішла і аб тым, што дэмаграфічныя працэсы, што назіраюцца ва ўсім свеце, датычацца і Беларусі. Пенсійны ўзрост павышаюць ва ўсіх краінах Еўропы.
Пенсійны з улікам чаканай працягласці жыцця, развіцця эканомікі, іншых фактараў узрост у 55 гадоў для жанчын і ў 60 гадоў для мужчын на постсавецкай прасторы захаваўся толькі ў Беларусі, Расіі і Узбекістане.
«Але сярэдні памер пенсіі павінен расці, а для гэтага неабходна вытрымліваць суадносіны паміж працаздольнымі і непрацаздольнымі грамадзянамі», – адзначыла Мар’яна Шчоткіна.
У Беларусі дзейнічае трохузроўневая пенсійная сістэма. У краіне існуе выплата датэрміновых пенсій, прафесійнае пенсійнае страхаванне. У многіх дзяржавах яны адменены.
Шмат увагі на нарадзе ўдзялялася развіццю добраахвотнага пенсійнага страхавання.

Тры варыянты павышэння пенсійнага ўзросту

Першы прадугледжвае выхад на пенсію жанчын у 60 гадоў і мужчын у 65. Мар’яна Шчоткіна адзначыла, што гэта самы эканамічна прымальны варыянт, паколькі дае добрыя паказчыкі. Пры гэтым яна падкрэсліла, што неабходна ўлічваць не толькі вопыт многіх краін свету ў вырашэнні гэтага пытання, але і працягласць жыцця, узровень стану здароўя, а таксама спецыфіку жыцця ў гарадской і сельскай мясцовасці.
«Таму, прааналізаваўшы дэмаграфічныя працэсы, прапанаваны варыянт выхаду на пенсію жанчын у 60 гадоў, мужчын – у 63 гады. Тут за аснову бралася перш за ўсё тое, што сёння сярэдняя працягласць жыцця жанчын складае 78,4 года, а атрыманне пенсіі – больш як 20 гадоў пасля выхаду на пенсію, – адзначыла міністр. – Нядаўна гаварылася аб тым, што гендарная роўнасць павінна ўлічвацца і ў дасягненні пенсійнага ўзросту».
«Але ўзнікае пытанне: ці можам мы сёння не ўзяць пад увагу сацыяльны аспект, нагрузку на жанчын? Ці павінна быць розніца паміж выхадам на пенсію ў мужчын і жанчын? Якая нагрузка на жанчын у дамашняй гаспадарцы? Ці дасягнулі мы сёння таго ўзроўню гендарнай роўнасці?» – прадоўжыла Мар’яна Шчоткіна.
Зыходзячы з гэтага, трэці варыянт прадугледжвае ўвядзенне пенсійнага ўзросту з 58 гадоў для жанчын і з 63 – для мужчын.
Што датычыцца тэмпу, з якім плануецца павялічваць пенсійны ўзрост, то найбольш аптымальным з’яўляецца з крокам паўгода. «Мы ўжо ўпусцілі момант, калі можна было рухацца па адным або па тры месяцы. Калі мы хочам захаваць стабільнасць у дзяржаве, то сёння самы невялікі тэмп, які мы можам сабе дазволіць, – гэта 6 месяцаў. Ёсць і іншыя прапановы: 8 месяцаў, 1 год. Але 1 год – гэта вельмі жорсткі варыянт», – сказала міністр.
Яна таксама звярнула ўвагу, што не трэба выпускаць з-пад увагі і развіццё рынку працы. «Калі мы сёння затрымліваем пенсіянераў на рынку, то адпаведна павінны стварацца новыя рабочыя месцы, таму што ў нас ёсць выпускнікі ВНУ, моладзь, якія павінны мець гарантыю на першае рабочае месца», – падкрэсліла міністр.
Канчатковае рашэнне па пытанні павышэння пенсійнага ўзросту будзе прынята пасля шырокага абмеркавання.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што абавязкова павінна быць улічана меркаванне грамадства, вельмі важна зваротная сувязь з боку людзей. Толькі пасля гэтага будзе прымацца канчатковае рашэнне.
Кіраўнік дзяржавы мае намер у хуткім часе правесці яшчэ адну нараду, прысвечаную гэтаму пытанню, на якой будзе прынята канчатковае рашэнне.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top